Важна знайсці “свайго” майстра

Важна знайсці “свайго” майстра

_DSC4375

Сярод прафесій, якія закліканы служыць прыгажосці, цырульнік у ліку першых. Знайсці “свайго” майстра жадае кожны. Францужанкі нават жартуюць, што адшукаць добрага цырульніка складаней, чым паспяхова выйсці замуж. Бо ён павінен быць адначасова мастаком, псіхолагам і сапраўдным прафесіяналам.

Жабінкаўскі цырульнік, індывідуальны прадпрымальнік Святлана Ярашчук сумяшчае ўсе гэтыя якасці. 20 гадоў таму яна скончыла Ленінскую сярэднюю школу, а зусім хутка споўніцца 11, як прыйшла ў прафесію.
— Калі ішла вучыцца, многае ўмела сама, — кажа яна. — Здольнасці або ёсць, або іх няма. Вучылася на цырульніка-стыліста ў Брэсцкім эксперыментальным вучэбна-метадычным цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі беспрацоўных. Зараз маю 4-ы разрад. Неаднаразова ездзіла на курсы павышэння кваліфікацыі ў Мінск.
Сапраўды, цырульнік — гэта прафесія, дзе няма межаў для ўдасканалення свайго майстэрства. Мода ў цырульніцкім мастацтве мяняецца з хуткасцю святла. Таму, каб заўсёды быць запатрабаваным спецыялістам, яму неабходна вучыцца ўсё жыццё.
У конкурсах прафесійнага майстэрства Святлана Ярашчук не любіць удзельнічаць, прызнаецца, што ёй не падабаецца спаборнічаць з калегамі. Самая галоўная перамога — гэта перамога над сабой, лічыць майстар. Яна не прыхільніца ўпрыгожваць сцены ў сваёй цырульні дыпломамі.
— У мяне няма патрэбы нікому нічога даказваць і паказваць, — кажа яна. — За той час, што я ў прафесіі, напрацавала пастаянную кліентуру. І для мяне важна, каб кожны мужчына або жанчына выйшлі ад мяне задаволеныя.
У Святланы Ярашчук шмат пастаянных кліентаў у Жабінцы, прыязджаюць і з іншых раёнаў, з Брэста. А адна жанчына-мінчанка, якая наведваецца да родных на Жабінкаўшчыну, стрыжку і ўкладку робіць толькі ў Святланы. Яна прызналася жабінкаўскай цырульніцы, што ў сталіцы не можа знайсці “свайго” майстра.
— Я атрымліваю ад сваёй работы вялікае задавальненне, — кажа Святлана Віктараўна. — Люблю зносіны з людзьмі, прыемна дарыць ім добры настрой. Найбольшую асалоду атрымліваю ад прычосак, якія раблю ўжо гадоў 20. Раней стварала па 12 у дзень. Сама здзіўляюся, як паспявала.
Для Святланы важна, каб прычоска ўпрыгожвала чалавека, падкрэслівала яго найлепшыя рысы і хавала дробныя недахопы. Бывае, чалавек ужо ведае, што хоча бачыць. А іншы раз прыходзіцца абмяркоўваць з кліентам яго будучы вобраз, даваць парады. За гады работы Святлана Ярашчук выдатна засвоіла тэхніку стрыжкі, любіць эксперыментаваць. Да кожнага кліента стараецца падыходзіць творча, з фантазіяй. Здараецца, заказвае маладая жанчына супермодную стрыжку, якую яна ўбачыла ў мадэлі ў часопісе, але майстар бачыць, што яна будзе кліентцы не да твару і тактычна дае параду зрабіць іншую.
— Я кажу: “Даверцеся майстру”. Як правіла, большасць згаджаюцца і потым шчыра дзякуюць, бачаць, што гэта сапраўды прыгожа і вельмі ім пасуе, — раскрывае сакрэты сваёй работы Святлана Віктараўна.
Яна любіць ствараць прыгажосць не толькі на галовах кліентаў, але і на ўласным падворку. З задавальненнем разводзіць кветкі.
— Цырульнік — гэта творца і трошкі рамеснік, — жартуе Святлана Ярашчук. — Прачытала нядаўна ў кнізе Антона Чыжа “Боскі Арфей”: “Талент цырульніка не толькі ў тым, каб умела завіць жаночы локан… Цырульнік — тонкі псіхолаг, ён, быццам чараўнік, можа некалькімі словамі і ўзмахамі нажніц вылечыць параненую душу”. Абсалютна слушна сказана!
Дзялюся з суразмоўніцай, што мой гадавалы сын баяўся цырульнікаў і нажніц і мне давялося скончыць курсы цырульніцкага майстэрства і стрыгчы яго самой. Сёння гэта маё хобі, і знаёмая цырульніца жартуе, што з хваляваннем мяне стрыжэ і робіць прычоску, таму што я адразу заўважаю агрэхі.
— Не пабаіцеся мяне пастрыгчы і ўкласці? — жартую.
Святлана з усмешкай запрашае ў крэсла. 30 хвілін чароўных узмахаў нажніцамі, стварэнне аб’ёму валасам фенам і расчоскамі-браш, замацаванне лакам — і я пакідаю цырульню задаволеная, у цудоўным настроі.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымку: цырульнік Святлана Ярашчук.
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top