“Дрэва патрэбна разумець…”

“Дрэва патрэбна разумець…”

IMG_9583

Для мяне з фотакарэспандэнтам гэта была сапраўдная экскурсія. І многім ажыццявіць падобную наўрад ці атрымаецца. Тым больш, знайсці такога “экскурсавода”, як А.А.Міколенка. Але хопіць інтрыгаваць. Трапілі мы ў гадавальнік, дзе Аляксандр Аляксеевіч вырошчвае і ягаднікі, і саджанцы фруктовых дрэў.
— Гэта персік, вельмі “круты” сорт. Больш чым 20 розных пераспрабаваў. Тыя сарты, якія не апраўдалі сябе, выбракоўваў, якія спадабаліся — вырошчваю і дагэтуль, і людзям прапаную… — Так пачаў з намі агледзіны сваёй багатай разнастайнай “плантацыі” аматар-садавод. — А вось гібрыд слівы з алычой. Іх у мяне толькі 10 штук. Гэта для “садовых абывацеляў”, калекцыянераў. У дрэва паніжаная марозаўстойлівасць, яму догляд своеасаблівы патрэбен, не кожны зможа такое даглядаць.
Ідзём за А.А.Міколенкам, а ён з задавальненнем паказвае свае саджанцы. Роўненькімі радкамі высаджаны вішні. “У іх тут ПМЖ, — кажа Аляксандр Аляксеевіч і, калі бачыць, што мы не разумеем, тлумачыць: — Пастаяннае месца жыхарства”. А побач “бамжы”: саджанцы ў скрынках, гаршках, аўтамабільных шынах, у драўняным пілавінні, іншыя пасаджаныя без гною альбо з ім, дзе верхні слой — белы пясок. Так А.А.Міколенка эксперыментуе. Дарэчы, каб угноіць глебу, выкарыстоўвае “падсцілку”, на якой вырошчваліся шампіньёны. Яе мяняюць часта на прадпрыемстве, што займаецца вырошчваннем грыбоў і знаходзіцца ў свабоднай эканамічнай зоне ля Брэсцкага аэрапорта. Такі “шампіньёнавы гной” мае свае перавагі, у ім няма насення пустазелля, якое хутка прарастае пасля ўнясення ў глебу звачайнай арганікі. А значыць, і апрацоўваць зямлю становіцца лягчэй, тым больш, расліны пасля такой падкормкі добра растуць і пладаносяць.
— А гэта ведаеце якое дрэва? — спыняецца А.А.Міколенка перад невялікім саджанцам з чырвонымі завітушкамі-лістамі, не дачакаўшыся адказу, гаворыць: — Кучаравы арэх. Ён добра пладаносіць… Побач дрэва айвы. Некаторыя лічаць, што яна толькі куставая дэкаратыўная расліна — хеномелес (японская айва). Але гэта не так. Прыгожыя і махнатыя плады. Па легендзе Ева спакусіла Адама не яблыкам, а айвой.
Звычайна ў садзе мы прывыклі бачыць дрэвы шырокія, разгалінаваныя, а ў гадавальніку раслі калонападобныя алыча, сліва, абрыкос, яблыня. Аляксандр Аляксеевіч прызнаўся, што захапіўся імі больш чым дзесяць гадоў таму. І цяпер калонападобных і саджанцаў, і дрэў у яго цэлая калекцыя. Як жа яблыкі збіраць? А завязкі іх літаральна кучкамі былі ў лістоце нібыта прыклееныя да ствала метры чатыры ў вышыню. А.А.Міколенка ўсміхнуўся і сказаў, што патрэбны ўсяго толькі драбіны, наадварот плады ў такіх ярусах зрываць хутчэй.
Затым быў майстар-клас. Сапраўдны практыкум для пачынаючых, як патрэбна фарміраваць саджанец. Прама скажу, Аляксандр Аляксеевіч ас у гэтай справе. А яшчэ трэба было бачыць, з якім захапленнем, апантана ён пра ўсё расказваў:
— Глядзіце, як абрыкос вядзецца. Тут лісцік абламаў, каб сонца даходзіла. Пачынаюць ісці пасынкі — без канца шчыпаем. Першы ярус галінак пакінулі: чатыры хопіць, пятую выдаляем. Дзве пядзі адмяраем і фарміруем наступны. Вось таксама пасынак лішні, нават просіцца, каб яго абламалі. Дрэва патрэбна разумець, калі яно расце. Якім яго сфарміруем, такім яно і будзе. З саджанца можна вяроўкі віць, у прамым і пераносным сэнсе. Напрыклад, уявіце сабе гэты абрыкос праз некалькі дзясяткаў гадоў. Навошта яму галіна так нізка ад зямлі? А яна будзе менавіта на такой адлегласці і тады…
