Untitled-13

Дарогі патрабуюць увагі

За першае паўгоддзе сёлета супрацоўнікамі аддзела вагагабарытнага кантролю філіяла транспартнай інспекцыі ў Брэсцкай вобласці праверана 5403 транспартныя сродкі. Яны выконвалі ўнутрырэспубліканскія і міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў. Паводле вынікаў кантрольных мерапрыемстваў выяўлена 1706 парушэнняў транспартнага заканадаўства, складзена 1681 адміністрацыйная справа на суму больш як 3 мільярды рублёў.
Падраздзяленнямі аддзела выяўлена 905 выпадкаў кіравання цяжкавагавымі ці буйнагабарытнымі транспартнымі сродкамі. З іх уладальнікаў спагнана плата за праезд па аўтамабільных дарогах на суму 1,5 мільярда рублёў. Пра гэта паведаміў Васіль Галюнчык, начальнік КП-ПВГК “Федзькавічы”.

Аб’ёмы паслуг павялічыліся

За шэсць месяцаў сёлета Жабінкаўскі камбінат бытавога абслугоўвання аказаў бытавых паслуг насельніцтву па індывідуальных заказах на 715,9 млн. рублёў, што на 15,4 % больш у параўнанні з мінулагоднім перыядам. У тым ліку ў сельскіх населеных пунктах — на 334,7 млн. (на 33,5% больш, чым у мінулым годзе). Найбольшы аб’ём аказаных паслуг складаюць вытворчасць жалезабетонных вырабаў, пашыў пасцельнай бялізны па індывідуальных заказах і інш. Карыстаюцца попытам паслугі на станцыі ручнога мыцця машын. Абслугоўваюцца як насельніцтва, так і прадпрыемствы раёна.
Акрамя пастаянных, сёлета з’явіліся новыя паслугі. У РКБА пачалі вырабляць вянкі, карзіны і труны.

Ягадны “бізнес”

Сезон клубніц скончыўся, зараз насельніцтва актыўна збірае і здае чарніцы. Для некаторых жыхароў Жабінкаўшчыны гэта невялікі “бізнес”: калі не палянуешся раненька ўстаць і пайсці ў лес, ён шчодра адплаціць вітамінамі — хопіць і сабе на зімовыя запасы, і для заробку.
Інжынер па якасці, радыёлаг філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая база” Людміла Баравік паведаміла ў рэдакцыю, што чарніц здадзена насельніцтвам 260 кілаграмаў на суму 5,272 мільёна рублёў і столькі ж кілаграмаў чырвоных парэчак на 687 тысяч рублёў. У меншай колькасці здаюць вішні, слівы, буякі (голубику).

Непрыемныя кантакты вядуць да хваробы

Летась і ў першым паўгоддзі сёлета Жабінкаўшчына, на жаль, мае сумнае лідарства ў захваральнасці на мікраспарыю. Узровень гэтага скуранога захворвання ў раёне ажно ў тры разы перавышае сярэднеабласныя паказчыкі. Надзвычай сумна, што найчасцей заражаюцца дзеці, прычым у 85% выпадкаў прычынаю хваробы становяцца кантакты з бадзяжнай жывёлай. Аднак, як паведаміла галоўны ўрач ДУ “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Надзея Шосцік, у нас выяўляюцца выпадкі заражэння і сярод хатніх гадаванцаў. Паводле дадзеных ветэрынарнай службы раёна нядаўна ўстаноўлены дыягназ “мікраспарыя” ў пяці кошак і сабак. У сувязі з гэтым спецыялісты райЦГЭ рэкамендуюць бацькам не дапускаць, каб іх дзеці бавіліся з жывёлай, асабліва той, што не мае гаспадароў.

Галоўны прыз — веласіпед

З мэтай папярэджання дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і скарачэння колькасці ДТЗ з удзелам непаўнагадовых на Берасцейшчыне з 20 ліпеня па 20 жніўня праходзіць творчы дзіцячы конкурс “На дарогах няма канікулаў!”. У рамках яго хлопчыкам і дзяўчынкам ва ўзросце ад 6 да 14 гадоў прапануецца падрыхтаваць малюнак, плакат на тэму “Я прытрымліваюся Правілаў дарожнага руху” і да 20 жніўня адправіць творчыя работы на паштовы адрас: 224000, г.Брэст, вул. Янкі Купалы, д.116, кабінет 8, ці на электронны адрас УДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама gaibrest@gmail.com з паметкай “Творчы конкурс”. У кожнай рабоце павінен утрымлівацца слоган-заклік да захавання Правілаў дарожнага руху.
Кожная работа павінна суправаджацца інфармацыйным лістком удзельніка з абавязковым указаннем назвы конкурсу і работы; прозвішча, імя і ўзросту аўтара; паштовага адраса, нумара кантактнага тэлефона ўдзельніка конкурсу, назвы ўстановы адукацыі.
Пераможцы будуць узнагароджаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі ад Дзяржаўтаінспекцыі. Галоўны прыз — веласіпед.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top