Эфектыўна працаваць ва ўсіх сферах

Эфектыўна працаваць ва ўсіх сферах

на исполкоме4
24 ліпеня адбылося сумеснае пасяджэнне райвыканкама і рэгіянальнага сходу дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў ХХVII склікання і прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання. У ім прынялі ўдзел і выступілі старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў ад Жабінкаўскай выбарчай акругі №30 С.Д.Ашмянцаў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Белавежскай выбарчай акругі №8 У.І.Пузырэўскі, і начальнік аддзела прадпрымальніцтва камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама А.С.Малыха.
Напачатку былі разгледжаны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Жабінкаўскага раёна ў першым паўгоддзі і задачы па выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2015 год. З дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук. Ён адзначыў:
— У цэлым за паўгоддзе 2015 года вынікі работы эканомікі некалькі лепшыя, чым у 1-ым квартале. Выкананы два з шасці прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця: па энергазберажэнні і па экспарце тавараў на прадпрыемствах мясцовай і пазаведамаснай падпарадкаванасці. З 8 даведзеных на бягучы год заданняў справіліся з 7: па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, па вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, уводзе жылля, падрадных работах, стварэнні новых мікра- і малых арганізацый і новых рабочых месцаў, запасах гатовай прадукцыі. Невыкананым засталося толькі даведзенае заданне па рознічнаму тавараабароту.
Прамысловымі прадпрыемствамі раёна забяспечаны тэмп росту ў дзеючых цэнах 113,4%. Індэкс фізічнага аб’ёма ў супастаўных цэнах склаў 106,7% пры прагнозным 104%.
Цукровы завод выпусціў 56 тысяч 918 тон белага цукру, што на 3 тысячы 105 тон больш, чым у 2014 годзе. На 1 тыс. 673 тоны знізілася вытворчасць цукру з сырцу і павялічылася на 4 тыс. 778 т з буракоў.
Доля ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” у аб’ёме прамысловай вытворчасці за паўгоддзе складае 31,2%. За шэсць месяцаў было выраблена 60,9 тыс. тон (летась за аналагічны перыяд —63,1 тыс. т). Паводле папярэдніх ацэнак завод не выканае прагнозны паказчык з-за адсутнасці ўласных абаротных сродкаў.
У складаным фінансава-эканамічным становішчы знаходзіцца ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”. Вытворчасць брыкетаў скарочана на 37,3%. Нізкі попыт на гэты від паліва абумоўлены газіфікацыяй населеных пунктаў.
За студзень-чэрвень у раёне 6 стратных прадпрыемстваў (летась за аналагічны перыяд — 3): СВК “Арэпічы”, філіял “Рыбгас “Сакалова” ААТ “Палессегіправодгас”, ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, ААТ “Торфабрыкетны завод “Гатча-Осаўскі”, ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”.
Больш-менш станоўчая сітуацыя ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна. Яны забяспечылі тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі на 105,1% пры заданні 102,5%. Калі аб’ёмы вытворчасці малака знізіліся толькі ў ААТ “Ракітніца”, то мяса — у СВК “Шпіталі”, “Маціевічы”, “Вазнясенскі” і “Рагазнянскі”, ПУАП “Азяты”. Растуць аб’ёмы вытворчасці прадукцыі — значыць, будзе і выручка ад яе. За студзень-май яны выраслі на 110,4%, атрымана 16,1 млрд. руб. прыбытку.
Няпростай застаецца сітуацыя ў раёне з працаўладкаваннем. Большасць беспрацоўных у параўнанні з пачаткам года павялічылася ў 1,7 раза. На адну вакансію прэтэндуе 3,4 беспрацоўных.
