Гарачы пачатак жніва

Гарачы пачатак жніва

комбайнёры

Падабаецца назіраць, як налітыя сонцам каласы ласкава калыша ветрык. Яны хіляцца долу, аб нечым ціхенька шэпчуць. Жняяркі камбайнаў акуратна падразаюць сцябліны. Абмалочаныя зярняткі на хвіліну знікаюць недзе там, у жалезных механізмах, а потым цёплым струменем сыплюцца ў кузавы магутных аўтамабіляў. Камбайнеры — успацелыя, запыленыя, стомленыя, амаль заўжды ўсміхаюцца. Яны радуюцца, калі адна машына за другой напаўняюцца збожжам.
У нашым раёне старт жніву-2015 даў “Жабінкаўскі”. Ля вёскі Рачкі ў панядзелак камбайны абмалацілі ўвесь азімы ячмень. “Эстафету” падхапілі хлебаробы СВК “Шпіталі”. Моцная спякота, калі слупок тэрмометра нават у цяні паднімаецца вышэй за адзнаку 30 градусаў, і адсутнасць ападкаў значна паскорылі даспяванне зерневых культур. На некаторых участках хлеб выгарае пад прамянямі сонца. Хлебаробы з трывогай і надзеяй углядаюцца ў неба. Калі ў бліжэйшыя дні яно не злітуецца і не пральецца дажджом, частку ўраджаю, відавочна, недаатрымаюць.
— Ужо сёння можна адназначна сказаць, ацэньваючы стан палёў, што валавы збор збожжа сёлета будзе ніжэйшы, чым летась, калі сабралі 3092 тоны, — расчаравана кажа галоўны аграном СВК “Шпіталі” Аляксей Уладзіміравіч Раманюк. — Зіма выдалася маласнежная, а халодная вясна і спякотнае лета з недахопам вільгаці аказаліся яўна не на карысць пасевам. Агранамічная служба прыняла ўсе захады, каб атрымаць годны ўраджай. Своечасова рыхтавалі глебу, падбіралі папярэднікаў, праводзілі апрацоўку раслін ад хвароб і шкоднікаў, уносілі тукі, праўда, калі азотных — па норме, дык фосфарных — зусім мала… Віды на ўраджай былі неблагія, аднак што і колькі мы збярэм з-за гэтай спёкі?.. Напрыклад, сеялі азімы ячмень на 130 гектарах, а абмалочваць давядзецца толькі 40. Ураджайнасць азімых з першых намалотаў вельмі нізкая. У крыху лепшым стане яравыя культуры. Спадзяемся на элітны трыцікале і пшаніцу, а таксама ячмень першай рэпрадукцыі. Іх павінны намалаціць па 35-40 цэнтнераў з кожнага гектара. Усяго сёлета трэба абмалаціць на 699 гектарах.
Як адзначыў аграном, адзіны “плюс” ад неверагоднай спякоты — збожжа ідзе сухое, 14% вільготнасці, дасушваць не трэба.
А.У.Раманюк таксама расказаў, як у гаспадарцы падрыхтаваліся да жніва. Так, у распараджэнні механізатараў два КЗС-10 і тры КЗС-12. Усе камбайны былі своечасова адрэгуляваны, заменены неабходныя запчасткі. У першы дзень жніва яны ўсе разам, дружна, выйшлі ў поле. Механізатары і іх памочнікі вопытныя, на іх рахунку не адно жніво, а Іван Мікітавіч Дубіна ўвогуле звыш трох дзясяткаў гадоў убірае збажыну. Нагрузка на кожны камбайн — 166 гектараў, самая нізкая ў раёне. Каб адвозіць збожжа ад іх на зерняток, ёсць тры МАЗы з прычэпамі, два ГАЗ-53 і ЗІЛ-130. Калі жніво набярэ тэмп, па неабходнасці падключацца трактары з прычэпамі. Паводле патрабаванняў бяспекі, побач з полем, дзе абмалочваецца колас, напагатове бочка з вадою. Кожны ведае, колькі можа зарабіць, бо даведзены расцэнкі па кожным відзе работ. Забяспечаны работнікі гарачым харчаваннем. У мясцовай сталоўцы повары гатуюць разнастайныя абеды і вячэру. Словам, пачатак жніва пакладзены. А яно “гарачае” ад спякотнага надвор’я.
Святлана БЯЛЯК.
На здымку: камбайнеры І.М.Дубіна, І.К.Пятручык, А.І.Лукашэвіч з галоўным аграномам А.У.Раманюком (другі злева).
Фота Паўла АСТАПОВІЧА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top