Женщина с весенним именем

Женщина с весенним именем

Жанчына з веснавым імем
У сакавіку 1937 года, калі  ў пагожы дзень са стрэх падалі звонкія капяжы і наваколле, здавалася, поўнілася гэтым звонам, у вёсцы Сетка Тульскай вобласці ў сям’і маладых чыгуначнікаў Нікалаевых нарадзілася дачка — другое дзіцятка. Сталі думаць-раіцца, якое імя даць немаўляці. Ініцыятыву на сябе ўзяла бабуля Аня — маміна мама.
— Зараз прырода абуджаецца, сказала Ганна Іванаўна. — Дайце дачушцы веснавое імя…
Так дзяўчынка атрымала імя Марта — па рускай назве першага веснавога месяца. Адпрацавала многія гады на камбікормавым заводзе, а сёння Марта Сяргееўна ў тым узросце, калі хочацца ўсё, што ведае пра сваіх блізкіх, перадаць дзецям і ўнукам, каб ведалі, адкуль пайшоў іх род. Яна як бы захавальніца сямейнай памяці.
Шмат ведае Марта Сяргееўна Генералава пра сваю вёску Сетка, дзе нарадзілася і скончыла першы клас. Старыя людзі расказвалі: яшчэ за царскім часам сюды перабіраліся жыць з суседняй Курскай губерні, бо тут танней можна было купіць зямлю. Таму нямала жыве Генералавых ды Быканавых. На Куршчыне ёсць вёска Быканаўка, дый маці Клаўдзія Трафімаўна з роду Быканавых, а мужам Марты Сяргееўны стаў Яўген Генералаў — сябар дзяцінства.
Бацька Марты — Сяргей Мікалаевіч Нікалаеў — нарадзіўся ў Эстоніі, у горадзе Нарва. Маці яго была эстонка, а бацька — рускі. Рана пачаў батрачыць, а пасля пайшоў працаваць на чыгунку. Там сустрэў будучую жонку Клаўдзію Быканаву. Маладыя пакахалі адзін аднаго, пажаніліся.
У 1939 годзе, калі заходнія землі далучылі да БССР, Сяргея Мікалаевіча накіравалі ў Брэст-Літоўск. Прыехаў ён з маладой жонкай, дзецьмі і жончыным братам Георгіем Быканавым, якога малыя звалі дзядзькам Ягорам.
Неўзабаве Сяргея Мікалаевіча прызначылі намеснікам начальніка дыстанцыі пуці, база якой размясцілася ў Жабінцы. Сям’я пераехала на новае месца жыхарства, а дзядзька Ягор застаўся ў Брэсце.
У пачатку чэрвеня 1941 года Сяргея Нікалаева накіравалі на курсы перападрыхтоўкі ў горад Львоў. Клаўдзія Трафімаўна, каб не заставацца адной з дзецьмі ў Жабінцы, вярнулася ў Тульскую вобласць да маці. А тут пачалася вайна. Прыйшоў апошні ліст ад дзядзькі Ягора з Брэста. Марце запомніліся словы з яго: “У нас тут — сапраўднае пекла!..”
У вайну бацька адшукаў сваю сям’ю ў вёсцы Сетка, і ўсе разам жылі да вызвалення нашага раёна. Пасля Сяргея Мікалаевіча выклікалі на ранейшае месца работы. Нікалаеў узначаліў калектыў дыстанцыі пуці. Сям’я прыедзе пазней. Марта пойдзе ў другі клас Жабінкаўскай сярэдняй школы.

Калі сям’я стала абжывацца ў Жабінцы, нечакана зайшла суседка Лукер’я Адзінец, якая жыла недалёка на хутары. Яна прынесла першую вестку пра дзядзьку Ягора. Георгій Трафімавіч, як аказалася, вырваўся з палаючага Брэста і дабраўся да Жабінкі. Сястрын дом пуставаў. Баючыся рабавання, дзядзька сабраў самае дарагое і перадаў на захаванне Лукер’і Фамінічне. Імі аказаліся два дываны і канапка — першы набытак сям’і Нікалаевых. Зараз суседка ўсё перадала гаспадарам.
У Нікалаевых былі ў цане сямейныя рэліквіі. Адзін дыван заняў сваё месца на сцяне, а пад другі — Сяргей Мікалаевіч змайстраваў стол, так што дасюль ён замест абруса. Канапка надламалася, але Марта Сяргееўна не спяшаецца расставацца з ёю.
— Гэта ж памяць пра маіх бацькоў! — гаворыць яна. Памяць захоўвае нямала і з жыцця суседкі. У Лукер’і з Фадзеем не было сваіх дзяцей. У першыя дні вайны на хутар да Адзінцоў дабралася жанчына з сынам Юрам. Пазней усіх “усходнікаў” збіралі як бы для перапісу. Жанчына пайшла, а хлопчыка Лукер’я Фамінічна ўпрасіла пакінуць з ёю. Усіх, хто прыйшоў на “перапіс”, расстралялі, а Юрка застаўся.
Лукер’я Фамінічна любіла яго, як роднага сына. У школу ён пайшоў з прозвішчам Адзінец. Калі вырас, жанчына зрабіла яму вяселле. У 1985 годзе яе не стала, ды засталіся грошы на ашчаднай кніжцы, і Юрыю прыйшлося сваю блізкасць да памерлай даказваць у судзе. Сведкамі былі Клаўдзія Нікалаева і Барыс Кавальчук, якія добра ведалі сям’ю Адзінцоў.
— Юрый жыве ў Брэсце, — расказала Марта Сяргееўна. — Ён не забывае пра сваю прыёмную маці. Прыязджае на магілу. Некалькі гадоў назад абнавіў помнік, з’явілася фатаграфія Лукер’і Фамінічны.
Дзіцячая памяць Генералавай захавала, як бацька Сяргей Мікалаевіч клапаціўся, каб на месцы расстрэлу “ўсходнікаў” з’явіўся помнік.
— Шкада, што не знайшлося тады энтузіястаў, — разважыла Марта Сяргееўна, — якія прыйшлі б да людзей і распыталі, каго расстралялі ў Жабінцы. У той час яшчэ былі сведкі, якія маглі б назваць загінулых пайменна. А зараз — позна…
Яна збірае не толькі звесткі пра блізкіх родзічаў, але і пра сваіх аднакласнікаў. Матэрыялы склалі альбом.
— Я стараюся не прапускаць нічога, што трапляе ў рукі пра вучняў 40-50-х гадоў, — адзначыла жанчына. — Скажу, найбольш пішуць пра земляка, доктара тэхнічных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР Яўгена Завулічнага. Гэта гордасць выпуску 1954 года.
Да слова скажам, што паўвекавы юбілей выпуску колішнія вучні змаглі адзначыць у Жабінцы. Ініцыятарам сустрэчы была Марта Нікалаева-Генералава, а душой, як і ў школьныя гады, — усё той жа Яўген Завулічны.
Р.БЕНЗЯРУК.
На здымку: захавальніца памяці Марта Сяргееўна Генералава.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top