На службе — строгія, на конкурсах — вясёлыя

На службе — строгія, на конкурсах — вясёлыя

IMG_4730 IMG_4710 IMG_4724 IMG_4733
Сёлета падатковая служба Рэспублікі Беларусь святкуе сваё 25-годдзе. Гэтыя гады змясцілі ў сабе самую складаную пару станаўлення цяперашняй адла-джанай сістэмы падаткаабкладання, яе рэфармавання: у кароткія тэрміны распрацоўвалася заканадаўчая база, ствараліся механізмы яе рэалізацыі, падбіраліся кадры.
Пачатак сучаснай гісторыі падатковых органаў Беларусі пакладзены пастановай Савета Міністраў БССР №78 ад 2 красавіка 1990 года “Аб дзяржаўнай падатковай службе”. Тады ж у ліпені зацверджана Палажэнне аб дзяржаўнай падатковай службе. З гэтага моманту падатковая сістэма стала асобным звяном фінансавай сістэмы краіны.
За чвэрць стагоддзя адбылося нямала зменаў у нашай дзяржаве. Мяняліся назвы і структуры падатковых ведамстваў, праводзіліся рэформы, але заўсёды заставалася нязменнай галоўная задача — забеспячэнне своечасовага і поўнага паступлення плацяжоў у бюджэт.

Дапамагаем плацельшчыкам пазбегнуць памылак

Разам з развіццём усёй падатковай сістэмы праходзіла станаўленне нашай інспекцыі. Жыццёвым крэдам яе стала біблейская ісціна: вышэй закона — любоў, вышэй права — літасць, вышэй справядлівасці — дараванне. Растлумачальная работа, кантрольныя мерапрыемствы падпарадкаваны адной мэце — фарміраванню падатковай культуры як грамадскай пазіцыі чалавека, павагі да сябе і сваёй краіны.
Шмат працы і ўменняў укладваюць у гэта спецыялісты інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне, якія заўсёды гатовы дапамагчы плацельшчыкам пазбегнуць памылак. Наша з імі сумесная задача — забяспечыць правільны падлік, своечасовасць і паўнату ўплаты падаткаў у бюджэт. З гэтай мэтай работнікі інспекцыі рэгулярна праводзяць нарады з плацельшчыкамі, “прамыя тэлефонныя лініі”, індывідуальныя гутаркі. Дадзеныя меры, паслядоўнасць, настойлівасць і карпатлівасць усіх супрацоўнікаў інспекцыі дазваляюць забяспечыць паступленне 97,6% плацяжоў у добраахвотным парадку. Хачу ад іх імя падзякаваць падаткаплацельшчыкам, якія своечасова і ў поўным аб’ёме выконваюць свой абавязак — плацяць падаткі, устаноўленыя законам.
На працягу апошніх 15 гадоў у інспекцыі практычна не было запазычанасці па плацяжах у бюджэт, ды й цяпер яна бывае мінімальнай, хоць у эканоміцы нашай краіны досыць складаны перыяд.
За 6 месяцаў сёлета ў кансалідаваны бюджэт раёна паступіла больш за 61 мільярд рублёў. У фарміраванні яго даходаў прынялі ўдзел 425 арганізацый, 432 індывідуальныя прадпрымальнікі і 12 тысяч фізічных асобаў па сямі асноўных даходных крыніцах: падаходны і зямельны падаткі, на дабаўлены кошт, адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў, ад выручкі сельгаспрадукцыі, на здабычу прыродных рэсурсаў, экалагічны. Для дасягнення гэтага выніку работнікі інспекцыі Міністэрства падаткаў і збораў у Жабінкаўскім раёне прыклалі нямала намаганняў, цярплівасці і прафесійных навыкаў. Трэба адзначыць, што акцэнт у нашай рабоце робіцца на папераджальны характар, больш выкарыстоўваюцца прафілактычныя меры: праводзяцца маніторынгі дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, аналізуюцца базы дадзеных. За паўгода ў раёне праведзена 40 праверак, якімі было ахоплена 4% арганізацый, 6% індывідуальных прадпрымальнікаў. На жаль, у 100% з іх устаноўлены парушэнні падатковага заканадаўства. Дарэчы, колькасць праведзеных праверак у параўнанні з папярэднім годам скарацілася на 28. Паступленні ў бюджэт за кошт кантрольных мерапрыемстваў склалі крыху больш за 14%. У пастаянным полі зроку інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне знаходзіцца прадпрымальніцкая дзейнасць, дзе існуе найбольшая верагоднасць ухілення ад падаткаў. Сёлета праведзена 30 рэйдавых праверак, з ценявога абароту вынята таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 725,4 млн. рублёў. Галоўным чынам гэта заслуга работнікаў кантрольных аддзелаў: намесніка начальніка аддзела падаткаабкладання арганізацый Людмілы Уладзіміраўны Харунжай і галоўных дзяржаўных падатковых інспектараў — Ганны Валер’еўны Аўдзейчык і Вольгі Генадзьеўны Каліты.

