Мы рады новым талентам

Мы рады новым талентам

_DSC3207

Клубныя ўстановы раёна займаюцца разнастайнай дзейнасцю: развіваюць мастацкую творчасць, пашыраюць і зберагаюць народныя традыцыі, арганізуюць культурную прастору і рэкламную дзейнасць. Яны з’яўляюцца цэнтрам арганізацыі і правядзення вольнага часу для жыхароў нашага раёна. Аб тым, як ідуць справы, я даведалася ў дырэктара раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Ірыны Паўлаўны Дулевіч.
— Ірына Паўлаўна, якія клубы, гурткі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў жабінкаўцаў?
— Апошнім часам людзі надаюць многа ўвагі свайму фізічнаму здароўю, таму няма недабору ў групы ёгі, рытмікі, гімнастыкі. Незвычайнай папулярнасцю карыстаецца ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, які працуе пры гарадскім Доме культуры. Кіруе ім Ірына Феафанаўна Румко. Таты і мамы ахвотна прыводзяць у гэты калектыў сваіх дзяцей.
— А якія накірункі ўсё менш цікавяць людзей? Як вы думаеце, чаму?
— Няма набораў на аэробіку, усходнія танцы, хоць раней гэта былі вельмі папулярныя віды мастацтва. Думаю, пік іх папулярнасці ўжо прайшоў з-за з’яўлення новых культурных накірункаў. Што датычацца дзіцячай творчасці, то на набор хлопчыкаў і дзяўчынак у гурткі пры ўстановах культуры ўплывае наяўнасць у многіх школах аналагічных бясплатных: і музычных, і тэатральных.
— Дзе творцы паказваюць вынікі сваёй працы, дасягненні?
— На раённых і гарадскіх святах, фестывалях, сельскагаспадарчых кірмашах, на святах у працоўных калектывах, навагодніх ранішніках для дзяцей. Вядучыя творчыя калектывы раёна з’яўляюцца ўдзельнікамі масавых мерапрыемстваў, што праводзяцца ў вобласці, выязджаюць за мяжу. Рэгулярна спевакі і музыкі выступаюць перад адпачываючымі ў санаторыях “Буг” і “Надзея” Жабінкаўскага і “Ружанскі” Пружанскага раёнаў.
— Якія калектывы вы назавяце гонарам клубных устаноў Жабінкаў-шчыны?
— Імі з’яўляюцца старэйшыя творчыя калектывы, якія носяць званне “народны”. Гэта народны вакальны ансамбль “Каларыт”, якім нязменна кіруе Мікалай Зіноўеў; народны хор “Скарбніца”, які займаецца пад кіраўніцтвам Іллі Учаева; народна-эстрадная група “Аляксандр-парк”, кіруе ёю Наталля Лосева; народны хор ветэранаў “Тонус”, стваральнік і кіраўнік якога Людміла Дошчык.
Усе яны працуюць пры гарадскім Доме культуры. Нямала вядомых творцаў ёсць і ў сельскай мясцовасці. Гэта найперш народны тэатр гульні, гумару і песні “Хмелеўскія валацугі” з Хмелеўскага СДК, народны ансамбль народных інструментаў “Музычны вянок” з Ленінскай дзіцячай школы мастацтваў. Усё гэта садзейнічае зносінам людзей, дапамагае падтрымліваць і знаходзіць новыя таленты, не хандрыць, ісці ў нагу з часам.
Сёлета чатыры калектывы пацвердзілі сваё званне. Гэта “Хмелеўскія валацугі”, “Дараносіца”, “Музычны вянок” і “Аляксандр-парк”.
— Ці ёсць удзельнікі міжнародных конкурсаў, фестываляў у нашым раёне?
— З мэтай папулярызацыі народнай творчасці і традыцыйнай культуры пастаянна ажыццяўляюцца выезды аматарскіх калектываў за межы Беларусі для ўдзелу ў фестывалях фальклору, канцэртах, выставах і іншых культурна-масавых мерапрыемствах. Так, сёлета ў красавіку ўзорны фальклорны калектыў “Дараносіца” і народны тэатр гульні, гумару і песні “Хмелеўскія валацугі” ўдзельнічалі ў святочным мерапрыемстве “Там по маёвуй росі”, якое праводзілася ў Польшчы ў рамках культурнага абмену, і атрымалі падзяку.
У ліпені-жніўні мінулага года ўзорны ансамбль народнага танца “Каруначкі” атрымаў гран-пры на сусветным фестывалі фальклору, што праводзіўся ў Польшчы.
Народны хор “Скарбніца” летась на конкурсе вакальна-харавога мастацтва “Пеўчае поле” ў Пружанах заняў другое месца і атрымаў дыплом “за высокі выканаўчы ўзровень і прапаганду песеннай творчасці”, а народны хор ветэранаў “Тонус” — дыплом трэцяй ступені на абласным фестывалі творчасці “Не старэюць душой ве-тэраны”.
У кастрычніку мінулага года міні-тэатр гумару і песні “Спявай, душа” з Крыўлянскага сельскага Дома культуры і саліст эстраднай студыі “Золак” ГДК Алег Канашкоў удзельнічалі ў адборачным туры і прайшлі ў паўфінал народнага тэлевізійнага шоу “Я магу”, якое транслявалася тэлеканалам “Беларусь1”.
— Шмат усхваляваных водгукаў давялося чуць пра конкурс “Галасы юнацтва” і пра святкаванне “Сёмухі” ў Хмелеве. Ці плануюцца мерапрыемствы такога маштабу?
— Сапраўды цікава прайшлі і раённы агляд-конкурс эстраднага мастацтва “Галасы юнацтва”, і ўзгаданае вамі раённае свята народнай творчасці “Хмелеўская Сёмуха”. У маі клубныя ўстановы творча адсвяткавалі 70-годдзе Вялікай Перамогі. Безумоўна, наперадзе яшчэ новыя святы і фестывалі. Напрыклад, 18 ліпеня правялі свята горада. Рады эксперыментаваць і знаходзіць новыя таленты сярод жабінкаўцаў. У нас так многа творчых людзей, якія здольныя рэалізаваць любыя задумкі.
Інтэрв’ю правяла Лідзія ІВАНІХІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top