Што запланавалі — будзе зроблена

Што запланавалі — будзе зроблена

IMG_0030 IMG_0033 IMG_0035

Лета і ў прамым, і ў пераносным сэнсе — гарачая пара для тых, хто шчыруе, каб належным чынам установы адукацыі сустрэлі вучняў і выхаванцаў, калі першавераснёўскі званок зноў пакліча іх за парты і ў дзіцячыя сады.
Як рыхтуюцца ў раёне да новага навучальнага года, ішла размова з начальнікам матэрыяльна-гаспадарчай групы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А.Л.Спіцыным.
Аляксей Леанідавіч мае сярэднюю спецыяльную адукацыю па спецыяльнасці “інжынер-механік”, працягвае вучобу ў Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэце. Гэты летні адказны сезон на пасадзе кіраўніка для яго першы. Хоць вопыту яму ўжо не займаць, паколькі працуе ў гаспадарчай групе трэці год. А сённяшнія работы ў аднаўленні ўстаноў адукацыі, на думку суразмоўцы, не адрозніваюцца ад мінулагодніх, што і дазваляе сцвярджаць: “Тое, што запланавалі, абавязкова выканаем, бо разумеем, наколькі важна, каб дзеці 1 верасня ўвайшлі ва ўтульныя адрамантаваныя памяшканні, дзе ў іх павінен быць толькі адзін клопат — атрымліваць добрыя і выдатныя адзнакі”.
Вядома, без належнага фінансавання нельга правесці запланаваныя работы. Як даводзіць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Г.С.Бурко, ва ўсім маецца паразуменне з кіраўніцтвам раёна. Таму на аднаўленне ўстаноў сістэмы адукацыі Жабінкаўшчыны з мясцовага бюджэту сёлета выдаткавана 1 мільярд 335 мільёнаў рублёў. Гэта дазваляе ва ўсіх без выключэння ўстановах паспяхова весці рамонтныя работы, якія дзень пры дні набіраюць тэмп. Вялікую падтрымку аказваюць таксама прадпрыемствы горада — найперш камбікормавы і цукровы заводы, ПМК-10 і ПМК-19. Дзеля аднаўлення ўстаноў адукацыі прыцягваецца і спонсарская дапамога, прынамсі, выдаткоўваюцца будаўнічыя матэрыялы, за здадзены металалом паступаюць грошы, патрэбныя для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы.
Найбольш прыкметныя змены чакаюць першую гарадскую і Ракітніцкую сярэднія агульнаадукацыйныя школы, Ленінскі і Ракітніцкі дзіцячыя сады.
Асноўныя работы тычацца замены аконных блокаў. Устаноўку вокнаў праводзяць брэсцкія і кобрынскія фірмы, шчыруюць і працаўнікі мясцовай арганізацыі, што працуе на гаспадарчай аснове пад кіраўніцтвам Сяргея Рудніцкага.
— Калі гэтыя справы завершацца, адбудзецца паляпшэнне не толькі вонкавага выгляду памяшканняў, — запэўніў А.Л.Спіцын. — Гэта дазволіць (што надзвычай немалаважна) мець таксама эканомію цеплавой энергіі. Час нас экзаменуе, прымушае абагачаць навучальны працэс найноўшымі сродкамі адукацыі і выхавання.
Вядома, школы Жабінкаўшчыны не стаяць у баку ад хуткасных зменаў. Менавіта таму некалькі гадоў назад электронныя сродкі масава прыйшлі ў СШ №1 г.Жабінка. Зараз на чарзе другая гарадская школа, дзе рамантуецца кабінет фізікі, які неўзабаве будзе абсталяваны сучаснымі тэхнічнымі навінкамі.
Касметычныя абнаўлені, як і ў ранейшыя гады, праводзяцца работнікамі ўстаноў, бацькамі, сіламі саміх вучняў. Дзеля гэтага ў першай і другой гарадскіх школах, у Ленінскай СШ на базе лагераў працы і адпачынку створаны вучнёўскія брыгады.
— Пакуль ёсць час, стараемся ўсё давесці да ладу, — дадае начальнік гаспадарчай групы. — Так, для падвозу навучэнцаў і выхаванцаў у аддзеле адукацыі, спорту і турызму існуе 13 адзінак аўтатранспарту. Зараз яны праходзяць тэхнічную падрыхтоўку, якую ажыццяўляюць спецыялісты Жабінкаўскай сельгастэхнікі.
Час, сапраўды, немажліва марнаваць. Да сярэдзіны жніўня, калі раённая камісія, узначаленая намеснікам старшыні райвыканкама А.В.Шалтанюком, агледзіць школы, дзіцячыя сады і вынесе свой вердыкт аб падрыхтоўцы іх да новага навучальнага года, застаецца менш за месяц.
Анатоль РОСТАЎ.
На здымках: уборшчыкі службовых памяшканняў Л.І.Васіленка, Н.І.Юрчук і Н.В.Сокал рамантуюць спартыўную залу ў першай гарадской школе.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top