Сёлета ўсім наўздзіў рапс нядрэнна ўрадзіў

Сёлета ўсім наўздзіў рапс нядрэнна ўрадзіў

IMG_0023 IMG_4777

“Вабіць вока ўвесну й летам гожы рапсавы палетак, а стручкі расліны падстаўляюць сонцу спіны…”, Такія радкі прыходзяць мне ў галаву па дарозе ў СВК “Рагазнянскі”, дзе ва ўрочышчы Ярашанка ля Рагозна ідзе ўборка азімага рапсу.
…Па полі плывуць тры камбайны КЗС-10 з прыстаўкамі-сталамі. Час ад часу да іх пад’язджаюць аўтамабілі, каб прыняць алейнае зерне і адвесці на зернесушыльны комплекс.
На рапсавым палетку працуюць тры экіпажы: камбайнер Сяргей Качаноўскі з памочнікам Уладзімірам Яшчуком, Аляксандр Краўчук з Генадзем Балтрамеюком і Сяргей Кікаўскі з Уладзімірам Каменкам.
Чацвёрты сезон запар выкарыстоўвае летні адпачынак для працы на жніве настаўнік фізкультуры Ленінскай сярэдняй школы Генадзь Балтрамяюк, які ў час уборачнай кампаніі шчыруе памочнікам камбайнера.
Нагрузка на камбайн у СВК “Рагазнянскі” самая вялікая ў раёне і складае 350 гектараў. Адразу за магутнымі КЗС-10 механізатар Уладзімір Буневіч на сваім МТЗ-3022 з агрэгатам “Дыскавер” ажыццяўляе лушчэнне ржышча. Рапсавая салома здрабняецца і ідзе на ўгнаенне.
Намалоты ад камбайнаў прымаюць вадзіцелі Аляксандр Сцепанюк, Сяргей Канчук і Віталь Здзярук. Аляксандр Васільевіч, напрыклад, тры дзясяткі гадоў шчыруе ў гаспадарцы. За руплівую працу неаднойчы ўзнагароджваўся граматамі. Аўтамабілем ГАЗ-53 перавёз сёлета 135,9 тоны. На рахунку яго калегі Віталя Здзерука 143,4 тоны.
Кіруе працэсам уборкі рапсу галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Віктар Трафімук. Ён расказвае, што пад азімы рапс у гаспадарцы адведзена 240 гектараў. Ураджайнасць яго складае 25 цэнтнераў з гектара. На 20 ліпеня ўбралі 164 гектары, намалацілі 415 тон.
Віктар Мікалаевіч — спецыяліст вопытны, у СВК “Рагазнянскі” працуе з 1995 года, клапоціцца, каб раслінаводчыя паказчыкі ў гаспадарцы штогод паляпшаліся.
Неўзабаве ў размову ўключаецца старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Семянюк, які пад’ехаў паназіраць за ходам уборкі.
— Добрыя ўраджаі патрабуюць захавання тэхналогіі апрацоўкі зямлі, а яна ў кожнай культуры свая, — тлумачыць Аляксандр Васільевіч. — Зямля ў нас бедная, усяго 29 балаў. Да таго ж, рапс вельмі капрызная, далікатная культура, да ўборкі якой трэба падыходзіць адказна і тэхналагічна. Іначай можна страціць каштоўнае зерне. Летась у сярэднім па раёне ўраджайнасць рапсу склала 19,9 ц/га. А для таго, каб гэтая алейная культура была рэнтабельнай, ураджайнасць павінна быць не менш за 25-30 ц/га. Сёлета аграномы з рапсам не прагадалі, акупаемасць яго будзе вышэйшай, чым у мінулым годзе. Агранамічная служба нашага сельгаспрадпрыемства ўмела падабрала ўчасткі пад рапс, дый надвор’е спрыяла яго паспяванню. Для нашага рэгіёну ўраджай будзе нядрэнны.
…Папрацуеш да поту, пад’ясі ў ахвоту, гаворыцца ў народнай прыказцы. Для ўсіх, хто заняты на жніве, арганізавана гарачае харчаванне. Для працаўнікоў СВК “Рагазнянскі” абеды гатуюцца ў кафэ цукровага завода і спецыяльным мікрааўтобусам дастаўляюцца на палі. Рагазнянскія хлебаробы прыпыняюць камбайны і робяць перапынак-перакус. Раздатчыца Юлія Курыга частуе працаўнікоў поля гарохавым супам, катлетай з грэчневай кашай і мультыфруктовым сокам з булачкай. Праходзіць хвілін 10 — і зноў гудуць магутныя машыны, кіпіць праца. Летні дзень, як кажуць, год корміць.
Наталля ВАЛОШКА.
На здымках: камбайнеры і іх памочнікі Г.Д.Балтрамяюк, С.Ф.Качаноўскі, А.І.Краўчук, У.М.Каменка, У.С.Яшчук, С.М.Кікаўскі; механізатар У.І.Буневіч.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top