Ці патрэбен у гаспадарцы конь?

Ці патрэбен у гаспадарцы конь?

Untitled-12

Быў час, калі коні лічыліся асноўнай цяглавой сілай на сяле і былі ў кожным заможным двары. Пасля час імкліва змяніўся, з’явіліся “жалезныя коні”, таму цяпер жывыя ў навіну. Але той, што пасецца дзень пры дні на пустцы ў мікрараёне Жабінкі, стаў як бы часткай гарадскога пейзажу.
У той вечар, калі адбылося гэтае здарэнне, Сяргей Дрынеўскі са знаёмым выпіваў у парку. Калі апаражнілі пляшку, разышліся. Сяргей, як пераходзіў масток праз раку Жабінка, убачыў каня. Адразу з’явілася думка: “Хіба ён не спатрэбіцца ў гаспадарцы? Вось хаця б зяцю ў двары разараць…”. Яго нават не засмуціла, што зяць ніколі не трымаў агарод і не прасіў цесця пра нейкую паслугу ў апрацоўцы ўчастка, дзе ляжалі будаўнічы пясок, камяні ды друз.
Конь быў прывязаны ланцугом да штыра, убітага ў зямлю, таму стаў лёгкай здабычай. Дрынеўскі выцягнуў штыр і павёў жывёліну дадому. Нанач схаваў яе ў гаспадарчую пабудову ў двары зяця.
А тым часам, пасля змяркання, гаспадыня каня паслала мужа, каб прывёў жывёліну. І якімі былі яе неспакой ды расчараванне, калі той вярнуўся дамоў ні з чым. Сталі паўсюль шукаць — безвынікова. Праўда, жабінкавец, які прыцемкам выгульваў сабаку, расказаў: чуў, як па зямлі валачыўся ланцуг, і бачыў, што нейкі мужчына вёў каня, ды не надаў тады гэтаму значэння.
Жанчына пазваніла ў раённы аддзел унутраных спраў, і ў хуткім часе за пошукі каня і зламысніка ўзяліся работнікі міліцыі, якія вярнулі ёй прапажу, а на Сяргея Дрынеўскага была заведзена крымінальная справа. Кошт жывёліны ацэньваўся ў 27 мільёнаў рублёў.
Суд прызнаў С.Дрынеўскага вінаватым у тайным крадзяжы маёмасці — у злачынстве, якое падпадае пад частку 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і вынес пакаранне — штраф у памеры 100 базавых велічынь на суму 15 мільёнаў рублёў.
Ці не з’явілася пры гэтым у Сяргеевай галаве думка: “Вось адна такая дурнавата-п’яная выхадка абярнулася цэлымі мільёнамі страты?! Штраф аддай — і яшчэ ні з чым пры гэтым застанься!..”
Людміла РУБАШЭЎСКАЯ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top