Як выратаваць шлюб і ўзбагаціць сямейнае жыццё?

Як выратаваць шлюб і ўзбагаціць сямейнае жыццё?

792

Сапраўдныя выпрабаванні ў маладой сям’і пачынаюцца, калі нараджаецца дзіця. Муж, які дагэтуль адчуваў сябе самым каханым і самым жаданым для жонкі чалавекам, адыходзіць на другі план, а на першы выходзіць бездапаможнае дзіцятка, якое штохвіліны патрабуе ўвагі.
Жанчына круціцца, як вавёрка: пакарміць малое, пазабаўляць, памыць бялізну, папрасаваць, выйсці на прагулку, глынуць свежага паветра, вярнуцца дахаты, прыгатаваць абед/вячэру і г.д. А калі дзіця не адно, а іх двое, трое, чацвёра? І ў дадатак няма бабуляў-дзядуляў, якія б дапамагалі ў выхаванні малых? Жанчыне не хапае часу на сябе, на мужа. Абодва адчуваюць раздражненне, пачынаюцца ўзаемныя папрокі, высвятленне адносінаў. “Калі мы з табой апошні раз хадзілі ў кавярню (кіно і г.д.), ездзілі адпачываць?” — каторы раз задае пытанне муж. “Калі ты апошні раз гуляў з дзіцём? Цябе цікавяць толькі камп’ютарныя гульні, тэлевізар і электронная кніжка!” — абвінавачвае жонка.
Так было ў маёй сям’і і ў кожнай другой знаёмай. Праз некаторы час сяброўкі сталі скардзіцца, што іх другія палавінкі сталі часцей затрымлівацца на працы, у іх з’явіліся камандзіроўкі, якіх не было раней. Пазней мы супакойвалі Ірыну, муж якой сабраў рэчы і сышоў да другой жанчыны. Потым распалася сям’я Таццяны і Віталя. Астатнія мамы з нашай “пясочнай тусоўкі” захваляваліся. Была сярод нас Вольга — ідэальная гаспадыня, у якой на кухні не прастойвалі ні хлебапечка, ні мультыварка, ні вафельніца. Яна працавала швачкай, шыла адзенне сабе і тром сваім мужчынам: двум сынам і мужу, вадзіла аўтамабіль, наведвала басейн і паспявала зрабіць сто спраў за дзень. Муж, як кажуць, насіў яе на руках, усе суседзі і знаёмыя лічылі Андрэя і Вольгу ідэальнай сям’ёй.
Мы паспрабавалі выведаць у сяброўкі сакрэт яе сямейнага шчасця. Вольга расказала, што таямніцы жаноцкасці пераняла ад маці і бабулі, а потым знайшла ўсе прынцыпы, якімі кіраваліся жанчыны ў іх родзе, у кнізе Хэлен Андэлін “Чароўнасць жаноцкасці”. Аўтарка гэтага бэстселера сцвярджае, што шлюб будзе паспяховым, калі жанчына прымае свайго каханага мужчыну такім, які ён ёсць, і не перарабляе пад сябе; цэніць яго лепшыя рысы характару; захапляецца ягонай мужнасцю; ставіць яго, а не дзяцей, на першае месца; дазваляе кіраваць фінансамі, быць лідарам, абаронцам і кармільцам; нічым і ніколі не задзявае мужчынскі гонар; праяўляе разуменне і дабрыню.
Вольга кіруецца гэтымі правіламі ў сямейным жыцці і не прыпамінае, каб яны з мужам калі-небудзь сварыліся.
Я таксама прачытала “Чароўнасць жаноцкасці”, дзе аўтарка распавядае, што значыць для жанчыны шчасце ў шлюбе.
“Ці значыць гэта мець утульны дом? — піша Хэлен Андэлін. — Шчаслівых і здаровых дзяцей? Паспяховага мужа? Час для сваіх захапленняў? Ніякіх праблем з грашамі? Сумесны адпачынак і забаўкі? Ці значыць гэта адчуваць сябе добрай гаспадыняй, быць паважанай у сваім ася-роддзі?
Усе гэтыя рэчы вельмі важныя, а некаторыя і абавязковыя, але галоўным з’яўляецца адно патрабаванне: жанчына павінна адчуваць, што муж яе кахае. Без яго кахання яе жыццё — пустая ракавіна”.
Чаму адна жанчына шчаслівая, паважаная і каханая, а іншая — не менш прывабная і таленавітая — абдзелена ўвагай, няшчасная і расчараваная? Кніга тлумачыць, чаму такое здараецца, і прапануе кожнай жанчыне авалодаць мастацтвам заваяваць абсалютнае каханне і любоў свайго мужчыны.
Асабіста я не змагла паставіць мужа на першае месца, вышэй за сына, таму нашу сямейную “лодку” гайдае і штарміць. Муж увесь час скардзіцца, што ўдзяляю яму мала часу, што не кахаю яго.
Запрашаю чытачак “Жаночай альтанкі” да дыскусіі на тэму “Як выратаваць шлюб і ўзбагаціць сямейнае жыццё”.
Наталля ВАЛОШКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top