Неба наладзіла сапраўднае “шоу”

Неба наладзіла сапраўднае “шоу”

IMG_2335 IMG_2369 IMG_2325

“Сюрпрызы” ад надвор’я, якое разгулялася на Жабінкаўшчыне суботнім вечарам 18 ліпеня, прыемнымі не назавеш. Амаль у 20.40 шквалісты вецер і дождж нарабілі столькі бяды, што на ліквідацыю нанесенага ўрону спатрэбіцца не адзін дзень.
— На тэрыторыі Брэсцкай вобласці прайшоў навальнічны фронт з парывамі ветру да 24 метраў у секунду, — каменціруе старшы інжынер Жабінкаўскага РАНС Аляксандр Батуля. — У выніку яго пацярпелі 10 населеных пунктаў у Брэсцкім, Жабінкаўскім, Камянецкім, Маларыцкім раёнах. Пашкоджаны дахі 12 сельгаспабудоў, на шасці фермах, адным шматкватэрным і 5 прыватных жылых дамах.
Ураган паклаў на зямлю 190 гектараў пасеваў. Пад зламанымі дрэвамі аказаліся 3 легкавыя аўтамабілі. Без электрычнасці аказаліся 95 населеных пунктаў, 40 малочнатаварных ферм.
Найбольш разбурэнняў зарэгістравана ў Жабінкаўскім раёне. Так, у пасёлку Ленінскі, у шматкватэрным доме №15 па вул.Камсамольская, ветрам сарвана металачарапіца на плошчы 80 кв. м, там жа па вул.Новая на адным з дахаў гаспадары не далічыліся 60 лістоў шыферу. На вул.Саўгасная, д.39 разбураны дымаход і страпільная сістэма франтона, пабіта 60 лістоў шыферу. На суседнім доме №37 дах таксама напалову раскрыты ветрам.
Пашкоджаны дахі цялятнікаў, ферм, сенасховішчаў, зернескладаў у Мацясах (СВК “Вазнясенскі”), Пшанаях (ААТ “Жабінкаўскі”), Буснях і Рагозне (СВК “Рагазнянскі”), Баранах і Азятах (ПУАП “Азяты”) — у агульнай колькасці ў іх неабходна накрыць нанова 490 лістоў шыферу. На свінакомплексе ў Сычове сарвана 800 кв. м металапрофілю.
— Шквалістыя вятры штогод ламаюць дрэвы, раскрываюць дахі, але такой моцы ўрагану я даўно не бачыў, — расказвае в.а. начальніка Жабінкаўскага раёна электрасетак Мікалай Васільевіч Пасюк. — Таўшчэзныя дрэвы ламаліся, як запалкі, апракідваліся жалезабетонныя апоры. Усяго за нейкія паўгадзіны без электразабеспячэння аказаліся санаторый-прафілакторый “Надзея” ВРУП “Брэстаблгаз”, “Санаторый Буг” і жылыя дамы ў вёсках Федзькавічы, Рагозна, Вулька, Бусні, Сакі. Наша аварыйная брыгада суткі без перадыху аднаўляла электразабеспячэнне на 18 лініях 10 КВ. На падмогу нам прыехалі аварыйныя брыгады электрыкаў з Івацэвіч, Кобрына, Маларыты, Брэста. Агульнымі намаганнямі, спадзяюся, неўзабаве лямпачкі заззяюць ва ўсіх абясточаных аб’ектах. Калі вы заўважылі абарваны провад ад лініі электраперадач, не падыходзьце да яго бліжэй за 8 метраў, бо ён можа аказацца пад напружаннем. Тэрмінова паведаміце аб абрыве яго дыспетчару раёна электрасетак па тэлефоне 2-11-14.
…На ліквідацыю наступстваў урагану кінуты ўсе сілы. Расчышчаюць дарогі ад паваленых дрэў брыгады з ЖКГ, Пятровіцкага лясніцтва, райаддзела надзвычайных сітуацый.
У вача людзей, якія ў літаральным сэнсе засталіся без даху над галавой — пакуты, роспач і боль. У барацьбе з прыроднай стыхіяй вінаватых няма.
Святлана БЯЛЯК.
Аператыўнае фота райаддзела надзвычайных сітуацый.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top