Куточак поўдня пад акном

Куточак поўдня пад акном

IMG_9519 IMG_9534 IMG_9540 IMG_9574

У цэнтры Жабінкаўшчыны давялося нядаўна ўбачыць крышачку поўдня (як на далёкім цёплым узбярэжжы) або казкі, знаёмай з дзіцячай кніжкі. Такой падалася з першага погляду гэтая сядзіба ў Залуззі. І першаснае адчуванне не мінала пад час усёй размовы-знаёмства з яе гаспадынямі — Нэляй Васільеўнай Латугоўскай і Наталляй Мікалаеўнай Давідовіч.
Толькі мінеш веснічкі, ступіш на сцяжынку, што вядзе да вялікага і прыгожага дома, як на цябе адразу пазірае… Баба-Яга. Галоўнае, зусім не страшная казачная істота “вартуе” ўваход у ладную чароўную хатку… Гэтак і цягне спытацца: “Хто ў доміку жыве?” Той стаіць нібыта на курыных лапках. Зроблена ўсё і сабе, і лю-дзям на радасць, з багатым густам ды жаданнем усім прынесці весялосць, вярнуць хоць на кароткія імгненні ў дзяцінства.
— Не, гэта, канечне, толькі ілюстрацыя да вядомых казак. Тут добры дух жыве! — усміхаецца Нэля Васільеўна, запрашаючы прайсціся па сваім казачна-кветкавым “царстве”. — Зроблена з прыдумкай? Неяк адшукала ў лесе цікавы разгалісты пень, прыглядзелася: нешта напамінае — быццам малюнак з кніжкі для маленькіх. Вось дык сюжэт! Сказала дачцэ, а яна ўжо на тыя “лапкі” і хатку ўладкавала. А затым і іншыя героі прыйшлі “ў госці да казкі”…
Паўсюль на падворку чысціня і адчуваецца праца клапатлівых рук. Утрымліваць парадак Нэлі Васільеўне дапамагаюць дачка Наташа і 16-гадовая ўнучка Паліна, якая закончыла сёлета дзясяты клас. Вясна, лета, восень — час, калі сям’я жыве ў гэтым кветкавым раі.
— Справы тут бесперапынныя, асабліва, як лета дыхае спякотай, — прызнаецца жанчына, закаханая ў прыгажосць, створаную ўласнымі рукамі.
Не, не жаліцца на яго, хоць і ўздыхае — працы стала больш. Нават Мухавец, што павольна коціць свае воды адразу за падворкам, здаецца, мялее дзень пры дні.
Колькі сябе памятае, Нэля Васільеўна была кветказнаўцам. Яна гаворыць, што зараз нярэдка пазірае ў розныя гараскопы, якія, быццам згаварыліся, у адзін голас сцвярджаць: у вас талент займацца раслінамі!
— Раней жа, у маім юнацтве, моды на гараскопы не было, таму гэтак і не верылі ім, як цяпер, — разважліва гаворыць залуззеўская гаспадыня. — Калі б вера ў гараскопы тады была распаўсюджана — без ваганняў пайшла б у агранамію. А так атрымала гандлёва-эканамічную адукацыю. І кветкамі змагла заняцца толькі цяпер, як пасялілася ў сваім вясковым гожым доме.
Згадка пра будынак выклікае ў жанчыны двайное адчуванне. З аднаго боку, у вачах мільганулі іскрынкі гонару за ўтульнае і дагледжанае жытло. З другога… раптам узніклі сумныя ноткі ў размове, што лілася.
— Шкада, муж Мікалай Мінавіч не паспеў на ўсё гэта палюбавацца… Ён свет паглядзеў, быў майстрам спорту ў вольнай барацьбе і цяжкай атлетыцы. Шкада, што рана яго не стала… толькі выйшаў на пенсію…
А ён жа, майстар на ўсе рукі, меў мару, каб сям’я зажыла ў радасці на ўзбярэжжы Мухаўца. Пасля доўгіх вандровак ён абраў гэты куток для жытла. Будаваў уласнымі рукамі, літаральна з нуля, сам праект прыдумаў, сам грошы зарабляў, нават плітку ўласнымі рукамі адліваў. А вось пажыць сярод гэтай прыгажосці так і не давялося.
Для Нэлі Васільеўны Залуззе заўжды было родным. Тут век пражылі ў зго-дзе бацькі — Васіль Гаўрылавіч і Анэля Іосіфаўна Давідчыкі. Пра Вясіля Давідчыка дасюль родная вёска памятае. На ягоных вершах, песнях пабудавана цэлая фальклорная праграма ў мясцовым Доме народнай творчасці, куды прыязджаюць людзі літаральна з усяго свету (не толькі беларусы, але й многія, хто адпачывае ў санаторыях “Буг” ды “Надзея”). Ад матулі Нэля Васільеўна захавала самаробныя рэчы, зберагла і калаўрот, які яшчэ прабабуля круціла…
Гэты светлы ўспамін пра родных гаспадыня раптоўна перарывае, каб пазнаёміць са сваімі багаццямі.
Ніколі не даводзілася раней бачыць на нашых падворках адразу столькі экзатычных раслін. Пра іх гаспадыня можа гаварыць бясконца. З любасцю знаходзіць яна словы і сапраўды энцыклапедычныя веды для сваіх зялёных гадаванцаў. Таму расказвае вельмі кампетэнтна пра жыццё-быццё кожнай кветачкі: як нараджаецца яна, як расце-гадуецца, прыносячы радасць. Адным словам — па паліцах раскладвае “ўвесь карагод іх жыцця”, які адбываецца пад пільным наглядам гаспадыні. Хоць і цяжкая праца — але ж і ўдзячная. Бывае, па пяць разоў даводзіцца перасаджваць, пакуль расліна сваё месца “адшукае”. Прыжывецца — і пусціць надоўга карані жыцця. Проста так у глебу не ткнеш!
— Вось гліцынія, яна з поўдня прыйшла да нас, — знаёміць Нэля Васільеўна і адразу дадае. — Ад Вялікадня яна цвіла сапраўднай блакітнай лавінай. Вось тады гэтая прыгажосць зачараваць магла ўсялякага!
Нічога, і гэты час на краскі надзвычай багаты. З нейкай асалодай ідзе прадстаўленне новай гераіні-экзотыкі:
— З пачатку ліпеня ўваходзіць у непаўторную квецень катальпа, што мае вялізную карону. Нейкі спецыяліст пісаў: яна да нас, у Беларусь, ніяк не прыходзіць, не прыжываеццца. А ў мяне ёсць! — з гонарам гаворыць самабытны аграном.
А затым пачынае, як у нейкім музеі пад адкрытым небам, пералічваць назвы раслін, якімі ганарыцца: некалькі відаў вейгелы, акацый, ружаў, шмат-шмат сартоў лілей… Прызнацца, ад невядомых раней назваў, а яшчэ ад пахаў, што прыносяць кветкі-меданосы, хутка галаву закружыла. Як ад сапраўды добрай казкі, якую давялося не толькі пачуць, але й пабачыць.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: на ўтульным падворку ў Залуззі гасцей ветліва сустракаюць не толькі гаспадыні гэтай прыгажосці Н.В.Латугоўская і Н.М.Давідовіч, але й казачныя героі і цудоўны расліны.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top