Няхай сем’і будуць вам узнагародай

Няхай сем’і будуць вам узнагародай

IMG_4640 IMG_4668 IMG_4678 IMG_4694 IMG_4703

Часам задумваешся, а ці нямнога ў нас розных святаў? Праваслаўных, грамадзянскіх, прафесійных… Калі прааналізуеш, то прыходзіш да высновы: у кожнага свята ёсць свая гісторыя, свой сэнс, свая духоўная кіруючая сіла. Значыць, яны патрэбныя нам, асабліва тыя, што ўмацоўваюць сям’ю, аберагаюць яе, падштурхоўваюць чалавека да добрых і карысных учынкаў.
Каторы год запар тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва сумесна са Свята-Пакроўскім храмам Жабінкі ў Дзень памяці праваслаўных святых Пятра і Фяўронні праводзіць мерапрыемства, прысвечанае сям’і, любові і вернасці. На яго прыходзяць мамы, таты і іх дзеці. Словам, сем’і.
Вядучая Вольга Быкава ўзгадала, што князь Пётр і княгіня Фяўроння Мурамскія — апекуны кахання і сямейнага шчасця. Праваслаўныя хрысціяне ў гэты дзень моляцца ў храмах: маладыя ў малітвах просяць у Бога аб вялікім каханні, а людзі старэйшыя — аб сямейнай згодзе і дабрабыце.
Святыя Пётр і Фяўроння — узор сямейных адносін: падтрымкі, паразумення і чысціні. Падане пра двух закаханых і да сённяшняга дня з’яўляецца глытком свежага чыстага паветра, крупінкай ласкі Божай для духоўнага жыцця чалавека. Пра гэтыя рэальныя гістарычныя асобы, якія жылі напачатку ХІІІ стагоддзя ў Мураме, нагадаў кліп “Пётр і Фяўроння”.
Можа хто з чытачоў газеты не ведае паданне пра двух закаханых, узгадаю яго. “Князь Пётр захварэў на праказу, ад якой яго ніхто не мог вылечыць. Зрабіла гэта толькі дачка пчаляра Фяўроння. Не адразу, але ажаніўся з ёй князь, як і абяцаў таму, хто вылечыць. За гэта быў удзячны Богу, бо жонка аказалася прыгожай, разумнай, дасціпнай. Ганаровыя баяры не захацелі мець княгіню сялянскага паходжання і запатрабавалі, каб князь адпусціў яе. Але Пётр адмовіўся. Дзеля абавязку мужа, венчанага ў царкве, ахвяраваў княжым тронам. Хутка Мурам ахапіў гнеў Божы, і народ запатрабаваў вяртання князя разам з княгіняю. У згодзе і каханні яны пражылі доўгае жыццё і памерлі, як таго і жадалі, у адзін дзень”.
Словам, святыя Пётр і Фяўроння з’яўляюцца ўзорам хрысціянскага шлюбу і дасы-лаюць нябеснае блаславенне ўсім, хто жадае стаць мужам і жонкаю.
Надышла пара знаёмства з сем’ямі, якія былі запрошаны на мерапрыемства. Іх у зале цэнтра было восем — Каржукоў, Кобецаў, Ларчыкаў, Леанчукоў, Міхайлоўскіх, Міхневічаў, Нагараў, Хвядынкаў, у кожнай з іх акрамя мамы і таты па трое дзетак. Гульні, якія арганізоўвала з віноўнікамі мерапрыемства Вольга Быкава, дазволілі бліжэй пазнаёміцца з імі, іх захапленнямі, запаветнай марай кожнага, сямейнымі мерамі заахвочвання.
І на вытворчасці, і ў сямейных справах жанчыны ўсё смялей бяруць на сябе мужчынскія клопаты, а прадстаўнікі моцнага полу з задавальненнем асвойваюць дамаводства і кулінарыю. Наступныя два конкурсы-гульні пацвердзілі, што мамы могуць дапамагчы тату ў выбары інструмента для любой мужчынскай справы (забіць цвік, ачысціць іржаўчыну, разрэзаць дрот і інш); а таты з’яўляюцца на кухні не толькі для таго, каб смачна паесці, яны назіральныя і добра ведаюць кухонны посуд і прылады і для чаго ўсё патрэбна.
А затым у гульні “Казачныя родзічы” інтэлектуальнасць сваю дэманстравалі хлопчыкі і дзяўчынкі. І атрымалася не горш, як у іх бацькоў.
За першы правільны адказ узнагародай быў залацісты грэцкі арэх-смайлік, якія падлічылі пасля апошняга конкурсу-гульні. Самым актыўным уручылі медалі. Іх атрымалі сем’і Аляксандра Сцяпанавіча і Вольгі Мікалаеўны Каржукоў, Віктара Леанідавіча і Алены Аляксандраўны Леанчукоў.
Неаднойчы пад час сустрэчы падкрэ-слівалася, што сям’я — гэта шчасце, любоў, удача, нараджэнне дзетак, першыя іх крокі і слова “мама”, а таксама клопат кожнага пра іншага і многа-многа хатняй працы.
Са светлым святам павіншаваў усіх настаяцель Свята-Пакроўскага храма Жабінкі айцец Сергій. “Вашы сем’і — гэта радасць нашай царквы, таму што многія з вас маюць блаславенне Божае на шлюбнае жыццё ў таінстве вянчання, а дзеці хрышчаны ў праваслаўнай веры. Вашы сем’і — гэта ўпрыгажэнне нашага горада, яго духоўнае і матэрыяльнае багацце, — сказаў айцец Сергій. — Жывіце з Богам, памятайце і захоўвайце яго запаведзі і асвятляйце свет праваслаўнай верай, вернасцю адзін другому і любоўю, якая не павінна ніколі пагаснуць”.
Шчырыя словы прывітання сказала на свяце дырэктар цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Раіса Макараўна Мышкавец. “Каб сям’я была моцная, беражыце адзін аднаго, нараджайце дзяцей, — гаварыла яна. — Жонка павінна паважаць мужа, бачыць у ім гаспадара, апору, надзейнага сябра. Ён у сваю чаргу павінен апраўдваць яе спадзяванні. Тады лад і гармонія не пакінуць ніколі вашы дамы, якія будуць асвечаны любоўю Пятра і Фяўронні”.
Яна таксама ўручыла кожнай сям’і падарункі: дзецям маркеры, а бацькам камплекты пасцельнай бялізны.
Сімвалам сям’і з’яўляецца рамонак, з якім асацыіруюцца такія паняцці, як чысціня, каханне і вернасць. Менавіта ў гэты дзень кожная атрымала свой шчаслівы пялёстак рамонку з духоўным пажаданнем айцоў Царквы. Кожная сям’я, што прысутнічала на сустрэчы, панесла дадому таксама невялічкі абраз святых Пятра і Фяўронні, уручаны айцом Сергіем, і светлае пачуццё ў душы ад зносін з духоўнасцю.
Свой аповед хачу закончыць словамі: “Няхай шлюбнае жыццё Пятра і Фяўронні кожнай сям’і служыць прыкладам для пераймання, дапаможа набыць шчасце і мір. Дарыце любоў тым, хто побач, з кім вы злучаны шлюбнымі вузамі. Няхай вашы сем’і будуць вам узнагародай”.
Людміла КОСЦІНА.
На здымках: у час мерапрыемства.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top