“Люблю, калі на ўроках шумна і пазнаваўча”

“Люблю, калі на ўроках шумна і пазнаваўча”

_DSC3995

Адзвінеў залівісты апошні званок. Пакуль школьнікі атрымліваюць асалоду ад цёплага летняга адпачынку, выпускнікі рашаюць складаную задачу: на якую сцяжынку ступіць, каб выйці на шырокую жыццёвую дарогу. Гераіня гэтай замалёўкі вызначылася са сваёй “сцежкай” яшчэ ў дзяцінстве.
— У наш садзік “Бярозка” прыходзіла Алена Мікалаеўна Дамасевіч, настаўніца ад Бога, вучыла з намі, непаседамі, англійскія словы і выразы, — узгадвае Вольга Іванаўна Дэц. — Мы лёгка запаміналі незнаёмыя выразы, з цікавасцю разглядалі малюнкі. Так пачалося маё сяброўства з замежнай мовай.
Яно мела працяг у школе. Так атрымалася, што настаўніца А.М.Дамасевіч набрала першакласнікаў (сярод іх аказалася і Вольга) і “вяла” іх па краіне “Англійская мова” ажно да выпуску.
— Гэтыя ўрокі я ўзгадваю дагэтуль, — з цеплынёй у голасе расказвае Вольга. — Алена Мікалаеўна ўмела даступна растлумачыць любое “цяжкае” месца ў граматыцы, цярпліва і настойліва пашырала нашу лексіку. Мы любілі яе як настаўніка і старэйшага сябра. Для сябе я вырашыла адно: пасля школы буду ўдасканальвацца ў веданні англійскай мовы. Мяне падтрымала аднакласніца Юля Юзвік — вырашылі ў Баранавіцкі ўніверсітэт падаваць дакументы разам.
На факультэт славянскіх і германскіх моў выпускніца жабінкаўскага ліцэя Вольга, якая закончыла яго з залатым медалём, паступіла лёгка. Вучыцца было нескладана — дзяўчына добра ведала граматыку, “універ толькі падштурхнуў да размоўнай гутаркі”.
Нарэшце і дыплом з выдатнымі адзнакамі на руках.
Без пяці хвілін настаўніцы “пагражала” размеркаванне ў далёкія Крупкі. Любімы малады чалавек, які толькі-толькі закончыў машынабудаўнічы факультэт БНТУ, прапанаваў руку і сэрца. У верасні згулялі вяселле, і Вользе знайшлася праца ў першай гарадской школе, а Андрэю — на брэсцкім “Гефесце”.
У вялікую настаўніцкую школьную сям’ю Вольгу Дэц старэйшыя калегі прынялі цёпла і шчыра. Пад сваё “крыло” яе ўзялі непасрэдна “замежнікі” — Ірына Уладзіміраўна Макарук і Вольга Пятроўна Кісляк. Яны падтрымлівалі, дапамагалі і словам, і парадай дзяўчыне, якой даверылі вучыць англійскай мове цікаўных да ўсяго новага хлопчыкаў і дзяўчынак з трэцяга, чацвёртага, пятага, сёмага і трох восьмых класаў.
— Не скажу, што першы навучальны год у якасці настаўніцы выдаўся для мяне лёгкім, — кажа Вольга. — Аднак гэтая новая справа аказалася па душы, не расчаравалася ў выбраным занятку (мама “бачыла” мяне толькі ўрачом). Найбольш цікава было з трэцякласнікамі, маімі першымі вучнямі. Мы спявалі, вучылі песенькі, ставілі кароценькія сцэнкі. Гэтая радасная валтузня на ўроках, шырока адкрытыя вачаняты, намаганні правільна вымавіць незнаёмыя словы, шчыра кажучы, паланілі мяне. Працаваць з дзеткамі аказалася вельмі цікава.
Працоўны стаж зусім невялікі, аднак мне, як настаўніку, ёсць чым ганарыцца. Мае вучні прынялі ўдзел у раённай алімпіядзе па замежнай мове і няблага выступілі. Так, Віка Міхайлеўская з 4-га класа і Аляксандр Дарашкоў з 5-га занялі трэція месцы, а Сафія Ляшук — увогуле першае. Яна магла выступаць на абласным узроўні, шкада, што пяцікласнікаў не запрашаюць…
Вольга расказала таксама, што нароўні з замежнай мовай любіць падарожнічаць. Разам з Андрэем пабывалі ў Парыжы, гулялі па Варшаве і Будапешце, пабачылі Харватыю. Абодва прыхільнікі спартыўных камандных гульняў, неаднойчы ўвачавідкі “хварэлі” на хакейных матчах у Мінску. Мараць Вольга і Андрэй прайсці па вуліцах Лондана, загадаць жаданне на Таўэрскім мосце, і, калі пашанцуе, павітацца з самой англійскай каралевай. Веданне замежнай мовы адчыняе любыя дзверы. “Пакуль маладыя — трэба пабачыць свет, гэта ўзбагачае. А там можна і аб папаўненні сям’і думаць”, — кажа на развітанне Вольга Дэц.
Святлана КІСЛАЯ.
На здымку: вучыць англійскай мове дашкольнікаў Вольга Дэц.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*


Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top