Свята рашучых і смелых

Свята рашучых і смелых

IMG_0412

Прафесійныя каманды пажарных сталі дзейнічаць больш як 160 гадоў таму назад, барацьба з вогненнай стыхіяй стала дзяржаўнай справай. Пажарная служба нашага краю вядзе свой адлік ад 1944 года, калі ў Жабінцы з’явілася пажарная каманда НКУС вобласці. Каб у полі зроку змагароў з вогненнай стыхіяй былі горад і навакольныя вёскі, была ўсталявана пажарная каланча, дзе неслі кругласутачнае дзяжурства назіральнікі. Менавіта яны падавалі сігнал аб загаранні. Словам, пажарная служба ў нашым раёне равесніца вызвалення Беларусі і зямлі жабінкаўскай ад фашысцкіх захопнікаў. Яна налічвае мноства прыкладаў мужнасці і адвагі агняборцаў, самаадданай працы іх дзеля бяспекі людзей.
Акрамя асноўнай работы — папярэджанне і ліквідацыя пажараў, дапамога пры надзвычайных сітуацыях, аварыях, наша служба займаецца дзяржаўным пажарным наглядам, праводзіць праверкі домаўладанняў, прымае меры па недапушчэнні гібелі людзей у агні. Словам, службовы абавязак кожнага, хто працуе ў падраздзяленнях Міністэрства надзвычайных сітуацый, не толькі змагацца з агнём, але і быць выратавальнікам у самым шырокім сэнсе гэтага слова.
Сёлета асабістым саставам усіх падраздзяленняў Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый ліквідавана 12 пажараў, што на два больш, чым летась за такі ж перыяд, у агні загінуў адзін чалавек, трое былі траўміраваны. Агонь пашкодзіў дзесяць і знішчыў шэсць пабудоў, дзве тоны грубых кармоў. З вогненнай стыхіі выратавана два чалавекі, адна адзінка тэхнікі і адзінаццаць будынкаў. Матэрыяльны ўрон склаў 333,5 мільёна рублёў.
Хачу ўзгадаць, што асноўнымі прычынамі загаранняў па-ранейшаму застаюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнні правілаў эксплуатацыі печаў, цеплагенерыруючых агрэгатаў і ўстройстваў і пры карыстанні электрасеткамі і электраабсталяваннем.
Калі пажарныя прыходзяць на службу, яны не ведаюць, якія “сюрпрызы” падкіне лёс сёння, а таму знаходзяцца ў пастаянным чаканні і гатоўнасці паводле сігналу трывогі сабрацца і выехаць на дапамогу. Кожнага нашага супрацоўніка можна ахарактарызаваць як прафесіянал з вялікай літары, адважны, мужны, спачувае чужой бядзе. У вольны ад выклікаў час кожны ўдасканальвае сваё майстэрства, займаецца фізічнымі практыкаваннямі і на трэнажорах у спартыўным гарадку, ці воднымі працэдурамі ў аздараўленчым комплексе. Вядома, гэта дапамагае пры ўтаймаванні вогненнай стыхіі.
Калектыў райаддзела надзвычайных сітуацый дружны, згуртаваны, у кожнага свае функцыі і абавязкі, якія сумленна выконваюцца любым. Ад нашай жа працы залежаць стан жыцця людзей, іх лёсы. Пажарная служба ўсклала на сябе дадатковыя задачы і функцыі. Акрамя тушэння пажараў, жабінкаўскія выратавальнікі ліквідуюць вынікі розных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару. Яны першыя памочнікі ў складаных дарожна-транспартных аварыях, калі даводзіцца праводзіць дэблакіроўку. Уменні, смеласць, ініцыятыва ў гэтай справе вітаюцца і дастойна ўзнагароджваюцца. Летась грашовымі прэміямі былі адзначаны В.Пятручык, С.Кузнец і В.Раманоўскі.
Менавіта на тушэнні пажараў выязджаюць дзяжурныя каравулы аддзела надзвычайных сітуацый і аварыйна-выратавальных пастоў №11 з Азятаў і №12 са Сцяпанак. З больш вопытнымі агняборцамі працуюць і маладыя, таму са стыхіяй спраўляюцца ўмела. Тактоўнымі і адукаванымі “настаўнікамі” для многіх маладых пажарных і вадзіцеляў з’яўляюцца ў нас камандзір аддзялення, старшы прапаршчык Юрый Мікалаевіч Андросенка і вадзіцель Андрэй Віктаравіч Варанчук. Дарэчы, праца Ю.Адросенкі ў райаддзеле надзвычайных сітуацый адзначана медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені.
Усім, хто выязджае на ліквідацыю загаранняў, неабходна мець добрую вытрымку і ў любой сітуацыі навучыцца валодаць сабой, таму што агонь не даруе халатнасці. Немалаважную ролю тут мае вынослівасць агняборцаў. На здарэннях даводзіцца працаваць шмат і хутка, таму здароўе пажарнага — адзін са складнікоў яго паспяховай працы. У нас пастаянна адбываецца абнаўленне кадраў. Заўважу, што за апошнія гады калектыў абнавіўся на 40 працэнтаў, тым болей, што цяпер многія жадаюць служыць у райаддзеле надзвычайных сітуацый. Вось і сёлета пад час урачыстасці з нагоды прафесійнага свята прысягу будуць прымаць Валерый Пятручык, які прайшоў павышэнне кваліфікацыі, камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 Аляксандр Дульскі і вадзіцель гэтага ж паста Іван Максімук. На свяце значок “Выдатнік пажарнай службы” будзе ўручаны вадзіцелю Я.Р.Міхалічуку, а медаль — старшаму інспектару інспекцыі нагляду і прафілактыкі Р.А.Рашанку. Камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 П.В.Кавярговіч атрымае пагоны старшага прапаршчыка ўнутранай службы.
Мы, вядома, заранёў думаем пра рэзерв кадраў, гутарым з вучнямі, расказваем пра службу. Некаторыя становяцца студэнтамі ВНУ Міністэрства надзвычайных сітуацый. Вось і цяпер на стацыянары навучаецца чатыры нараджэнцы з нашага раёна. Два вучні-сямікласнікі пачнуць вучыцца сёлета ў ліцэі пры Гомельскім інжынерным інстытуце МНС. Пры паспяховым заканчэнні яго яны без уступных экзаменаў залічваюцца ў ВНУ унутраных войскаў Беларусі. Так што мы паклапаціліся пра кадры на перспектыву. З рахунку, вядома, не спісваем і вопытных супрацоўнікаў. Калі нехта жадае працаваць пасля 45-ці, то з дазволу ваенна-ўрачэбнай камісіі і міністра надзвычайных сітуацый можа прадоўжыць службу.
І ў заключэнне свайго выступлення хачу пажадаць усім сённяшнім супрацоўнікам менш надзвычайных здарэнняў, каб пажарныя рукавы часцей заставаліся сухімі. Усім ім і ветэранам службы здароўя, цярпення, вытрымкі і дабрабыту ў сем’ях.
Алег ВАШЧУК, намеснік начальніка райаддзела надзвычайных сітуацый ў ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.

На здымку: начальнік каравула ПАВЧ-1 горада Жабінка Раман Мікалаевіч Філіпук, старшы інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Рыгор Аляксандравіч Рашанок і вадзіцель Андрэй Віктаравіч Варанчук.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top