Выбары-2015: завяршылася падача дакументаў па стварэнні ініцыятыўных груп

Выбары-2015: завяршылася падача дакументаў па стварэнні ініцыятыўных груп

208925-05

У БЕЛАРУСІ ЗАРЭГІСТРАВАНЫ ТРЫ ІНІЦЫЯТЫЎНЫЯ ГРУПЫ па вылучэнні кандыдатаў на пасаду Прэзідэнта: Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча. Такое рашэнне прынята 17 ліпеня на пасяджэнні Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
У ініцыятыўную групу па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі ўвайшлі 10577 чалавек. У групу па вылучэнні Сяргея Калякіна павінна было ўвайсці 1511. Аднак вырашана выключыць 1 чалавека, паколькі гэта асоба без грамадзянства. Дакументы па групе Сяргея Гайдукевіча ўключалі 2484 грамадзяніны, але з яе таксама вырашана выключыць трох чалавек (двое не дасягнулі ўзросту 18 гадоў і адна ўдзельніца мае грамадзянства Расіі).
16 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам па пошце былі дастаўлены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Заблоцкага Сяргея Віктаравіча. Акрамя таго, у гэты ж дзень перадалі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Ірыны Першынай (кіраўнік ініцыятыўнай групы Марыя Храмцова), Жанны Раманоўскай (кіраўнік ініцыятыўнай групы Яўген Напорка), Мікалая Статкевіча (кіраўнік ініцыятыўнай групы Марына Адамовіч). Таксама 16 ліпеня былі перададзены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Андрэя Канаўца. Кіраўнік яго ініцыятыўнай групы — Дзмітрый Піліпчук. Паступілі дакументы аб стварэнні групы па вылучэнні Таццяны Караткевіч. Ініцыятыўную групу ўзначаліць Андрэй Дзмітрыеў. Яшчэ адзін пакет дакументаў, які перададзены 16 ліпеня ў ЦВК, датычыцца стварэння групы па вылучэнні Анатоля Лябедзькі. Кіраўнік групы — Віктар Карнеенка.
Раней, 14 ліпеня, былі пададзены дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі. У якасці кіраўніка групы выступіў Міхаіл Орда. 15 ліпеня ў Цэнтрвыбаркам паступілі дакументы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні Сяргея Калякіна. Кіраўнік яго групы — Валерый Ухналёў. Пасля былі пададзены дакументы аб рэгістрацыі групы па вылучэнні Сяргея Гайдукевіча. Кіраўнік групы — Анатоль Хішчанка.
Згодна з заканадаўствам, ЦВК павінен прымаць такія рашэнні на працягу пяці дзён пасля падачы дакументаў па стварэнні ініцыятыўнай групы. Цэнтральная камісія адмаўляе ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, калі парушаны палажэнні Выбарчага кодэкса. Права абскарджання адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы належыць таму, хто прэтэндуе стаць кандыдатам. Гэта скарга падаецца ў Вярхоўны суд у трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння аб адмове.
Права выбірацца Прэзідэнтам Беларусі маюць беларускія грамадзяне па нараджэнні, не маладзей за 35 гадоў, якія валодаюць выбарчым правам і пастаянна пражываюць у рэспубліцы не менш як 10 гадоў непасрэдна перад выбарамі. Пры гэтым тыя, хто мае судзімасць, не падлягаюць рэгістрацыі ў якасці кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду. Уваходзіць у склад ініцыятыўнай групы маюць права толькі выбаршчыкі, гэта значыць, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, а таксама грамадзяне, якiя ўтрымлiваюцца па прыгаворы суда ў месцах пазбаўлення волі, удзел у выбарах не прымаюць.
ПРЫ ЦЭНТРАЛЬНАЙ КАМІСІІ БЕЛАРУСІ па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў акрэдытаваны тры наглядальнікі, паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на пасяджэнні камісіі.
Лідзія Ярмошына растлумачыла, што на сённяшнім пасяджэнні прысутнічаюць наглядальнікі ад «Белай Русі», «Беларускага хельсінкскага камітэта» і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына прагназуе, што ў выніку будзе зарэгістравана пяць ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. 17 ліпеня на пасяджэнні былі зарэгістраваны тры ініцыятыўныя групы (па вылучэнні Аляксандра Лукашэнкі, Сяргея Калякіна і Сяргея Гайдукевіча). На наступным пасяджэнні Цэнтрвыбаркама 20 ліпеня. разгледжана пытанне аб рэгістрацыі ўсіх астатніх груп.
