Untitled-13

Прынялі ўдзел у фестывалі
ў Польшчы

Па запрашэнні Бяла-Падляскага цэнтра культуры творчыя калектывы клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”: танцавальны ансамбль эстраднага танца “Цукарынка”, вакальныя ансамблі “Карамелька” і “Балаганчык” (кіраўнікі Тамара Дзікая і Галіна Міцковіч), а таксама салісты вакальнай студыі “Зорны дождж”, якой кіруе Андрэй Войнаш, Юрый Віцнер, Юрый Пабядзінскі, Леанід Дудар і Герман Смаршчок прынялі ўдзел у штогадовым фестывалі “Кірмаш у Радзівіла”. У Бяла-Падляску з’ехаліся калектывы з Беларусі, Украіны, Польшчы, Германіі і Егіпта, якія праз музыку, спевы і танцы пазнаёмілі прысутных з адметнасцямі ўласнай нацыянальнай культуры. Жабінкаўцы прывезлі дадому дыплом удзельнікаў фестывалю і падзяку ад кіраўніка адміністрацыі Бяла-Падляскі Дарыуша Стэфанюка.

Шчасце знаходзяць у творчасці

У Свята-Сімяонаўскім кафедральным саборы Брэста адбылося падвядзенне вынікаў творчага конкурсу “Древняя обитель — моё вдохновение”, які быў прысвечаны 550-годдзю Спаскага жаночага манастыра Кобрына.
Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 575 чалавек амаль з усіх гарадоў Брэстчыны ва ўзросце ад 4 да 66 гадоў. Прыемна, што столькі людзей у творчасці атрымліваюць шчасце, робяць свет дабрэйшым і прыгажэйшым.
Галоўны прыз конкурса — паломніцкая паездка па манастырах Рускай Праваслаўнай Царквы — быў прысу-джаны 19-гадовай Настассі Галёта з Брэста. Яна напісала маслам карціну “Тайна не ўсім даступная”.
Сярод 44 прызёраў конкурсу ў розных узроставых групах і намінацыях названы і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны. Гэта выхаванец нядзельнай школы 10-гадовы Ілля Федчык, які падрыхтаваў малюнак “Нестар-летапісец”, і супрацоўніца “Сельскай праўды” Святлана Кіслая. Яна ўдзельнічала ў намінацыі “Фота. Відэа”.

Гаварылі пра любоў і вернасць

У дзень памяці святых князёў Пятра і Фяўронні ў клубе праваслаўных зносін “Вера і жыццё” цукразаводскай бібліятэкі адбылася сустрэча з клірыкам Свята-Пакроўскага храма Жабінкі, святаром Андрэем Петрусевічам. На гэты раз яна была прысвечана Дню сям’і, любові і вернасці.
Напачатку гутаркі айцец Андрэй прадэманстраваў фільм пра жыццё і малітоўны подзвіг святых Пятра і Фяўронні Мурамскіх. Далей чытачы за кубачкам чаю задавалі святару хвалюючыя пытанні, якія тычыліся паводзін у сям’і.
Бібліятэкар Святлана Васільеўна Скаліна падрыхтавала тэматычную кніжную выставу “Пад покрывам Пятра і Фяўронні”. Айцец Андрэй напрыканцы сустрэчы падарыў у фонд бібліятэкі чарговую кнігу на праваслаўную тэматыку.

Колькасць пажараў павялічылася

У першым паўгоддзі ў раёне адбылося 12 пажараў, што на 2 больш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Агонь знішчыў 6 пабудоў, дзве адзінкі тэхнікі, дзве тоны грубых кармоў. Дзякуючы намаганням супрацоўнікаў раённага аддзела надзвычайных сітуацый двое пацярпелых, 11 пабудоў і адна адзінка тэхнікі былі выратаваны. На жаль, тры чалавекі атрымалі траўмы і адзін загінуў. Матэрыяльны ўрон ад пажараў склаў 333,5 мільёна рублёў. Асноўныя іх прычыны — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі печаў і электрасетак, праяўленне сіл прыроды і свавольства дзяцей з агнём.

Хуткасць знізіла… апора

19-гадовы Л. толькі-толькі атрымаў вадзіцельскія правы. Ну як тут не радавацца жыццю, калі паслухмяны чорны Фольксваген-Шаран разганяецца нават ад лёгкага дотыку да педалі газу?!
Да парады старэйшых не ліхачыць кіроўца не вельмі прыслухоўваўся. А дарма. Пасля дожджыку ў аўторак Л. спяшаўся па вул.Камсамольская. На дарожныя знакі не глядзеў, не ўлічыў, што асфальт мокры, машыну раптоўна занесла і… У імгненне вока аўтамабіль пераскочыў бардзюр, пранёсся над тратуарам і стукнуўся аб апору лініі электраперадач насупраць Свята-Пакроўскай царквы. Спрацавала падушка бяспекі, вадзіцель не пацярпеў, а ў Шаране давядзецца замяняць абодва бамперы.
Дарэчы, гэта 51 ДТЗ з матэрыяльным уронам з пачатку года (летась гэтая лічба была ў два разы вышэйшая).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top