Горад, сэрцу дарагі, адзначыў нараджэнне

Горад, сэрцу дарагі, адзначыў нараджэнне


IMG_0192 IMG_4796 IMG_4823
IMG_6492

IMG_0143

IMG_0113 IMG_0318 IMG_4792 IMG_4797 IMG_4802 IMG_4803 IMG_4825 IMG_4832 IMG_4843 IMG_4848 IMG_4881 IMG_4888 IMG_4932

Дзень горада, які Жабінка адсвяткавала сёлета ў суботу 18 ліпеня, запомніцца жыхарам і гасцям не толькі цікавай насычанай праграмай, але і жудаснай навальніцай, якая перашкодзіла завяршэнню святочных мерапрыемстваў паводле праграмы. Прырода ўнесла ў афішу свае карэктывы: сапраўднае пярун-шоу замяніла файер-шоу, што меркавалася адбыцца ў дзесяць гадзін вечара.
А папярэднічалі прыроднаму буйству шматлікія “спакойныя” спаборніцтвы і акцыі.
А 16-ай гадзіне Дзень нараджэння нашага роднага горада пачаўся з конкурсу-дэфіле дзіцячых калясак “ЦудДзяцінства”. У ім прынялі ўдзел сямёра сем’яў. Мамы, таты і дзеці прыкметна хваляваліся, таму што прыклалі немалыя намаганні, каб пераўвасобіцца ў прынцэс, багінь, анёлачкаў, мышак, царэўну-жабку, Чырвоную Шапачку і іншых казачных і мульцяшных герояў. Да ўвагі гледачоў і журы былі прапанаваны каляска-карэта, каляска-сыр для мышаняці, каляска-кветачка для пчолкі і іншыя. У намінацыі “ЦудДзіця” пераможцай стала “анёлачак” Людачка Каласоўская, “ЦудКаляска” — прынцэса ў карэце Надзейка Хільчук, цуда-бацькамі былі названы мамы і таты Жэнечкі Карпіна і Анюткі Бусько.
Цэнтральная алея гарадскога парка ператварылася ў гэты дзень у алею здароўя. Тут можна было памераць ціск, вызначыць глюкозу крыві, вагу і рост, пазнаёміцца з прадукцыяй карпарацыі “Сібірскае здароўе”, кампаній “Арыфлэйм”, “Фаберлік”, “Мэры Кэй”.
Кампанія “МТС” праводзіла акцыю “Мабільны горад”, запрашаючы ўсіх жадаючых падключыцца на выгадныя тарыфы.
Жыхары і госці райцэнтра мелі магчымасць атрымаць асалоду ад выступлення духавога аркестра Брэсцкай ваеннай камендатуры, пазнаёміцца з выставай раённага краязнаўчага музея “Падарожжа ў мінулае”, паназіраць за выступленнем Кобрынскага клуба гістарычнай рэканструкцыі.
Дзеці ж, якіх, на мой погляд, на свяце было нашмат больш, чым дарослых, з задавальненнем паўдзельнічалі ў забаўляльных праграмах “Дзяцінству сонца падарыце” і “Давайце станем у вялікі карагод”, а таксама ў конкурсе малюнкаў на асфальце “Горад-мара вачамі дзяцей”, за што атрымалі падарункі.
Парадавала малечу і выстава сабак, арганізаваная раённай дзіцячай бібліятэкай. Больш за дзесяць чалавек прыйшлі са сваімі гадаванцамі, прычым, не толькі з сабакамі, але й катамі, хамячкамі. Дзеці нафатаграфаваліся-наабдымаліся ўдосталь з чатырохлапымі сябрамі нашымі меншымі, якія дружна ўжываліся на танцавальнай пляцоўцы.
На гарадской плошчы і ў парку для малечы працавалі батуты і надзіманы “Замак шчасця”.
За 10 хвілін гэтага самага дзіцячага “шчасця” неабходна было заплаціць 20 тысяч рублёў. Бацькі, бабулі і дзядулі не сквапнічалі, таму дзетак ля атракцыёнаў было мноства.
Палаткі філіяла “Жабінкаўскі” ГУП “Брэсцкая міжраённая гандлёвая база” і індывідуальных прадпрымальнікаў наталялі голад і смагу адпачываючых, а таксама прапаноўвалі забаўкі.
Ну, і якое ж свята без песень?! Адпачыць душой можна было ў час святочнага канцэрта “Гэты горад самы лепшы!” з удзелам творчых калектываў Жабінкаўскага і Бярозаўскага раёнаў.
На Дні нараджэння Жабінкі прысутнічалі і госці з Расіі. Падзяліліся ўражаннямі Віталь, Таццяна, Алег і Надзея Пташынскія, якія жывуць у Сургуце, і масквіч Яўген Траян, які ўпершыню наведаўся да знаёмых у Жабінку. Яўген адзначыў, што ў Беларусі вельмі прыгожая прырода, людзі гасцінныя і ветлівыя, а наш райцэнтр — чысты і ўтульны. Расійскім гасцям вельмі спадабалася выступленне калектыву “Вярбічэнька” Ракітніцкага сельскага Дома культуры. А паспытаўшы на сабе парывы ветру і навальніцу, яны адзначылі, што на поўначы Расіі такіх дажджоў не бывае.
Неба наладзіла сапраўднае “шоу” ў гэты суботні вечар, аднак не сапсавала прыемныя ўражанні ад свята.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: у час святкавання Дня горада.
Фота Ірыны ЖУК і Паўла АСТАПОВІЧА. 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top