Кардовские мстители

Кардовские мстители

Іх было дзесяць — Іосіф і Фёдар Базелюкі, Мікалай Дзяркач, Мікалай Марчук, Уладзімір і Мікалай Пракапчукі, Уладзімір Пацяйчук, Сцяпан Пракапчук, Андрэй Пракапчук і Васіль Пракапчук. Усе з адной вёскі Карды. Восенню 1939г. яны стварылі камсамольскую арганізацыю. Сакратаром выбралі Мікалая Марчука…
Нечакана-нагадана ступіла на кардоўскую зямлю вайна, фашысцкая акупацыя. На сваім першым тайным сходзе камсамольцы пакляліся, не шкадуючы сіл і жыцця, змагацца з фашыстамі. І спакваля, асцярожна, каб, крый божа, не наклікаць бяду на сябе і вяскоўцаў, хлопцы пачалі дзейнічаць.
Рабочымі на чыгуначным перагоне Жабінка-паўстанак Стаўпы працавалі Мікалай Дзяркач, Андрэй, Уладзімір і Мікалай Пракапчукі. Яны сачылі за рухам варожых эшалонаў, запаміналі, што за грузы перавозяцца ў іх, і сабраную інфармацыю перадавалі ў партызанскі атрад імя Чапаева.
Іншыя касамольцы збіралі партызанам прадукты, вопратку, праз знаёмых, у прыватнасці Мікалая Паўлючыка, даставалі медыкаменты, перавязачны матэрыял. Мікалай Марчук “спецыялізаваўся” па напісанні лістовак, якія заклікалі насельніцтва смялей узнімацца на барацьбу з ворагам. Ноччу лістоўкі расклейвалі ў Жабінцы, нярэдка пад самым носам у фашыстаў — на дрэвах супраць камендатуры, на чыгуначным вакзале.
Кардоўскія мсціўцы паступова ўцягваліся і ў дыверсійную работу. Буйную дыверсійную аперацыю камсамольцы ажыццявілі ў пачатку мая 1942г. Самадзельнай мінай узарвалі варожы эшалон з баявой тэхнікай, якая накіроўвалася на фронт.
Фашысты ўзмацнілі ахову чыгункі, жандары і паліцэйскія пачалі пільна сачыць за ўсім, што адбывалася ў навакольных вёсках.
Асабліва зачасцілі ў Карды паліцэйскія з Якаўчыцкага пастарунка. Прыглядаліся, нешта вынюхвалі, падоўгу затрымліваліся ў старасты. Камсамольцы рашылі знішчыць пастарунак. Выбраўшы зручны момант, яны падпалілі яго. У сутычцы быў забіты адзін паліцэйскі.
Падпал пастарунка проста ашаламіў фашыстаў. Ноччу 20 мая 1942г. эсэсаўцы акружылі в.Карды, а раніцай пачаліся вобыскі. Шукалі зброю. Але шукалі неяк вяла, праміналі заглянуць то ў камору, то пад павець. Не знайшоўшы зброю, эсэсаўцы (мясцовы фашысцкі паслугач даў ім дакладныя звесткі аб дзеяннях камсамольцаў) арыштавалі Мікалая Марчука, Васіля Пракапчука, братоў Іосіфа і Фёдара Базелюкоў, Сцяпана Пракапчука і Уладзіміра Пацейчука і, вывеўшы на ўскраек вёскі, расстралялі. Ці то нехта з паліцаяў коса цэліўся, ці хто з забойцаў знарок стрэліў міма сваёй ахвяры, але Сцяпан Пракапчук застаўся жывы. Аднак праз некалькі тыдняў, магчыма, той жа паслугач высачыў, дзе хаваецца Сцяпан. Хлопца схапілі і расстралялі.
Тым часам, калі эсэсаўцы вяршылі сваю крывавую справу ў Кардах, паліцаі арыштавалі Андрэя Пракапчука, Мікалая Дзеркача, Мікалая і Уладзіміра Пракапчукаў, якія ў той дзень працавалі на чыгунцы, пагналі іх у Жабінку. Палявой дарогай з Якаўчыц, звязаўшы вяроўкай рукі, вялі Барыса Ячніка. Арыштаваных дапытвалі ў Жабінкаўскай камендатуры. Цэлую ноч катавалі фашысты мужных патрыётаў, дабіваліся, каб яны выдалі, дзе знаходзіцца партызанскі атрад, хто ім камандуе, з кім трымалі сувязь. Але камсамольцы ўсё адмаўлялі. Раніцай 21 мая 1942г. іх завялі за чыгунку і расстралялі.
Кароткім быў жыццёвы шлях кардоўскіх мсціўцаў, якія ў цяжкі для Радзімы час не скарыліся, уступілі ў смяротную схватку з гітлераўскімі захопнікамі.
І.МІЦКОВІЧ.
З кнігі “Памяць. Жабінкаўскі раён” (скарочана).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top