Паводле еўрапейскіх стандартаў

Паводле еўрапейскіх стандартаў

_DSC6081

Старэйшае пакаленне Жабінкаўшчыны добра памятае той час, калі на Мухаўцы даволі часта можна было ўбачыць цеплаход, грузавую баржу, запоўненую пяском, шчэбнем, ці рудавоз. Прахожыя прыпыняліся і назіралі, як моцныя хвалі застаюцца ззаду судна ці б’юцца аб рачны бераг, прыветліва ў думках жадалі шчаслівай дарогі тым, хто знаходзіўся на водным транспарце. Цяпер такое рэдкасць. Тым не менш на тэрыторыі раёна знаходзяцца два гідравузлы — “Залуззе” і “Навасады”, дзе працуюць работнікі, чыё прафесійнае свята адзначаецца ў першую нядзелю ліпеня.
Напярэдадні яго журналісты раёнкі завіталі на гідравузел №9 “Навасады”, каб даведацца, чым жыве яго калектыў, ці курсіруе зараз водны транспарт, якія змены адбыліся ў арганізацыі працы, аб далейшым развіцці Днепра-Бугскага воднага шляху, галаўное прадпрыемства якога знаходзіцца ў Пінску.
“У склад нашага прад-прыемства ўваходзяць два філіялы: “Рамонтна-будаўнічы атрад” і “Віцебскводтранс”, — расказвае начальнік гідравузла №9 Юрый Мікалаевіч Арол. — На яго балансе больш як 600 кіламетраў водных магістраляў у Брэсцкай і Віцебскай абласцях, з якіх 244 на ўчастку ад Брэста да Мікашэвічаў, зарэгуляваныя 12 комп-лексамі гідравузлоў. Гідра-тэхнічныя збудаванні ўключаюць у сябе 12 судаходных шлюзаў, 29 водапрапускных збудаванняў і 64 кіламетры напорных дамб”.
А цяпер зазірнем у гісторыю. Праблема злучэння Дняпра з Віслай праз Прыпяць і Заходні Буг узнікла ў палавіне XVII стагоддзя, але ажыццявілася гэта больш як праз стагоддзе. У 1775-1783 гадах паміж рэкамі Піна і Мухавец быў пракапаны канал, які атрымаў назву Каралеўскі. Для сілкавання яго па-будавалі Белаазёрскую і Арэхаўскую водасістэмы. Так узнік Днепра-Бугскі водны шлях. Ён служыў у асноўным для пропуску плытоў з усходу на захад і суднаў пад час вясновай паводкі, якія даходзілі да Варшавы.
Пасля Вялікай Ай-чыннай вайны пачалося інтэнсіўнае аднаўленне воднага шляху і збу-даванняў канала.
Пад час гаворкі начальнік гідравузла №9 “Навасады” Юрый Мікалаевіч Арол узгадаў, што водны шлях змяняўся, як жывы арганізм, пастаянна ўдасканальваў сябе, павялічвалася яго прапускная здольнасць.
У гады СССР у перыяд навігацыі за суткі праз шлюз праходзіла да 20 рудавозаў, якія везлі цвёрдае паліва ў порт Брэста з Украіны.
Чым напоўнена жыццё калектыву Навасадаўскага гідравузла цяпер? Напачатку заўважу, што ў 1997 годзе ўрадам Беларусі была прынята праграма развіцця рачных і марскіх перавозак да 2010 года і рэканструкцыі гідратэхнічных збуда-ванняў Днепра-Бугскага канала. У 1998 годзе пачалося абнаўленне гідравузла “Навасады”. Пры праектаванні і будаўніцтве шлюза былі ўлічаны патрабаванні еўрапейскага стандарту ўнутраных водных шляхоў. Докавая канструкцыя яго зменшыла зліўную прызму камеры, яе даўжыню і шырыню, у выніку і аб’ём вады на шлюзаванне, павялічылася пасадка шлюзуемых саставаў. Час напаўнення і апаражнення камеры шлюза скараціўся з 16 да 6,5 хвіліны. Недаўгавечныя драўляныя канструкцыі яго замянілі на бетон і жалезабетон, а механічны прывад на гідраўлічны. У кастрычніку 2003 года работы завяршыліся. “Гэта