“…І думалі заўсёды пра людзей”

“…І думалі заўсёды пра людзей”

_DSC6317

Сустрэчы і ўспаміны (абавязкова прыемныя) саграваюць зараз яе сэрца. У свае шэсцьдзесят Ірына Уладзіміраўна Шэйка захавала энергічнасць, дабрыню да людзей, разу-мее іх жыццёвыя перажыванні, найперш тых, з кім звёў яе лёс на працоўным шляху. Таму сярод шматлікіх юбілеяў, на якія багаты сёлетні год, жанчына вылучае тыя чатыры дзясяткі гадоў, што прысвяціла спажывецкай кааперацыі.
Яна заўсёды была завадатарам. Такою застаецца і зараз.
— Жыву цяпер незабыўнай сустрэчай у Маладзечне, — гаворыць Ірына Уладзіміраўна, і вочы яе прамянеюць ад радасці. — Сорак адзін год мінуў, як скончылі ў гэтым цудоўным горадзе ўлікова-планавы тэхнікум, потым разышліся-разляцеліся… І вось 5-6 чэрвеня, калі у Маладзечне гучалі мелодыі знакамітага музычнага фестывалю, вырашылі нарэшце ўпершыню сустрэцца. Гэтак моцна кранулі усіх сяброўскія ўспаміны, цёплы прыём у роднай навучальнай установе, дзе нас ветліва сустрэлі, правялі па сучасных аўдыторыях, пазнаёмілі з сённяшнім днём альма-матар!
Тады й узнікла ў яе жаданне арганізаваць напрыканцы ліпеня яшчэ адну памятную сустрэчу, да якой зараз рыхтуецца Ірына Уладзіміраўна. Гэта збор праз сорак пяць гадоў у роднай вёсцы Галоўчыцы Драгічынскага раёна, ля школьнага парога, што даў некалі пуцёўку ў жыццё…
У школьную пару Ірына (тады яшчэ Ляўковіч) вучылася добра, але ж пайсці ў вышэйшую навучальную ўстанову перашкодзіла няпростае матэрыяльнае становішча сям’і, дзе гадаваліся трое дзяцей і хварэла матуля. Шлях далейшы па жыццёвай сцяжыне раптоўна падказала дзяўчына-гандлярка з Антопаля, якая выпадкова прапанавала: “Збірайцеся ў Маладзечна!” Сказала тое паўжартам, нібыта на фестываль запрасіла, а насамрэч — далейшы лёс падказала.
Пасля навучання Ірына вярнулася на малую радзіму. Першым месцам працы стала Папінскае райспажыўтаварыства на Драгічыншчыне, дзе амаль шэсць гадоў была эканамістам. Пазней, калі яна ўзначаліла спажывецкае таварыства, нярэдка з цеплынёй і павагай як сапраўднага настаўніка згадвала свайго першага кіраўніка Андрэя Андрэевіча Шчытовіча. У вёсцы Папіна сустрэлася і з будучым мужам Віктарам Пятровічам Шэйкам, які пасля Гомельскага кааператыўнага тэхнікума прыйшоў таваразнаўцам у мясцовае спажывецкае таварыства. Гэтак стварыўся іх дружны сямейны “кааператыў”!
Год 1980 шмат у чым стаў вырашальным. Па-першае, пачаўся ён з цудоўнай навіны — на свет з’явілася любая дачушка Наташа. (Да слова, пазней яна пайшла бацькоўскай дарогай — закончыла Гомельскі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт, а затым і магістратуру ў сталіцы. Лёс так распарадзіўся, што і абраннік дачкі Юрый Каршукоў паводле адукацыі таксама звязаны з кааперацыяй). Па-другое, тады, у васьмідзясятым, адбыўся пераезд маладой сям’і Шэйкаў у Жабінку, дзе Віктар Пятровіч атрымаў прапанову стаць намеснікам старшыні раённага спажывецкага таварыства, а Ірына неўзабаве ўладкавалася эканамістам. На працу яе прымаў Яўстафій Іванавіч Наліўка.
— Ён падабаўся мне, — расказвае жанчына, — як кіраўнік і чалавек найперш тым, што заўсёды выслухоўваў падначаленых, прычым усіх без выключэння, аднак узважанае рашэнне ў выніку прымаў самастойна. І як аказвалася пазней, было яно адзіна правільным.