Прафесіяналы
сваёй справы

На сённяшні дзень у інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне працуюць 15 спецыялістаў — руплівых і добрасумленных, якія ўвесь час павышаюць свой прафесійны ўзровень. Іх поспехі, прыступкі прафесійнага росту адзначаюцца ў Кнізе летапісу, якую мы вядзем. Сем нашых супрацоўнікаў узнагароджаны граматамі Міністэрства падаткаў і збораў Рэспублікі Беларусь, двое станавіліся пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Лепшы работнік падатковых органаў”, шасцёра маюць граматы інспекцыі МПЗ у Брэсцкай вобласці. І ўвесь калектыў неаднаразова быў лепшым ці займаў ганаровыя месцы ў рэспубліканскіх і абласных конкурсах.
Па выніках працы за мінулы год нашы спецыялісты — намеснік начальніка Наталля Васільеўна Храмцова, галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Ганна Валер’еўна Аўдзейчык і галоўны юрысконсульт Наталля Мікалаеўна Гардзіцкая — узнагароджаны Ганаровымі граматамі інспекцыі МПЗ у Брэсцкай вобласці.
Неацэнную дапамогу і падтрымку нам пастаянна аказваюць выканаўчая ўлада, пракуратура, суд, РАУС. Спрыяюць поспехам добрыя ўзаемаадносіны з фінансавым аддзелам, партнёрскія адносіны з плацельшчыкамі, абмен вопытам з калегамі з іншых раёнаў.
З глыбокай пашанай работнікі інспекцыі ставяцца да ветэранаў, што стаялі ля вытокаў нашай службы. Фарміраванне падатковай службы ў раёне пачынала Тамара Іванаўна Сокал. Яна і стварыла асноўную каманду прафесіяналаў, вызначыла станаўленне як спецыялістаў амаль кожнага з нас.
На заслужаным адпачынку знахо-дзяцца Людміла Іванаўна Гардзіцкая і Валянціна Міхайлаўна Карабан, якія не парываюць сяброўства з інспекцыяй, іх сардэчнасць і ўвага дарагія для сённяшніх супрацоўнікаў.
З моманту стварэння інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне працуюць начальнік аддзела ўліку і эканамічнага аналізу Людміла Віктараўна Валасюк і намеснік начальніка аддзела падаткаабкладання фізічных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў Маргарыта Аляксееўна Прыступа. Сёння яны дзеляцца вопытам і майстэрствам не толькі з калегамі, але і з плацельшчыкамі раёна.
Усе спецыялісты інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне не абыякавыя да сваёй справы. Добрых слоў заслугоўваюць намеснікі начальніка Наталля Васільеўна Храмцова і Людміла Анатольеўна Грузіна, на якіх ляжыць вялікая адказнасць і кантроль не толькі за работай юных спецыялістаў, але і за прафесійнае правядзенне імі праверак.
Вялікі пласт работы — гэта кантроль за фізічнымі асобамі, якіх у раёне 12 тыс. і ў асноўным яны плацяць падаткі на зямлю і нерухомасць. Сёння варта падзякаваць ім за добрасумленнае выкананне сваіх абавязацельстваў і своечасовую ўплату гэтых падаткаў да 15 лістапада.
Сёлета дзяржава звярнула ўвагу на грамадзян, якія маюць немалыя даходы, але не ўдзельнічаюць у фінансаванні краіны. За першае паўгоддзе інспекцыяй МПЗ у Жабінкаўскім раёне за перавышэнне расходаў над даходамі прыцягнута да адказнасці 16 асобаў, якія ўнеслі ў бюджэт 97,4 млн. рублёў. Кантроль за дадзеным накірункам у інспекцыі ажыццяўляе прафесіянал сваёй справы Ларыса Аляксандраўна Макарэвіч — галоўны дзяржаўны падатковы інспектар.
Камп’ютарызацыя даўно і трывала ўвайшла ў нашу дзейнасць: падачу падатковых дэкларацый у электронным выглядзе ажыццяўляюць 259 арганізацый і 278 індывідуальных прадпрымальнікаў. Практычную дапамогу плацельшчыкам для засваення і правільнага выкарыстання новых тэхналогій аказвае галоўны спецыяліст інспекцыі Віталь Мікалаевіч Грыцук.
Самы складаны і напружаны ўчастак работы з плацельшчыкамі — у аддзеле ўліку і эканамічнага аналізу, якім кіруе Людміла Віктараўна Валасюк. Асабліва ў перыяд падачы дэкларацый, які заўсёды патрабуе канцэнтрацыі сіл і намаганняў намесніка начальніка аддзела Святланы Сяргееўны Сарокінай і галоўнага дзяржаўнага падатковага інспектара Валянціны Мікалаеўны Селязнёвай.

