Лаборатория «живой воды»

Лаборатория «живой воды»

Лабараторыя “жывой” вады
Пітная вада ў Жабінцы, сапраўды, “жывая”, ва ўсялякім разе не шкодзіць здароўю людзей, бо два гады назад, з уводам у эксплуатацыю станцыі абезжалезвання, паздаравела сама. Усе ранейшыя гады жабінкаўцы бралі з-пад крана ваду, што ўтрымлівала іонаў жалеза амаль у пяць разоў больш, чым прадугледжваюць нарматывы (замест 0,3 міліграма — 1,2-1,5 на літр). І мусілі кіпяціць яе, прапускаць праз усялякія бытавыя фільтры і г.д. Накапленне ў арганізме чалавека лішкаў жалеза патагенна ўплывае на пячонку і ныркі, аслабляе імунную сістэму. А лішак жалеза і іншых цвёрдых металаў, радыяцыйных элементаў, мікраарганізмаў?..
Начальнік водазабору ЖКГ, інжынер-тэхнолаг з вышэйшай адукацыяй, спецыяліст якраз у рацыянальным выкарыстанні вады і яе абясшкоджванні Валерый Юрчук ахвотна і падрабязна раскрывае сістэму ачысткі кожнаму цікаўнаму. Умее сказаць і ў двух-трох словах. На станцыі ўкаранёны метад спрошчанай аэрацыі, пры якім чым больш вада з артсвідравін абагачаецца атмасферным кіслародам пры яе распыленні, тым лепш ідзе працэс акіслення, каб выдзеліць іоны жалеза і затрымаць іх у фільтрах. Спрошчаная схема, аднак, дазволіць станцыі паўнавартасна працаваць як мінімум гадоў дваццаць без дарагой рэканструкцыі. Для гэтага, зразумела, трэба берагчы абсталяванне, пільна сачыць за ўсім тэхналагічным працэсам. Зараз сярэдняя прадукцыйнасць станцыі 2-2,5 тысячы кубічных метраў у суткі, а магутнасць фільтраў — да 5 тысяч, г.зн. разлічана на перспектыву — на рост горада і павелічэнне колькасці спажыўцоў.
Самае малое парушэнне ў тэхналогіі выяўляецца праз якасць “гатовай” (ачышчанай) вады, што накіроўваецца да спажыўцоў. Штодзённы кантроль за ёю — у лабараторыі станцыі. Як сведчаць цяперашнія аналізы, узровень жалеза ў вадзе на выхадзе — 0,28 міліграма на літр. Інжынер-тэхнолаг Эльвіра Марковіч з задавальненнем адзначае, што гэты паказчык амаль пастаянны: кантрольная лічба 0,3 і тым болей звыш яе — выключная рэдкасць. Праўда, робіць “зноску”:
— Гаспадары кватэр могуць іншы раз наракаць на памутнеласць, жаўтаватасць вады ў кранах. Гэта таму, што вадзе да іх трэба прайсці праз трубаправоды, а яны ў нас старыя, у асноўным чыгунныя, і патрабуюць замены. Трубы штовесну прачышчаюцца кампрэсарамі і вадзянымі помпамі, аднак не так проста збавіць іх ад іржы, што скапілася за многія гады. І ўсё ж у цэлым вада ў Жабінцы не жорсткая, яе можна піць без прагонкі праз бытавыя фільтры на кранах ці праз кіпячэнне на газпліце. Сама п’ю без боязі, не кіпячу, як было раней…
Што робяць на станцыі ў тым выпадку, калі ўзровень жалеза раптам перавысіў 0,3 міліграма? Інжынер-хімік адразу ж дакладвае пра гэта начальніку водазабору, і Валерый Іванавіч прымае рашэнне: дадаткова прамыць фільтры, часова адключыць адну з пяці свідравін або да іншых захадаў вярнуцца; усё залежыць ад канкрэтнага выпадку, які ўважліва аналізуецца.
Кіраўнік станцыі называе сваю вытворчую лабараторыю “жывым фільтрам”, маючы на ўвазе не толькі яе выдатную тэхнічную аснашчанасць, а і адукаваных, умелых і старанных работніц. Як падбіраўся штат? Пра гэта, а таксама пра яе самую зноў гутару з інжынерам-тэхнолагам. Раней Э.Марковіч працавала інжынерам у вытворча-тэхнічным аддзеле жылкамунгаса. На станцыю перайшла з даручэння кіраўніцтва ЖКГ.
— Перш чым набіраць кадры, — тлумачыць Эльвіра Робертаўна, — мы звярнуліся ў РУП “Брэсцкі цэнтр стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі”. Атрымалі адтуль пералік патрабаванняў для акрэдытацыі лабараторыі: якая ў работнікаў павінна быць адукацыя, спецыяльнасць, перспектыва павышэння кваліфікацыі… З гэтага і зыходзілі.