было так даўно, — заўважыў Юрый Мікалаевіч. — Больш блізкія змены — будаўніцтва і ўвядзенне ў эксплуатацыю малой гідраэлектрастанцыі на 200 кілават энергіі ў гадзіну. Кошт яе каля 7 мільярдаў рублёў. Праўда, разлікі паказваюць, што акупіцца яна з улікам інфляцыі на пачатак 2016 года. Мы прадалі Брэсцкім электрасеткам 4 мільёны 800 тысяч кілават экалагічна чыстай энергіі, сёлета ўжо 650 тысяч. Тэрмін эксплуатацыі малой ГЭС-200 пяцьдзясят гадоў (дарэчы, зманціравана яна паводле аўстрыйскай тэхналогіі)”.
Асноўнымі відамі дзейнасці навасадаўскіх работнікаў воднага транспарту з’яўляецца забеспячэнне безаварый-нага суднаходства, пад-трыманне зададзенага ўзроўню вады ў верхнім б’ефе. Навігацыя на рэках, у тым ліку і РУЭБП “Днепра-Бугскі водны шлях” пачалася ў красавіку і завершыцца ў кастрычніку. Сёлета праз шлюз у “Навасадах” прайшло ўжо 24 грузавыя судны, якія везлі з Мікашэвічаў шчэбень (летась за навігацыю 80). Яшчэ тут займаюцца намываннем пяску для будоўляў. У абавязкі работнікаў гідравузла №9 уваходзіць і абслугоўванне абсталявання ГЭС. Дарэчы, як прызнаўся кіраўнік калектыву, “яно вельмі простае ў абслугоўванні, а непрадбачлівыя сітуацыі ўзнікаюць толькі тады, калі ёсць збоі ў паступленні электратоку на плаціну”.
На гідравузле №9 “Навасады” працуюць восем чалавек. На тэрыторыі яго чысціня, парадак, адчуваецца гаспадарлівая рука. Пад час візіту ў гэты калектыў высветлілася, што Мікалай Міхайлавіч Магдысюк і Станіслаў Феліксавіч Цымаковіч у камандзіроўцы: на Заходзяй Дзвіне будуюць гідраэлектрастанцыю. Гэта яшчэ адзін від дзейнасці “рачнікоў”. “У нас, акрамя мяне, працуюць шэсць дзяжурных суднапрапускнікоў, — расказвае Юрый Мікалевіч Арол. — Ёсць электрык. Ветэраны Анатоль Аляксандравіч Масальскі, Мікалай Аляксеевіч Пракаповіч, Мікалай Міхайлавіч Магдысюк і Сяргей Іванавіч Мацвяюк сумленна “працуюць на рацэ” больш за 15 гадоў. Яны і ўсе астатнія рупліўцы з адказнасцю выконваюць свае абавязкі”.
У рачнікоў Днепра-Бугскага воднага шляху ёсць будучыня. Наспела вострая неабходнасць развіцця яго, як шляху міжнароднага карыстання. Паводле Еўрапейскага пагаднення аб важнейшых унутраных водных шляхах міжнароднага значэння ён з’яўляецца часткай магістральнага воднага шляху Е40 (ад Гданьска праз Пінск да Херсона). Пакуль гэты шлях не дзейнічае, таму што ўчастак ад Брэста да Варшавы па рацэ Заходні Буг не суднаходны. Адкрыццё яго і выхад у Заходнюю Еўропу дазволяць развіць тут як грузаперавозкі, так і турыстычныя маршруты.
Беларусь, з’яўляючыся ўнутрыкантынентальнай дзяржавай, зацікаўлена ў выхадзе праз Днепра-Бугскую водную магі-страль да партоў Балтый-скага мора і ўключэнне водных шляхоў краіны ў сетку Заходняй Еўропы. Ідэю ўзнаўлення ў сучасных умовах скразнога суднаходства паміж Чорным і Балтыйскім морамі падтрымлівае прадпрыемства “Днепра-бугводшлях”. Ініцыятыва разгледжана і адобрана ў Жаневе Еўрапейскай камісіяй ААН па ўну-траным водным шляху.
Людміла КОСЦІНА.
На здымку: кіраўнік гідравузла №9 “Навасады” Ю.М.Арол, слесар-электрык 5 разраду Р.П.Кармановіч, суднапрапускнік 4 разраду А.А.Масальскі.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top