За кароткімі фразамі — жорсткасць баёў

За кароткімі фразамі — жорсткасць баёў

IMG_9973 KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Унёсак у вызваленне Жабінкі ад фашысцкіх захопнікаў вымяраецца шматлікімі ахвярамі землякоў пад час акупацыі і на палях вайны, сотнямі жыццяў чырвонаармейцаў і савецкіх афіцэраў, што склалі галовы ў баях за нашу зямлю ліпеньскімі днямі 1944-га.
НЕКАЛІ ДНЁМ ВЫЗВАЛЕННЯ райцэнтра называлі 18 ліпеня 1944 года. Менавіта ў гэты дзень у эфір была перададзена афіцыйная зводка “Саўінфармбюро” з кароткім паведамленнем: войскамі І-га Беларускага фронту ачышчана ад ворага мястэчка Жабінка, нашы войскі працягваюць з баямі рухацца ў накірунку Брэста.
Аднак названы дзень быў толькі пачаткам. Ніводны райцэнтр Брэстчыны не вымагаў настолькі моцнага супрацьстаяння як Жабінка. Савецкім войскам давялося на працягу трох сутак узламваць масіраваную абарону ворага. Значнасць чыгуначнай станцыі і нафтабазы, вялікая колькасць гітлераўцаў, што адчайна трымаліся за мястэчка, абумовіла напружанасць баёў. Толькі 21 ліпеня чырвоны пераможны сцяг залунаў на адміністрацыйных будынках у Жабінцы.
Архіўныя дакументы дасюль даносяць лаканічныя водгукі падзей, што вяліся тады на гэтай зямлі. За кароткімі фразамі рапартаў і данясенняў хаваецца ўся жорсткасць баёў за мястэчка і ў яго наваколлях.
Штодня знаёмыя населеныя пункты, адбітыя ў непрыяцеля, траплялі на старонкі аператыўных зводак Генеральнага штаба Чырвонай Арміі, падпісаныя намеснікам начальніка аператыўнага кіравання Генштаба Чырвонай Арміі генерал-лейтэнантам Грызловым і начальнікам інфармацыйнага аддзела генерал-маёрам Платонавым.
У другой палове дня 18 ліпеня 1-ы механізаваны корпус Чырвонай Арміі фарсіраваў Мухавец, перарэзаў шашу на захад ад Кобрына і выйшаў на мяжу Жабінка, Хадасы, Перкі.
Наступны дзень прайшоў у падрыхтоўцы ўдарных сіл на подступах да райцэнтра, сабраных у моцны кулак, што складаўся з 20-й і 48-й стралковых дывізій 28-й арміі. Раніцай 20 ліпеня перадавыя часці сустрэлі моцнае вогненнае супраціўленне праціўніка (у тым ліку паблізу Крыўлянаў і Свішчоў), адбілі 12 контратак. Наступленне, нават з дапамогай танкаў, замарудзілася (у адным з лакальных баёў загінуў танкіст, старшы лейтэнант Фёдар Рацюк, чыя магіла дасюль захоўваецца ў лесе паблізу Арэпічаў). У выніку нашы войскі прасунуліся наперад толькі на адзін кіламетр.
На падмогу ішлі новыя часці, у тым ліку 61-й арміі, што паспяхова білася за вызваленне Кобрына.
Надыход ночы не спыніў баявую актыўнасць стралковых корпусаў 28-й арміі. Яны змагаліся ў раёне Арэпічаў, Налезнікаў, Драмлёва (гэтая вёсачка, знішчаная карнікамі ў верасні сорак другога, заставалася, на жаль, толькі на тапаграфічных картах вайскоўцаў), Семенаўцоў, Кардоў, Вялікіх Якаўчыцаў. Адначасова, пасля авалодання Кобрынам, на дапамогу шпарка рухаліся значныя сілы 61-й арміі, якія занялі абшары паміж Якаўчыцамі і Савіцкам (сённяшняе Залуззе).
Змаганне было паўсюль — і на зямлі, і ў небе. Больш інтэнсіўнай стала “праца” авіяцыі. Калі напярэдадні авіяцыя І-га Беларускага фронту ўзнімалася ў неба каля 800 разоў, дык цяпер летакі здзейснілі 1441 вылет, збіўшы у паветраных баях 25 самалётаў з крыжамі на крылах. Супраціў-ленне ворага прыкметна слабела. У палон трапіў нават камандзір 110-й нямецкай пяхотнай дывізіі генерал-лейтэнант фон Куроўскі, які хаваўся ў тыле савецкіх войскаў пасля таго, як пад Мінскам была ўшчэнт знішчана ягоная дывізія.
Вынятка з аперацыйнай зводкі Генеральнага штаба, складзеная раніцай 22 ліпеня, лаканічна паведамляла пра падзеі мінулага дня. У сціслых звестках — радасная навіна для жабінкаўцаў: воіны 28-й арміі ўвайшлі ў Курпічы і занялі ўсходнюю ўскраіну Жабінкі, умацаваліся “на стыку шашэйных дарог — у 5 км на паўднёвы ўсход ад райцэнтра”. Пазней у памяць пра гэтую падзею ў Федзькавічах паўстаў помнік з выявай воіна-вызваліцеля, што ўзнімае пераможны сцяг.
Іншы пом-нік — са скульптурай воі-на, узброенага аўтаматам, — пастаўлены ў Жабінцы ў памяць пра байцоў і іх ка-мандзіраў, што склалі галовы пры вызваленні Жабінкаўшчы-ны. У тым ліку тых, хто ў складзе 9-га танкавага корпуса ава-лодалі з боем вёскамі Жыцінь і Грабаўцы.
Нарэшце раніцай 22 ліпеня камандаванне 20-й стралковай дывізіі 28-й арміі І-га Беларускага фронту паведаміла: “Дывізія ў 13.00 21.07.44г., пераадольваючы інжынерныя перашкоды і моцны кулямётны і артылерыйна-мінамётны агонь на заходнім беразе р.Жабінка, уварвалася на ўскраіну Жабінкі і, працягваючы вулічныя баі, днём 21.07.44г. поўнасцю авалодала станцыяй і населеным пунктам Жабінка”.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымках: пра жорсткія баі за вызваленне нагадваюць помнікі ў Жабінцы і Федзькавічах.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top