“Каб зразумець людзей, стаўлю сябе на іх месца”

“Каб зразумець людзей, стаўлю сябе на іх месца”

_DSC6218

На старшынях сельскіх Саветаў цяпер вырашэнне шмат якіх жыццёвых пытанняў. У некага з вяскоўцаў плот пахіліўся, іншы брыкет не завёз, у трэцяга лямпачка перагарэла, чацвёрты станам дарог не задаволены. Са зваротамі найчасцей звяртаюцца пажылыя людзі, у якіх фізічных сіл не стае, каб справіцца з усім гэтым самастойна.

Прыёмны дзень у старшыні Ракітніцкага сельскага Савета дэпутатаў Уладзіміра Уладзіміравіча Дземідзюка — серада. Людзі прыходзяць з набалелымі пытаннямі: хтосьці хоча набыць зямельны ўчастак, у некага праблемы з пячным ацяпленнем, з электраправодкай. Жыхарка Ракітніцы Вера Паўлаўна Дзешчыц звярнулася, напрыклад, каб дапамаглі ўстанавіць мяжу для замены старога плота. Іван Мікалаевіч Круглікаў з Булькова выказаў па тэлефоне просьбу ажыццявіць ямачны рамонт вуліц Каштанавая і Чапаева ў вёсцы і ўстанавіць на першай “ляжачых паліцэйскіх”.
Аднак, не толькі ў прыёмны дзень прыходзіцца вырашаць актуальныя для жыхароў сельсавета праблемы. Уладзімір Уладзіміравіч уважліва адносіцца да кожнага звароту, без увагі старшыні сельвыканкама не застаюцца і маламаёмасныя, адзінокія, адзінока пражываючыя грамадзяне. Асаблівы клопат старшыня праяўляе пра добраўпарадкаванне населеных пунктаў, арганізацыю электра-асвятлення, забеспячэнне насельніцтва таварамі паўсядзённага попыту, належную работу ўсіх арганізацый і ўстаноў на тэрыторыі сельсавета — аховы здароўя, сувязі, гандлю, адукацыі і іншых.
— Каб зразумець людзей, стаўлю сябе на іх месца, — кажа У.У.Дземідзюк. — Прыйшоў чалавек у сельскі Савет са сваёй праблемай — дапамажы яму, чым можаш. Вяскоўцы высока цэняць нават нязначны клопат і ўвагу. Галоўным жа ў сваёй рабоце лічу ўменне дамовіцца і з людзьмі, і з кіраўнікамі службаў, з якімі даводзіцца супрацоўнічаць.
Разам з вясковымі старастамі, сярод якіх Уладзімір Уладзіміравіч выдзеліў Надзею Пятроўну Супрунюк (в.Замошаны), Марыю Сямёнаўну Мацкевіч (в.Задзерць) і Галіну Сцяпанаўну Шамайла (в.Стрыганец), кіраўнік сельсавета займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторый агульнага карыстання і прыдамовых. Сочыць за станам дарог, якія звязваюць населеныя пункты сельсавета, праводзіць сельскія сходы.
Прыярытэтны напрамак работы сельскіх Саветаў дэпутатаў — стварэнне належных умоў пражывання вяскоўцаў. Пастаянная ўвага Ракітніцкім сельсаветам на чале з У.У.Дземідзюком надаецца ветэранам Вялікай Айчыннай вайны: на тэрыторыі сельсавета іх пражывае трое і два вязні. Прадстаўнікі сельскай улады стараюцца вырашаць усе праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць у ветэранаў: гэта выпіска дроў і брыкету, забеспячэнне падвозу ў райбальніцу, дапамога ў навядзенні санітарнага парадку і інш.
— Напярэдадні 9 Мая мы неаднаразова наведваліся да Валянціны Васільеўны Хмурэц, Івана Рыгоравіча Чэрнікава, Міхаіла Данілавіча Яроцкага, Нікана Іванавіча Навумовіча і Ганны Васільеўны Герасевіч, — расказвае старшыня сельскага Савета. — Дарэчы, ААТ “Ракітніца” выдзеліла ім па аднаму мільёну рублёў, “Еўрагандаль” падрыхтаваў прадуктовыя наборы. Кожнага ветэрана вайны наведалі вучні Ракітніцкай сярэдняй школы, работнікі сельскага Дома культуры з канцэртнай праграмай. Пад час нашага візіту да Міхаіла Данілавіча Яроцкага выявілі, што электраправодка ў хаце ветэрана патрабуе замены, адразу заняліся гэтым пытаннем.
Старшыня сельсавета падзяліўся, што ў планах на бягучы год закончыць добраўпарадкаванне могілак у вёсцы Булькова, купіць і ўстанавіць агароджы на вуліцах XXIV з’езда КПСС у Ракітніцы, Цэнтральнай і Вішнёвай у Стрыганцы. Падрыхтаваны 13 зямельных участкаў, шэсць з якіх (у Федзькавічах, Замошанах, Ракітніцы, Булькове і Стрыганецкіх Буснях) у хуткім часе будуць выстаўлены на аўкцыён.
Вось некаторыя з асноўных клопатаў, якімі жывуць Ракітніцкі сельскі Савет і яго старшыня, з увагай і павагай ставячыся да людзей, іх запытаў і патрэб.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.

На здымку: старшыня Ракітніцкага сельскага Савета дэпутатаў У.У.Дземідзюк.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top