З пачатку года на Жабінкаўшчыне ўведзена 10775 кв. м агульнай плошчы жылля, што складае 107,8% ад гадавога задання. Пабудаваны ў райцэнтры шматкватэрны дом па дзяржзаказу плошчай 2386 кв. м. Аб’ём падрадных работ за студзень-чэрвень 2015 года ў арганізацыях раёна склаў 60958 млн. руб., што да адпаведнага перыяду 2014 года ў супастаўных цэнах 121%.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў С.В.Мартысюк расказваў аб рабоце мясцовых Саветаў дэпутатаў ХХVII склікання ў вырашэнні пытанняў жыццязабеспячэння грамадзян.
Ён сказаў:
— У жыццязабеспячэнні насельніцтва на першы план выходзяць такія пытанні, як стан дарог і вуліц, развіццё транспартнай сеткі, будаўніцтва жылля, газіфікацыя, гандаль, бытавое абслугоўванне, ахова здароўя.
Абслугоўванне дарог. На балансе Жабінкаўскага ДРБУ-103 знаходзіцца 320 кіламетраў мясцовых дарог (з якіх 153,7 — асфальтабетонныя) і 96,7 км вясковых вуліц. Названая арганізацыя аператыўна спраўляецца з капітальным і бягучым рамонтам дарожнага палатна. У першым паўгоддзі выкананы рамонт вуліц Рабочая ў Падлессі, Паркавая ў Малых Сяхновічах, 70 гадоў Кастрычніка ў аграгарадку Ленінскі. Заасфальтаваная дарога злучае райцэнтр з аграгарадком Крыўляны і Вежкамі. Сёлета плануецца заасфальтаваць дарогі Сцяпанкі — Арэпічы і Азяты — Старое Сяло. Сельскія Саветы дэпутатаў не застаюцца ў баку ад праводзімых работ, у прыватнасці, Жабінкаўскі і Ракітніцкі ўкладваюць грошы ад продажу зямельных участкаў у добраўпарадкаванне сваіх населеных пунктаў.
Даступнасць населенага пункта знаходзіцца ў прамой залежнасці ад развіцця транспартнай сеткі. У нашым раёне поўнасцю выконваюцца нарматывы дзяржаўнага сацыяльнага стандарту ў галіне транспарту. Аўтобусы заязджаюць у 82 вёскі, яшчэ 16 абслугоўвае чыгуначны транспарт ці маршруткі.
Будаўніцтва. Радуе, што ў раёне не спыняецца ўзвядзенне жылля. У цэнтральных сядзібах і ў аграгарадках за апошнія 4 гады пабудаваны 41 жылы дом для работнікаў сельгасарганізацый. Найбольш дынамічна вядзецца будаўніцтва ў Жабінцы, Шчэгліках і Ракітніцы. Сеткай газаправодаў ахоплена 33 населеныя пункты, з якіх 6 — аграгарадкоў. Летась газіфікаваны Сяхновічы, пабудаваны падводзячыя газаправоды да Сцяпанак і Сакаў. Сёлета яны з’явяцца ў Крыўлянах, Вежках, Агародніках.
Гандлёвая дзейнасць. Добрыя сродкі да сямейнага бюджэту некаторыя гаспадары маюць ад рэалізацыі бульбы і іншых агародніны і садавіны, лішкаў малака. Таму можна сказаць, што беспрацоўе на вёсцы — паняцце адноснае, хто хоча працаваць — таго зямля пракорміць.
Сёлета актывізавалася работа па закупе ў насе-льніцтва сельгаспрадукцыі. На сённяшні дзень матэрыяльна-тэхнічная база нарыхтовак філіяла “Жабінкаўскі” гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” дазваляе ў дастатковым аб’ёме ахапіць усю тэрыторыю раёна і забяспечыць нарыхтоўку ўсіх лішкаў сельгаспрадукцыі і садавіны. За сектарам нарыхтовак замацавана 2 аўтамашыны і на працу прынята 10 пазаштатных нарыхтоўшчыкаў. З пачатку года ў насельніцтва закуплена лішкаў прадукцыі на 1564,6 млн. руб. Філіял “Жабінкаўскі” налічвае 50 гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку ў вёсках — 31, плюс 54 населеныя пункты абслугоўваюцца аўтамагазінамі. Нягледзячы на гэта, яго значна “пацясніў” з рынку ТАА “Еўрагандаль”. 45 вёсак абслугоўваюцца іх аўтамагазінамі, якія па асартыменце і выкладцы тавараў пераўзыходзяць былое райспажыўтаварыства.
