Баксёр вярнуўся з золатам

Баксёр вярнуўся з золатам

4

У кожнага з нас ёсць мары, асабліва ў падлеткавым узросце. Яны, дарэчы, часта мяняюцца. Толькі што сын ці дачка хацелі прысвяціць сваё жыццё ўрачэбнай практыцы, раптам ужо мараць стаць ландшафтным дызайнерам, а нехта імкнецца зрабіць кар’еру ў прафесійным спорце.
Шаснаццацігадовы Уладзіслаў Радчык, які вучыцца ў СШ №1 г.Жабінка, пяць гадоў таму захапіўся спортам, у прыватнасці, боксам. Прыйшоў у вучэбна-спартыўную ўстанову “СДЮСШАР Жабінкаўскага раёна” і пачаў займацца з трэнерам-педагогам Васілём Васільевічам Барболіным. Рэгулярныя заняткі-трэніроўкі вучня з вопытным спартсменам — і прыйшоў поспех. Уладзіслаў пачаў удзельнічаць у розных спаборніцтвах, баі на рынгу праводзіць смела і вынікова. Для юнага баксёра значны поспех прынёс VII юнацкі турнір, што адбыўся ў Брэсце ў 2013 годзе, дзе ён у сваёй вагавай катэгорыі быў лепшым і атрымаў кубак пераможцы. Па-сапраўднаму багатым на ўзнагароды выдаўся для хлопца сёлетні год: сярод баксёраў Берасцейшчыны стаў другім, а на рэспубліканскім рынгу займеў першае месца.
Узнагародай за ўдала праведзеныя паядынкі для Уладзіслава Радчыка было таксама ўключэнне яго ў каманду Беларуі для ўдзелу ў ІХ Балтыйскіх юнацкіх гульнях, што праходзілі ў Брандэнбургу Германіі. Жабінкаўскі баксёр расказаў, што ў спаборніцтвах удзельнічалі дзесяць краін Еўропы, беларуская каманда налічвала восем юных спартсменаў. Уладзіславу давялося біцца на рынгу з літоўцам, якога ён перамог. У выніку ў нашага баксёра першае месца і залаты медаль, а ўсяго на рахунку беларускай каманды шэсць залатых, сярэбраная і бронзавая ўзнагароды.
На пытанне “Чаму Уладзіслаў прысвяціў сябе такому віду спорту, дзе б’юць у твар?” ён адказаў: “Бокс не мардабой. Калі на рынгу сустракаюцца таленавітыя спартсмены, то паядынак ператвараецца ў сапраўдны спектакль. Для гэтага трэба шмат трэніравацца. Гэта вельмі цяжкая праца. Таму, калі выходзіш на бой, не хочацца падвесці сваю каманду і ўсіх, хто за цябе “трымае кулачкі”. Дарэчы, ад кожнага бою я атрымліваю пэўную порцыю адрэналіну. Калі прайграю, такое таксама здараецца, разам з трэнерам аналізую свае дзеянні, працуем над памылкамі. У перамозе, якую я атрымаў на нямецкай зямлі, важкі ўклад маіх педагогаў — першага Васіля Васільевіча Барболіна і Юрыя Мікалаевіча Аўчыннікава, які рыхтаваў мяне да спаборніцтваў. Іх парады, вопыт пастаянна дапамагаюць на рынгу. Дзякуй за гэта!”.
Ірына САРОКА, інструктар-метадыст ВСУ “СДЮСШАР Жабінкаўскага раёна”, Людміла КОСЦІНА, карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top