Падумалася, што ў садзе, быццам у людской сям’і: якімі выхаваеш дзяцей, што “пасееш” у іх душах — дабрыню ці чэрствасць, тое і атрымаеш. Але ў раслін важны яшчэ сорт, падкрэслівае Аляксандр Аляксеевіч. А калі ён добры, дык ураджаі абавязкова парадуюць.
— І чакайце “бомбу”, — так А.А.Міколенка называе гіганцкія клубніцы, якія выраслі ў яго сёлета. — Адна ягада — 100 грамаў, 10 штук — і кілаграм “набягае”. Гэты сорт ён мяркуе размножыць.
Імкнулася “вылічыць” усё ж, якой культурай А.А.Міколенку цікавей займацца, якую агратэхнічную “аперацыю” выконваць. Не атрымалася. Дый ён і сам не ведае.
Кожная расліна догляду патрабуе, дый іх тут столькі, што сумаваць не даводзіцца. Асабліва займае глядзець, як яны растуць, сілы набіраюцца, пладаносяць, як з мізэрнага саджанца ў такія прыгажуны выб’юцца.
Незаменныя памочнікі тут розныя прылады, якія дапамагаюць і пустазелле вынішчыць, і глебу падрыхліць. Некалькі відаў культыватараў, некаторыя з якіх “мясцовы Кулібін” зрабіў, матыкі абавязкова з доўгай ручкай, “каб не нахіляцца і спіна не балела”. Словам, прадумана як найлепш.
А.А.Міколенка ўспамінае, што ўсё пачыналася гадоў 20 таму. Ідэя займець свой участак, дзе можна насадзіць шмат дрэў, ягад, экзатычных раслін, жыхару Брэста, інжынеру-механіку (не аграному па спецыяльнасці), начальніку тэхбюро, майстру электралямпавага завода Аляксандру Міколенку, чалавеку, здавалася б далёкаму ад усяго гэтага, прыйшла зусім невыпадкова. Карані трэба шукаць у яго радаслоўнай: дзед Сямён, украінец, з Кіеўскай вобласці, у пана садоўнікам служыў, бацька таксама любіць займацца гэтай справай, нават цяпер, калі яму ўжо за 80.
У Задзерці ўзяў А.А.Міколенка ўчастак зямлі, дзе вырас невялікі дом. Уся ўвага гаспадара скіравана была на працу на зямлі. Падтрымлівала і жонка Таццяна, мясцовая, з суседніх Радванічаў.
Сваіх ведаў, дзіцячых назіранняў за работай у садзе дзеда з бацькам, вядома, не хапала, таму чытаў, меў зносіны з такімі ж аматарамі. Цяпер сам каго хочаш навучыць. Абменьваецца з калекцыянерамі саджанцамі. Вось узяў нядаўна на развод у фермерскай гаспадарцы “Кукеты” кусцік буякоў высакарослых. Задумаў і гэтую культуру паспрабаваць вырошчваць у сябе.
Прадукцыю з гадавальніка Аляксандр Аляксеевіч возіць на кірмашы, гандлюе на рынку. Летась паехаў у Пінск на выставу вінаградараў. Прадаў толькі адзін куст і кілаграмаў 50 ягад (некаторыя гронкі ўрадзілі па 1-1,5 кг). Затое колькі ўражанняў атрымаў ад сустрэч з калегамі! На думку А.А.Міколенкі, самыя “моцныя” прафесіяналы-вінаградары ў Брэсце Уладзімір і Наталля Астапенкі. Аляксандр Аляксеевіч падтрымлівае з імі сяброўскія адносіны, вучыцца і метадам вырошчвання вінаграду.
На развітанне запыталася ў А.А.Міколенкі: яго занятак для душы ці дзеля матэрыяльнай выгады? “Калі хобі і даход спалучаюцца ў адно цэлае — гэта ідэальна. У мяне так”, — адказаў ён.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымку: у гадавальніку А.А.Міколенкі, вёска Задзерць.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top