Бытавыя паслугі. Ва ўсіх аграгарадках на комплексных прыёмных пунктах аказваюцца або прымаюцца заяўкі на выкананне 11 відаў сацыяльназначных бытавых паслуг. У сярэднім, на аднаго вясковага жыхара за 1-ае паўгоддзе аказана паслуг на суму 45,3 тыс. рублёў, што з’яўляецца самым высокім паказчыкам у вобласці, і ў той жа час гэта на 20% ніжэй аналагічнага перыяду 2014 года. Асноўная прычына — складанае фінансавае становішча прадпрыемства, адсутнасць абаротных сродкаў. Дый невысокія даходы вяскоўцаў вызначаюць толькі тыя паслугі, без якіх абысціся нельга.
Перастала быць праблемай тэлефанізацыя вёсак, жыхары карыстаюцца інтэрнэтам і інтэрактыўным тэлебачаннем Zala.
Ахова здароўя. За апошнія гады значна палепшылася лячэбная і дыягнастычная база медустаноў раёна. Толькі летась на набыццё сучаснага медабсталявання выдаткавана 1233 млн. руб. Ёсць яшчэ скаргі людзей, асабліва з аддаленых і маланаселеных пунктаў на недастатковую ўвагу да іх з боку ўчастковых медыкаў, на неразвітую сетку аптэчных кіёскаў, на вялікія чэргі ў раённай паліклініцы, на праблемы ў даступнасці стаматалагічнай і гінекалагічнай дапамогі. Усе гэтыя пытанні неабходна вырашаць на раённым узроўні.
Бягучы год з’яўляецца выніковым годам пяцігодкі. Зусім хутка мы будзем вызначаць для сябе новыя задачы. Як і папярэднія, яны будуць складаныя, але, думаю, рэальныя. У бягучай пяцігодцы праведзена вялікая работа па мадэрнізацыі і тэхнічным пераўзбраенні вёскі. Фактычна пабудавана 13 новых жывёлагадоўчых комплексаў. Уведзена ў эксплуатацыю 7 шматкватэрных жылых дамоў у райцэнтры, 41 аднакватэрных у вёсках. Над ракой Мухавец перакінуты новы аўтамабільны мост. На набыццё абсталявання з бюджэту раёна выдаткавана на ахову здароўя 2,8 млрд. руб., адукацыю — 1,9 млрд. руб., культуру — 1,2 млрд. руб. І гэта немалыя сродкі, якія дазволілі павысіць узровень забяспечанасці нашага насельніцтва паслугамі ўстаноў сацыяльнай сферы.
Мы ўжо сёння бачым аддачу ад зробленага, але нам яшчэ трэба прыкласці нямала намаганняў, каб укладзеныя грошы акупіліся ў сціслыя тэрміны.
У абмеркаванні агучаных пытанняў прынялі ўдзел В.Р.Міронаў, генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, дэпутат Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ад Калінінскай выбарчай акругі №13, В.К.Волк, дырэктар ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”, дэпутат Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў ад Камароўскай выбарчай акругі №1 Т.В.Масейка, дырэктар філіяла “Жабінкаўскі” гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база”, У.У.Дземідзюк, старшыня Ракітніцкага Савета дэпутатаў, дэпутат сельскага Савета дэпутатаў, А.В.Федарук, стараста в.Старое Сяло і іншыя.
Па разгледжаных пытаннях прыняты адпаведныя рашэнні.
Святлана БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top