У лабараторыі, як і ў джазе з вядомага кінафільма, адны дзяўчаты. Іх пяцёра, і ўсе адпавядаюць згаданым вышэй патрабаванням. Інжынер-хімік Таццяна Іваноўская мае вышэйшую хімічную адукацыю, працавала дагэтага інжынерам-тэхнолагам у Брэсце. Тое самае і інжынер-мікрабіёлаг Вольга Беразоўская: вышэйшая адукацыя, вопыт працы. Завочна (пасля каледжа) вучыцца ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце лабарант-радыеметрыст Надзея Бадрова. Лабарант-мікрабіёлаг Людміла Цывілька і лабарант хіманалізу Людміла Еўтушук — спецыялісты з сярэдняй тэхнічнай адукацыяй, прайшлі курсы (Л.Еўтушук ажно тройчы) перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі.
На пытанне, ці падабаецца праца, усе пяць работніц лабараторыі адказалі “так”. Малады і згуртаваны калектыў, цікавая, змястоўная работа. Месячны аклад невялікі, аднак з верасня “падрос”. На адну прыступку сёлета павысіўся тарыфны разрад лабарантак.
Паняцце змястоўная работа ўключае ў сябе і адказнасць. Вытворчая лабараторыя Жабінкаўскай станцыі абезжалезвання — гэта адно цэлае, аднак падраздзяляецца на лабараторыі хімічную, бактэрыялагічную, радыяцыйную і акрэдытавана на аналіз вады ў 34-х паказчыках. Найбольш іх, 27, у хімлабараторыі, дзе вызначаецца ў дадатак да жалеза ўзровень цэлага шэрагу іншых металаў, нітратаў, нафтапрадуктаў, аміяку, сульфатаў, вадароду… Са слоў інжынера-хіміка Т.Іваноўскай, хіманаліз праводзіцца як у горадзе, так і ў водазаборах 16-ці сельскіх населеных пунктаў. У Азятах і Пятровічах, дзе ёсць свае станцыі абезжалезвання, — таксама. Пытаюся, наколькі чыстую ваду п’юць вяскоўцы?
— Адпавядае ўсім паказчыкам вада на ўчастку Хмелева-Падлессе-Рудка, хмелеўскую нават задэкларыравалі, — адказвае Таццяна Аляксандраўна. — Там аптымальная глыбіня яе залягання ў грунце. Залежнасць ёсць і ад іншых умоў, напрыклад, ад санітарнага стану артсвідравін. На жаль, у астатніх мясцінах жалеза перавышае дапушчальную канцэнтрацыю, у некаторых — у тры-чатыры разы.
— А ў чым вам бачыцца выйсце?
— Найперш у будаўніцтве новых станцый абезжалезвання. На наступны год увод станцыі запланаваны ў пасёлку Ленінскі.
Так, дзяржпраграма “Чыстая вада” ўкараняецца шырока. Зараз будуюцца станцыі абезжалезвання ў суседніх Камянцы і Маларыце. Спецыялісты адтуль пераймаюць вопыт у жабінкаўцаў, вучацца ў тым ліку на іх горкім вопыце. Пры падрыхтоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі, вінавата-ўсмешліва згадваюць мае суразмоўніцы з лабараторыі, не ўсё патрэбнае абсталяванне было ўключана, і пазней давялося яго дакупляць…
Экскурсантаў дасведчаных і проста цікаўных на станцыі бывае нямала. Работнікі іншых лабараторый прыязджаюць, каб паглядзець на найноўшую тэхніку, пагутарыць з калегамі. Эколагі, часам цэлымі семінарамі і форумамі, — з поўным правам інспектараў і ўскосных гаспадароў: большая частка фінансавых сродкаў на стварэнне станцыі паступіла акурат з Фонду аховы прыроды Беларусі. Перабылі тут усе жабінкаўскія школы, завітаў неяк нават дзетсад. Цікава! Аднак можна абысціся і без экскурсій, што робяць ужо многія. Станцыя аказвае платныя паслугі як арганізацыям, так і прыватным асобам, скажам, гаспадарам калодзежаў. На іх заказ праводзяцца аналізы вады хімічны (на жалеза, бор ды хлор, нітраты ды нітрыты і г.д.), радыелагічны (на цэзій, стронцый і інш.), мікрабіялагічны (на бактэрыі групы кішэчнай палачкі). І робяць гэта маладыя руплівіцы вытворчай лабараторыі з веданнем справы, з клопатам пра здароўе людзей, з адказнасцю за “жывую” ваду.
А.КАСКО.
На здымку: работніцы вытворчай лабараторыі Жабінкаўскай станцыі абезжалезвання вады — лабарант-мікрабіёлаг Л.В.Цывілька, лабарант хімічнага аналізу Л.А.Еўтушук, інжынер-хімік Т.А.Іваноўская, інжынер-мікрабіёлаг В.М.Беразоўская, лабарант-радыеметрыст Н.В.Бадрова.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top