Беларусь — наглядальнік у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

Беларусь — наглядальнік у Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва

208810-02

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8-10 ліпеня прыняў удзел у мерапрыемствах, звязаных з правядзеннем сустрэч на вышэйшым узроўні міждзяржаўнага аб’яднання БРІКС і Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Ён правёў шэраг двухбаковых сустрэч і прыняў удзел у сустрэчы кіраўнікоў краін, якія ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў для абмеркавання найбольш актуальных пытанняў сусветнай палітыкі, эканомікі, фінансавай сферы.
УЛАДЗІМІР ПУЦІН на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам павіншаваў беларускі бок з тым, што вырашана задача павышэння статусу Беларусі ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. «Мы ўпэўнены ў тым, што ваш удзел у рабоце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва пойдзе на карысць як Беларусі, так і ўсім удзельнікам арганізацыі», — адзначыў расійскі лідар.
Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца самым блізкім стратэгічным партнёрам, саюзнікам Расіі. Ён звярнуў увагу на тое, што краіны супрацоўнічаюць па ўсіх напрамках, пачынаючы ад ваеннай сферы і заканчваючы гуманітарнай, вырашаюцца сацыяльныя пытанні ў інтарэсах грамадзян, развіваюцца кааперацыйныя сувязі як у Саюзнай дзяржаве, так і Еўразійскім эканамічным саюзе. Ён таксама падкрэсліў, што ў Беларусі і Расіі шмат сур’ёзных планаў.
Саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) завяршыўся прыняццем пакета дакументаў, у тым ліку накіраваных на пашырэнне арганізацыі. У прыватнасці, падпісана рашэнне аб пачатку працэдуры прыёму Індыі і Пакістана ў члены Арганізацыі. Лідары таксама прынялі рашэнне аб прадастаўленні Беларусі статусу наглядальніка пры арганізацыі, а статусу партнёра па дыялогу — Азербайджану, Арменіі, Камбоджы і Непалу.
КІРАЎНІК беларускай дзяржавы на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным адзначыў, што «нарэшце знайшліся арганізацыі, якія рызыкнулі вызначыць крыху іншыя напрамкі дзеянняў на сусветнай арэне». «Гэта намі абсалютна падтрымліваецца, прымаецца. Гэта будзе толькі на карысць усім людзям, якія жывуць на зямлі. І тыя імпульсы ў фінансавых, эканамічных адносінах, якія вамі зроблены апошнім часам у рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, БРІКС, — гэта вельмі добрыя напрамкі», — сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што хацеў бы разгледзець на сустрэчы тры блокі пытанняў: абмеркаваць праблемы ў Еўразійскім эканамічным саюзе, асабліва ў сувязі з уступленнем Кыргызстана; закрануць пытанні беларуска-расійскіх адносін; падзякаваў Уладзіміру Пуціну за магчымасць правядзення двухбаковых сустрэч з лідарамі замежных дзяржаў. Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ён плануе сустрэцца з прэзідэнтамі чатырох краін. «Думаю, магчыма, з’явяцца яшчэ сустрэчы», — сказаў ён.
БЕЛАРУСЬ і Бразілія створаць змешаную міжурадавую камісію, якая вывучыць бягучы стан двухбаковых адносін і перспектывы паглыблення і пашырэння супрацоўніцтва па ўсіх напрамках. Кіраўнікі дзяржаў таксама дамовіліся, што будуць вызначаны ў бліжэйшы час 4-5 асноўных напрамкаў, праектаў, якія бакі пачнуць рэалізоўваць і якія стануць прыкладам для далейшага развіцця адносін.
Нягледзячы на тое, што тавараабарот паміж дзвюма краінамі дасягае амаль $1 млрд, прэзідэнты перакананы, што патэнцыял далёка не вычарпаны і ёсць над чым працаваць. У Беларусі і Бразіліі ёсць добрыя перспектывы для пашырэння супрацоўніцтва ў авіяцыйнай сферы, аграпрамысловым комплексе. Беларусь закупляе ў Бразіліі самалёты Embraer і мае падрыхтаваныя кадры, базу для стварэння рэгіянальнага цэнтра тэхнічнай падтрымкі для гэтых самалётаў. Прэзідэнт Бразіліі згадзілася з гэтай прапановай беларускага боку. Дамовіліся таксама стварыць на тэрыторыі Бразіліі вытворчы кластар, дзе будзе выпускацца на сумесных прадпрыемствах сельскагаспадарчая тэхніка, вялікагрузныя аўтамабілі, трактары, а Аляксандр Лукашэнка запрасіў Дзілму Русеф наведаць з візітам Беларусь у любы зручны для яе час, і Прэзідэнт Бразіліі прыняла запрашэнне.
ПРЭЗІДЭНТ Беларусі Аляксандр Лукашэнка ва Уфе на сустрэчы з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Афганістан Ашрафам Гані Ахмадзаем заявіў, што Беларусь і Афганістан у бліжэйшы час могуць значна актывізаваць супрацоўніцтва.
Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў задавальненне тым фактам, што, нягледзячы на вайну, краіны не сталі больш жорсткімі, перагарнулі гэту старонку гісторыі і выбудоўваюць новыя адносіны. «У нас ёсць нейкі абавязак дапамагаць афганскаму народу ў аднаўленні народнай гаспадаркі, рабіць усё для таго, каб у Афганістане людзі жылі добра.Таму што вы займаеце стратэгічнае становішча ў Азіі і без Афганістана немагчыма ажыццяўляць транзіт, асабліва паміж поўначчу і поўднем, дзе размешчаны гіганцкія дзяржавы з гіганцкім запасам сыравіны», — сказаў беларускі лідар.
На думку Прэзідэнта Беларусі, усе дзяржавы, чые лідары знаходзяцца сёння ва Уфе, вельмі зацікаўлены ў тым, каб Афганістан быў моцнай дзяржавай. Беларусь гатова ствараць сумесныя вытворчасці ў Афганістане і выходзіць на рынкі трэціх краін.
Прэзідэнт Афганістана падкрэсліў, што ў яго краіне добра ведаюць беларускую тэхніку і маюць намер развіваць супрацоўніцтва праз далейшы гандаль і стварэнне сумесных вытворчасцей.
Паводле яго слоў, кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб стварэнні спецыяльнай групы, якая распрацуе напрамкі ўзаемадзеяння, што цікавяць бакі, знойдзе агульныя падыходы, вызначыць магчымыя сумесныя праекты.
Што Беларусь і Манголія выказваюць узаемны інтарэс да пашырэння супрацоўніцтва, пацвердзілі на праходзячай ва Уфе сустрэчы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Манголіі Цахіягійн Элбэгдорж.
У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пастаўкі ў Манголію беларускіх вялікагрузных аўтамабіляў. «Гэта добры праект, мы гатовы яго развіваць, — сказаў беларускі лідар. — Але гэтага мала, трэба ісці далей».
Прэзідэнт Беларусі прапанаваў ажыццявіць узаемныя візіты спецыялістаў дзвюх краін, а затым на вышэйшым узроўні з тым, каб намеціць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва. Ён дадаў, што беларускі бок зацікаўлены ў гэтым.
У сваю чаргу Прэзідэнт Манголіі лічыць, што ў дзвюх дзяржаў ёсць шмат магчымасцей для актывізацыі супрацоўніцтва. «Мы добра ведаем беларускія трактары, самазвалы, аўтамабілі БелАЗ. Раней у кожнай сям’і быў халадзільнік «Мінск», а жывёлаводы шырока выкарыстоўвалі матацыклы «Мінск», — сказаў Прэзідэнт Манголіі. Ён падкрэсліў, што Манголія — адна з тых азіяцкіх краін, дзе добра ведаюць беларускую прадукцыю, і прапанаваў беларускаму боку разгледзець пяць канкрэтных напрамкаў, па якіх краіны могуць развіваць далейшае супрацоўніцтва.
АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА сустракаючыся ва Уфе з Прэзідэнтам Ісламскай Рэспублікі Іран Хасанам Раўхані, разлічвае на паглыбленне супрацоўніцтва Беларусі і Ірана. Адзначыў, што ў Беларусі і Ірана даўнія дружалюбныя адносіны. «Мне здаецца, што іранскі бок ні па адным з пытанняў, якія мы абмяркоўвалі, па якіх мы дамаўляліся, не можа прад’явіць нам прэтэнзіі, таму што мы заўсёды свята шанавалі і выконвалі нашы дамоўленасці», — сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт Ірана ў сваю чаргу адзначыў зацікаўленасць у развіцці адносін з Беларуссю.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на сустрэчы кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў, выказаў такое меркаванне, што БРІКС імкліва ператвараецца ў процівагу ў працэсе фарміравання шматпалярнага свету. На яго думку, цяпер краіны БРІКС сталі «лакаматывамі» эканамічнага развіцця, што асабліва важна для стабілізацыі сітуацыі ў сусветнай эканоміцы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь высока ацэньвае прад-астаўленую магчымасць для прамога і адкрытага дыялогу з лідарамі БРІКС і іншых дзяржаў, якія прымаюць удзел у форуме.
«Мы даўно і паслядоўна развіваем ідэю «інтэграцыі інтэграцый» у сучасным свеце. Беларусь — гэта саюзнік БРІКС па пабудове ўзаемавыгадных і раўнапраўных адносін паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем без раздзяляльных ліній», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Беларусь можна смела прылічыць да членаў «клуба сяброў БРІКС». Нам удалося выбудаваць узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі аб’яднання».
Як лідар дзяржавы, якая старшынствуе ў 2015 годзе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці беларускага боку падтрымаць спецыяльныя фарматы ўзаемадзеяння ЕАЭС і БРІКС і адзначыў, што Беларусь цэніць уклад БРІКС у падтрыманне і абарону на сусветнай арэне інтарэсаў дзяржаў з пераходнай эканомікай і краін, якія сталі на шлях развіцця.
Наступная нефармальная сустрэча лідараў БРІКС адбудзецца на саміце «групы дваццаці», які пройдзе ў лістападзе 2015 года ў Турцыі.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top