З маленства развівалі добрыя якасці

З маленства развівалі добрыя якасці

IMG_9885

Дзіця пазнае свет і, як гумка, захоплівае веды і асацыяцыі. Чым больш бацькі яму дадуць, тым будзе лепш. У гэтым пераканана настаўніца пачатковых класаў ДУА “СШ №1 г.Жабінка” Ірына Анатольеўна Панфіла.
— Дзіця вырасце інтэлектуальна развітым і тактоўным толькі ў тым выпадку, калі яму з дзяцінства ўдзяляюць шмат увагі. Гэта, як прарослае зярнятка, якому патрэбна ўрадлівая глеба, — лічыць яна.
— Ірына Анатольеўна, вашаму сыну Міхаілу пятнаццаць. Ён разумны і мэтанакіраваны хлопец. Вучыцца добра, удзельнічае ў раённых алімпіядах. Гэта вы прывілі яму любоў да ведаў?
— Я пастаянна імкнуся развіваць у сына добрыя якасці. З маленства мы кожны вечар чыталі кніжкі. Сынок яшчэ не гаварыў, а я гэта рабіла, таму што ён вельмі ўважліва слухаў. У чатыры з паловаю гады Міша ўмеў чытаць. У дзяцінстве ў яго было многа захапленняў, але я ні да чога не прымушала яго, не навязвала. Калі бачыла, што сыну цікава, проста падтрымлівала ягоныя захапленні.
— А калі вы зразумелі, што ў Мішы матэматычны склад розуму?
— Вельмі рана. Як толькі вывучыў лічбы, цэлымі днямі суміраваў, аднімаў, прыдумваў задачкі і сам жа іх рашаў. У школе на ўроках атрымліваў толькі добрыя адзнакі па матэматыцы. Яшчэ ў дзяцінстве ў сына была схільнасць да творчага напісання: з-пад яго пяра выходзілі казкі, іх ён чытаў найперш мне. Развіваў сюжэты з прадаўжэннем, прыдумваў цікавыя гутаркі-размовы для персанажаў.
— Вы сказалі, што бацькі павінны развіваць дзіця. А якая тады ў гэтым роля школы?
— Вялікая. Бацькі могуць даць нешта агульнае, закласці аснову для наступных ведаў. А настаўнікі канкрэтызуюць і штодня ўзбагачаюць яго веды, пазнанне. Калі ў педагога атрымаецца захапіць, зацікавіць клас, то дзеці будуць імкнуцца як мага глыбей ведаць яго прадмет.
Міша вучыцца ў ДУА “СШ №1 г.Жабінка”. Тут працуюць таленавітыя педагогі Ірына Валянцінаўна Созінава, Галіна Пятроўна Якубук, Людміла Мікалаеўна Шэйка, Аліна Антонаўна Барысюк, Ганна Іванаўна Якімавец. З сёмага класа Міхаіл цікавіцца хіміяй, у гэтым яму шмат дапамагае сястра Вера, выпускніца Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Акрамя раённай алімпіяды па хіміі, ён прымаў удзел таксама ў алімпіядах па матэматыцы на раённым узроўні (дыплом ІІ ступені) і фізіцы (дыплом І ступені).
Матэматыка, фі-зіка, біялогія яго любімыя прадметы. Двойчы адпачываў у рэспубліканскім лагеры “Зубраня”, дзе на алімпіядзе па фізіцы заняў другое месца, ягоны фотаздымак змясцілі на Дошцы гонару лагера. Пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных конкурсах “Кенгуру”, “Зубраня”, “Лінгвісцёнак”, “Буслік” і іншых. На канікулах займаўся ў Брэсцкім ліцэі імя А.С.Пушкіна па падрыхтоўцы да прадметных алімпіяд. Тут, дарэчы, вельмі добра пастаўлена выкладанне: дзеці лёгка засвойваюць вялікі аб’ём ведаў. Там інфармацыя цікава падносіцца і не стамляе дзіцячы розум. Памятаецца, Міша нават шкадаваў, што ў раскладзе ёсць нядзеля і не трэба ехаць на вучобу.
Хлопец актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці школы, у мерапрыемствах, што праводзяцца ГА “БРСМ”. Два гады займаецца ў гуртках бісерапляцення пры ЦТДіМ і выяўленчага мастацтва пры першай гарадской школе. Закончыў Жабінкаўскую школу мастацтваў па класе саксафона, выступае на канцэртах у аркестры музычнай школы. Захапляецца плаваннем, футболам. Дома ў нас ёсць спартыўныя снарады: гантэлі, штанга, перакладзіна… Яму вельмі падабаюцца розныя фізічныя практыкаванні.
— У вас давяральныя адносіны?
— Так, безумоўна. Мы абмяркоўваем любыя тэмы. У дзяцінстве, калі ён здзяйсняў учынкі, я старалася на яго не сварыцца, а вучыла аналізаваць зробленае, рабіць вывады з гэтага. Важна не караць, а тлумачыць, каб дзіця разумела, да чаго трэба імкнуцца, а чаго — пазбягаць.
З мужам Сяргеем Міхайлавічам у сына таксама сяброўскія адносіны. Ён, як і тата, марыць атрымаць прафесію эканаміста. Сын вельмі паважае бацьку. Трэба быць для дзіцяці аўтарытэтам і дабівацца гэтага пастаянна. Нельга падманваць іх ні ў вялікім, ні ў малым, важна захоўваць паслядоўнасць у патрабаваннях і любіць сваіх сыноў і дочак.
Лідзія ІВАНІХІНА, наш няштатны карэспандэнт.
На здымку: настаўніца пачатковых класаў СШ№1 г.Жабінка Ірына Анатольеўна Панфіла з сынам Мішам.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top