Аздаравіліся і зарабілі грошай

Аздаравіліся і зарабілі грошай

_DSC6023 _DSC6042

Амаль палова лета адшумела. Чым запомняцца нам мінулыя летнія дзянькі? Вядома, спякотай, але, нягледзячы на яе, актыўным аздараўленнем, найперш, хлопчыкаў і дзяўчынак. Для іх на Жабінкаўшчыне былі створаны добрыя ўмовы, цікавым зместам напаўняўся кожны дзень жыцця ў любым летніку.
Сёння наш расказ пра тое, як праводзілі час вучні, якія пажадалі не толькі адпачыць, але й папрацаваць. Летнікі працы і адпачынку дзейнічалі ў першай і другой гарадскіх школах, Ленінскай адзіна-ццацігодцы, дзе правялі дзевяць дзён сваіх канікулаў 66 юнакоў і дзяўчат раёна. У першую палову дня падлеткі ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі працавалі, у другую — непасрэдна аздараўліваліся.
Журналісцкая сцяжынка прывяла нас да вучняў СШ №2 г.Жабінка. Начальнік лагера Мікалай Пятровіч Кавальчук расказаў, што раней пад час летніх канікулаў у школах ствараліся працоўныя брыгады, другі год, як яны атрымалі новы статус, дзе школьнікі з улікам свайго ўзросту далучаюцца да рэальнай працы, якая аплачваецца.
“Сёлета ў лагеры працы і адпачынку другой гарадской школы налічвалася 22 падлеткі, — паведаміў Мікалай Пятровіч. — На дзевяць сутак яны пакінулі кватэры і перасяліліся ў лагер. Дзве будаўнічыя брыгады былі ў нас: дзевяць чалавек, узрост якіх да 14 гадоў, аб’ядналіся ў адну, а астатнія, каму ўжо за 16, — у другую. Такое размеркаванне залежала непасрэдна ад віду дзейнасці. Напрыклад, старэйшыя вучні могуць працаваць з маслянай фарбай і штодзень па шэсць гадзін, а тыя, каму няма шаснаццаці — толькі з водаэмульсійнай і чатыры з паловай гадзіны. Для кожнай з улікам фінансавання распрацоўваўся каштарыс на правядзенне работ і аплату працы. Дарэчы, грошы выдаткоўваліся з абласнога бюджэту праз упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама і з раённага.
Чым жа займаліся юнакі (іх была большасць) і дзяўчаты? Фарба-валі сцены, дзверы, спартыўны інвентар, добраўпарадкоўвалі пры-школьную тэрыторыю. Словам, увесь запла-наваны аб’ём работ выканалі. Праца, вядома, спалучалася з цікавымі пазнаваўча-забаўляльнымі мерапрыемствамі. Арга-нізатарамі і ініцыятарамі іх былі чатыры выхавальнікі на чале са старшым — Людмілай Мікалаеўнай Кабаш. Пабывалі падлеткі на ЦЭЦ ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, на падстанцыі-330, у Свята-Пакроўскім храме Жабінкі. Усюды яны даведваліся шмат цікавага, узбагачалі свой кругагляд.
У летнік завіталі начальнік штаба аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Яўген Уладзіміравіч Самускевіч, які расказаў пра шкоду наркотыкаў для чалавека, асабліва маладога арганізма. Вікторыя Юр’еўна Кадзенская, інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі Жабінкаўскага райаддзела надзвычайных сітуацый, засяродзіла ўвагу дзяцей на праблеме свавольства з запалкамі, агнём, асабліва ў пажаранебяспечны перыяд і паказала фільм пра захаванне правілаў пажарнай бяспекі. Пра сталаванне адпачываючых у летніку клапацілася шэф-повар школьнай сталоўкі Святлана Іванаўна Калькова, для якой самай лепшай удзячнасцю былі пусты посуд пасля абеду ці вячэры і гучнае “дзякуй” пры выхадзе. Дарэчы, было арганізавана пяціразавае кармленне.
Пра што яшчэ варта сказаць? Вядома ж, пра заробак. Не прытаіла яго ад нас інжынер-будаўнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандра Мікалаеўна Сідарчук. “Тыя, каму за шаснаццаць, зарабілі 630 тысяч рублёў, а меншыя — 440 тысяч, — сказала яна. —Улічваючы цяперашнія запатрабаванні — нямнога. Аднак для большасці дзяцей гэта першая заработная плата, якая запомніцца і будзе самай дарагой”.
Змена ў летніку закон-чылася. На развітанне яго начальнік Мікалай Пятровіч заўважыў, што пакуль чуў толькі станоўчыя водгукі. Ад сябе дадаў: “Раней летам у школах дзеці займаліся рамонтам мэблі, яны атрымоўвалі добрыя працоўныя навыкі, зараблялі больш. Добра было б, каб такі від дзейнасці аднавіўся. Вучням жадаю летам набрацца сіл, цудоўна адпачыць, каб з настроем зноў прыйсці па веды”.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top