Прыём заявак на рэгістрацыю груп завяршыўся 17 ліпеня ў 19.00.
У МІНСКУ ВЫЗНАЧАНЫ МЕСЦЫ, забароненыя для правядзення пікетавання з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гэта рашэнне Мінгарвыканкама ўступае ў сілу з 23 ліпеня і дзейнічае да 21 жніўня 2015 года ўключна.
Устаноўлена, што пікетаванне з мэтай збору подпісаў выбаршчыкаў можа праводзіцца з 8.00 да 22.00.
На тэрыторыі Брэсцкай вобласці вызначаны месцы, дзе забаронены збор подпісаў выбаршчыкаў за кандыдатаў, якія будуць балаціравацца ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, паведаміў намеснік начальніка аддзела па каардынацыі ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама Аляксей Гарбуз.
Рашэнні, прынятыя мясцовымі органамі ўлады, размешчаны ў свабодным доступе на сайтах гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў і ўступяць у сілу з 23 ліпеня. Яны будуць дзейнічаць да 21 жніўня 2015 года ўключна. Аляксей Гарбуз падкрэсліў, што перад кіраўнікамі рэгіёна стаяла задача максімальна дазволіць збор подпісаў за кандыдатаў, за выключэннем месц, дзе размяшчаюцца стратэгічна важныя аб’екты.
Так, у Брэсце рашэннем старшыні гарвыканкама забаронена пікетаванне на плошчы Леніна, аб’ектах чыгуначнага транспарту, на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой». Збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты можна ажыццяўляць на адлегласці не менш як 200 метраў ад рэдакцый СМІ, радыётэлевізійных перадаючых станцый, не менш як 100 метраў — ад культавых будынкаў. Таксама пікетаванне забаронена на адлегласці менш як 50 метраў ад будынкаў мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распардчых органаў, консульскіх устаноў, судоў, органаў пракуратуры, тэрыторый арганізацый, што забяспечваюць абараназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць жыхароў горада (грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода-, цепла- і энергазабеспячэння).
Што датычыцца выбарчай кампаніі, то цяпер завяршаецца вылучэнне прадстаўнікоў у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія павінны быць утвораны не пазней за 22 ліпеня на сумесных пасяджэннях органаў прадстаўнічай і выканаўчай улады.
Старшыня Выканаўчага камітэта — выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў 14 ліпеня на пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў краін Садружнасці назначаны кіраўніком місіі наглядальнікаў ад СНД на выбарах Прэзідэнта Беларусі, якія адбудуцца 11 кастрычніка 2015 года.
У складзе ацэначнай місіі (місіі па ацэнцы патрэбнасцей) БДІПЧ АБСЕ ў Беларусь прыбыў і прадстаўнік ПА АБСЕ, паведаміў 15 ліпеня сакратар Цэнтрвыбаркама Беларусі Мікалай Лазавік.
Каменціруючы сустрэчу кіраўніцтва ЦВК з місіяй, Мікалай Лазавік сказаў: «Яна ў пашыраным складзе. Прадстаўляе дзве арганізацыі. Ад Парламенцкай асамблеі АБСЕ — дырэктар па пытаннях выбараў Андрэас Бейкер. Ад БДІПЧ АБСЕ — старшы саветнік па выбарах, выконваючы абавязкі намесніка дырэктара дэпартамента па выбарах БДІПЧ Таццяна Багусевіч і саветнік дэпартамента па выбарах Уладзімір Місеў».
«Была выказана ўдзячнасць, што Рэспубліка Беларусь запрасіла місію для назірання за выбарамі. Гэтым запрашэннем яны абавязкова скарыстаюцца», — расказаў Мікалай Лазавік аб змесце гутаркі з прадстаўнікамі місіі.
Акрамя таго, размова ішла аб забароне агітацыі, накіраванай на байкот выбараў. Мікалай Лазавік нагадаў прадстаўнікам місіі, што Беларусь далучылася да Канвенцыі аб стандартах дэмакратычных выбараў, выбарчых правоў і свабод дзяржаў — удзельніц СНД. У адпаведнасці з гэтай канвенцыяй байкот забаронены.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top