Між пешаходаў і аўтамабіляў

Між пешаходаў і аўтамабіляў

686839

Веласіпед — від транспарту, які з пункта А ў пункт Б давязе з ветрыкам. Круці сабе педалі, любуйся краявідамі, не трэба раскашэльвацца на праезд у аўтобусе, каб дабрацца да месца працы, магазіна і г.д.
Веласіпед — гэта, канечне, здорава. Ды ёсць у яго чатырохколавы “канкурэнт” — аўтамабіль. І калі апошні — паўнапраўны ўдзельнік дарожнага руху, дык двухколаваму тымі ж Правіламі дарожнага руху (ч.20, п.148-156) вызначана вузенькая, да 1 метра, частка праезджай дарогі (пры адсутнасці тратуара, веласіпеднай дарожкі). У гадзіны “пік” утрымацца ў сядле, калі да абочыны “прыціскаюць” аўтамабілі і лавіраваць між імі на скрыжаваннях, шчыра кажучы, няпроста. Адчуваеш сябе, як Гулівер у краіне веліканаў. Не ўсе вадзіцелі прывыклі тактоўна паводзіць сябе на дарогах. Адны ля лужыны праедуцца ціхенька, а іншыя, наадварот, націснуць на педаль газу і абальюць граззю не толькі веласіпедыста, але і пешахода на тратуары. На жаль, і аўтарцы гэтых радкоў не аднойчы даводзілася “прымаць” халодны душ з-пад колаў нахабных кіроўцаў. Асабліва многа лужын пасля дажджу збіраецца на вуліцы Камсамольская: тут вясною быў зроблены ямачны рамонт. Праўда, роўны асфальт толькі на паперах, а не насамрэч. Адным словам, на веласіпедзе на “заплатках” не асабліва разгонішся.
Зразумелая заклапочанасць кіроўцаў: аўтамабіляў у горадзе шмат, і мітусня веласіпедыстаў перад бамперамі раздражняе, што прымушае аматараў “ціхай” язды перабірацца з праезджай часткі на веласіпедныя дарожкі ці тратуар, дзе яны ёсць. Інакш — папярэджанне, або штраф.
Згодная, правіламі дарожнага руху павінны кіравацца ўсе, аднак якія ўмовы створаны? Веласіпедныя дарожкі толькі ў гарадскім парку, а яшчэ — непадалёку ад санаторыя “Буг”. Толькі карыстаюцца імі ў асноўным адпачываючыя санаторыя. Гэта раз. Перабрацца на тратуар? А што адчуваюць пешаходы, калі іх абганяе з ветрыкам двухколавы ліхач? Трапіць пад колы — малапрыемная перспектыва, асабліва для маленькіх жыхароў, якія не адразу могуць уцяміць, у які бок кідацца ў такой сітуацыі.
…Няпроста цяпер быць веласіпедыстам. Калі ты спрытны і хуткі — лавіруй паміж аўтамабілямі і бардзюрамі, баішся быць аштрафаваным — цісні на педалі па тратуары, толькі не наязджай на пешаходаў. Цікава, а куды ім падзецца з тратуараў?
Трэба, на мой погляд, гэтую праблему ў горадзе вырашаць. Як выйсце — пракласці веласіпедныя дарожкі, ці, як мінімум, абазначыць на тратуарах месцы для руху веласіпедаў. І толькі тады прымаць меры пакарання ў выглядзе штрафаў.
Таццяна АЛОЎЧЫК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top