Дастойная змена старэйшым калегам

У інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне створана дзеяздольная пярвічная арганізацыя БРСМ на чале з галоўным дзяржаўным падатковым інспектарам Вольгай Генадзьеўнай Калітой. Моладзь імкнецца не адставаць ад старэйшых не толькі ў рабоце, але і ў грамадскіх, культурных і фізкультурна-масавых мерапрыемствах: на суботніках, у мастацкай самадзейнасці, КВЗ і спартыўных спаборніцтвах. Дарэчы, пры падрыхтоўцы да 25-годдзя падатковай службы Рэспублікі Беларусь інспекцыя заняла І месцы ў вобласці па мастацкай самадзейнасці і ў аглядзе-конкурсе сценгазет. Лічу, дзякуючы ініцыятыўным і творчым маладым нашым работнікам.
Трэба сказаць, што спецыялісты інспекцыі не толькі сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, але і майстры ручной творчасці. Вышыўкі і вырабы Ганны Валер’еўны Аўдзейчык, Наталлі Мікалаеўны Гардзіцкай і галоўнага бухгалтара Іны Віктараўны Пухавай годныя любога конкурсу.
Прыемна ўсведамляць, што і апошняя па часе прыходу ў інспекцыю супрацоўніца — галоўны дзяржаўны падатковы інспектар Аліна Міхайлаўна Ненадавец — хутка ўлілася ў калектыў і праяўляе ініцыятыву не толькі ў рабоце, знаходзячыся ў пастаянным кантакце з фізічнымі асобамі па прынцыпе “Адно акно”, але і ў грамадскім жыцці калектыву.

Нашы дасягненні

Ёсць у нас свае “мастакі” і “архітэктары”. Мы былі пераможцамі абласнога конкурсу па стварэнні касцюма інспектара будучыні, шэсць разоў станавіліся дыпламантамі агляду-конкурсу ў ландшафтным дызайне, які праводзіць прафсаюз фінансавых і падатковых органаў “Адзінства”. І гэта не выпадкова. Наш гонар — унутраны дворык, дагледжаны сваімі рукамі і прыгожа аформлены. Тут утульна, хораша і добра адпачываецца. У садзе можна паласавацца яблыкамі і грушамі, абрыкосамі і вішнямі, палюбавацца бярозкамі і ялінкамі, рознымі кустамі і кветкамі і нават двойчы на год пазбіраць грыбоў. Мы любім дом, у якім працуем, і сад, у якім адпачываем. Гэта аб’ядноўвае нас, дапамагае вырашаць пастаўленыя задачы.
Напярэдадні прафесійнага свята хачу ад душы пажадаць усім работнікам інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне, каб незалежна ад любых акалічнасцяў наша важная для грамадства праца прыносіла задавальненне і жаданне дасягнуць новых вышыняў. Выказваю ад імя ўсіх супрацоўнікаў падзяку нашым ветэранам, а таксама плацельшчыкам за добрасумленнасць і адказнасць, разуменне і імкненне да партнёрскіх узаемаадносінаў. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, міру і дабра, упэўненасці ў заўтрашнім дні і поспехаў ва ўсіх справах і пачынаннях.
Любоў ЯРМАШУК, начальнік інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь у Жабінкаўскім раёне.
На здымках: дружны, творчы калектыў работнікаў інспекцыі.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top