Рэха вайны ля Булькова

Рэха вайны ля Булькова

IMG_4610 IMG_4612

На ўездзе з боку лесу ў вёску Булькова яшчэ не так даўно быў навідавоку гэты невысокі насып з каменем, на якім намалявана чырвоная зорка і акуратна выведзена “Невядомаму салдату”. Цяпер жа дрэвы сталі падступаць бліжэй, і ён схаваўся ў цішы маладых сасонак і акацый. Але не згубіўся ў людской памяці. Ля яго, акрамя цюльпанаў, што ажываюць вясной, заўжды ёсць штучныя кветкі…
Даведацца, хто тут пахаваны, спрабавалі і мы, тады вучні Ракітніцкай школы. Тым больш, у 70-ых гадах мінулага стагоддзя пад кіраўніцтвам нашага гісторыка Мікалая Сямёнавіча Міцковіча вялася актыўная работа ў стварэнні школьнага музея. Быў сабраны багаты матэрыял, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, удзелу ў ёй мясцовых жыхароў, адшукваліся цікавыя факты, запісваліся ўспаміны ветэранаў.
Наконт пахавання ля дарогі ў Булькове чулі розныя меркаванні. Адны сцвярджалі, што гэта магіла чырвонаармейца, які загінуў напачатку вайны ў баі ля моста праз Мухавец, які недалёка. Іншыя гаварылі, што, магчыма, ляжаць у ёй і некалькі воінаў. Трэція наогул казалі, што гэта проста камень, і ніякіх пахаванняў тут не было…
Каб рассакрэціць тайну, 7 ліпеня сюды прыбылі дзевяць ваеннаслужачых 52-га спецыялізаванага асобнага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, гэта адзінае ў нашай краіне падраздзяленне, якое займаецца правядзеннем пошукавых работ, звязаных з ушанаваннем памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў, якія загінулі, памерлі альбо прапалі без вестак у гады ваенных дзеянняў. За 20 гадоў свайго існавання байцы батальёна адшукалі амаль 70 тысяч чалавек.
— Дыслацыруемся мы ў пасёлку Бароўка Віцебскай вобласці, Лепельскага раёна, — расказвае камандзір другой спецыялізаванай пошукавай роты маёр Сяргей Віктаравіч Дашкевіч. — Працуем па ўсёй Беларусі, цяпер у Брэсцкай вобласці. Вярнуліся з вёскі Харкі Пружанскага раёна. Там эсгуміравалі 29 касцявых астанкаў рускіх, французскіх і саксонскіх воінаў, якія загінулі ў 1812 годзе. А крыху раней у Брэсцкім раёне знайшлі фрагменты самалёта (рухавік, лопасці), парашут, рускія карты і грошы 1940 года, службовыя пасведчанні. Там раскопкі будуць працягвацца. У жніўні на два тыдні едзем у Санкт-Пецярбург. Будзем працаваць разам з байцамі 90-га асобнага пошукавага батальёна Расіі, пошукавымі таварыствамі іншых краін. Гэтая акцыя прымеркавана да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Тым больш, што расійскія пошукавікі сёлета ўдзельнічалі ў раскопках на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці.
Я не магла не прыгадаць, як перад намі, удзельнікамі Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму “Партнёрства ў імя будучага: спадчына Вялікай Перамогі”, выступаў кіраўнік Дэпартамента пошукавай і рэканструктарскай работы Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства Сяргей Мачынскі. Вось яна, вайна, вачамі пошукавіка: абпаленая варонка, дзе ляжаць маладыя людзі. На сёлетніх раскопках у Брэсцкай крэпасці, як паведаміў С.Мачынскі, яны знайшлі 21 чалавека, з іх 3 дзяцей, загінулых ва ўзросце 4-ох, 8-мі і 10-ці гадоў. Гэта зрабілі “хворыя на фашызм”, і мы “ павінны берагчы мір, не дапускаць, каб у такіх варонках ляжалі дзеці”.
…Пакуль мы размаўлялі з С.В.Дашкевічам, байцы яго пошукавай роты перанеслі ў бок памятны камень, кветкі, і пачалі звыклую для іх справу. Заставалася няшмат часу, каб ўсё стала вядома.
Праз дзень патэлефанавала Сяргею Віктаравічу. Ён паведаміў, што эсгуміраваны астанкі аднаго загінулага. Побач з ім ляжалі сем патронаў. Ні дакументаў, ні медальёна не знойдзена. Следчы камітэт правядзе крыміналістычную экспертызу, каб пацвердзіць, што пахаванне адносіцца да перыяду Вялікай Айчыннай вайны. А затым раённыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады вырашаць, дзе будзе месца перазахавання.
Вось, здаецца, і вырашылася пытанне. Сапраўды, ля Булькова пад каменем ляжыць невядомы салдат. Але ўзнікаюць новыя пытанні: “Хто ён? Пры якіх абставінах загінуў?..” На жаль, менавіта яны, верагодна, застануцца без адказу.
Святлана ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: ваеннаслужачыя 52-га спецыялізаванага асобнага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь вядуць раскопкі
ля в.Булькова.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top