Найбольш зблізілася і пасябравала на ўсё жыццё Ірына з калегай Аленай Мікалаеўнай Бульчук. З таго часу захавала ўдзячнасць за дапамогу і карысныя парады да галоўнага эканаміста Марыі Іванаўны Абрамчук. Калі неўзабаве тая ўзначаліла таварыства, Ірына Уладзіміраўна заняла месца галоўнага эканаміста, займалася планаваннем, стварэннем бізнес-планаў для развіцця арганізацыі.
Аднак на вуліцы быў час бурлівых і радыкальных перамен, наступіла эпоха перабудовы, што абумовіла няпростыя эканамічныя змены. У гэты перыяд не толькі простыя працаўнікі, але й кіраўнікі мяняліся нярэдка, што не дазваляла гаварыць пра нейкую стабільнасць, тым больш упэўнены рух наперад.
Восень 2007 года. Гэты час прынёс новыя змены ў лёсе. Шмат працы і перамен прынеслі абласныя “Дажынкі”, якія ладзіліся ў Жабінцы. Неяк сюды завітаў намеснік старшыні па эканоміцы абласнога спажывецкага таварыства Алег Уладзіміравіч Несцярук. Яго хваляваў стан раённай арганізацыі. Звярнуўся да калектыву, які ў чарговы раз застаўся без кіраўніка, з пытаннем: хто можа павесці людзей, прымусіць паверыць іх у свае сілы і магчымасці? І людзі выказаліся за Ірыну Уладзіміраўну. Тая дзякавала за давер, але пагадзілася толькі на тры тыдні выконваць абавязкі старшыні. Але ж недарма гаворыцца: няма нічога больш пастаяннага, чым часовае…
Дасюль з хваляваннем Ірына Уладзіміраўна згадвае, як прасілі яе людзі застацца, як сказала ўсхвалявана: “Я падумаю…”, пакідаючы кабінет. Хоць у душы ўжо ведала — нельга адмовіць такой шчырай просьбе і надзеі, што жыла ў словах калег…
Так склалася, што з таго дня на працягу шасці з паловай гадоў Шэйка вяла свой калектыў наперад. Яна верыла людзям, як і яны свайму кіраўніку. У гэтым яна і сёння бачыць галоўны складнік паспяховай працы. А поспехі насамрэч былі.
— Я адчувала: з такой падтрымкай можна працаваць… Хоць сітуацыя была вельмі цяжкай, — успамінае жанчына. — Шмат пазыкаў, штрафаў ад пастаўшчыкоў не дазвалялі нават узняць галаву, тым больш развівацца. Памятаю, як давялося ехаць у Аранчыцы на птушкафабрыку з просьбай адтэрмінаваць выплаты. Спачатку дырэктар быў няўмольным, аднак нарэшце зразумеў нас і прамовіў: “Добра, даю паўгода — а затым выплаціце”. А як пабачыў, што мы трымаем слова і ўзнімаемся патроху на ногі, дараваў нават штраф. І ведаеце, калі пазней і райспажыўтаварыства ўжо мела даўжнікоў, напрыклад, калгасы, дык разумеючы, што ва ўсіх сітуацыя нялёгкая, дазвалялі адтэрміноўку, бо памяталі, як і нам у цяжкія хвіліны пайшлі на ўступкі. Мы працавалі так, каб спажыўцам было лепей, і думалі заўсёды пра людзей.
Паступова справы наладжваліся. Сфера кааператыўнага гандлю ў раёне ажывала. Больш за дваццаць магазінаў запрацавала на Жабінкаўшчыне пасля капітальных рамонтаў. Людзі — а рабілася ўсё гэта найперш для спажыўцоў — з задавальненнем прымалі перамены і дзякавалі за абслугоўванне, якое паляпшалася.
— Галоўнае — тыл, а ён быў надзейны, — упэўнена гаворыць Ірына Уладзіміраўна. — Я заўсёды была перакананая: з нашымі людзьмі можна горы варочаць! Большасць у штодзённай працы паказвалі найлепшыя свае якасці: адданасць спецыяльнасці, зацікаўленасць у агульным станоўчым выніку. Пагэтаму з задавальненнем хочацца павіншаваць з Днём Незалежнасці і нашым прафесійным святам усіх, хто звязаны са спажывецкай кааперацыяй. Няхай саграваюць іх найлепшыя пачуцці, а дамы іх напаўняюцца вялікім і чыстым шчасцем, у кожнай сям’і няхай паселяцца дабрабыт, узаемапаразуменне і шчырыя адносіны. А наконт кааперацыі… Яна — усім патрэбная. Таму, перакананая, яна жыла і будзе жыць абавязкова!
Анатоль БЕНЗЯРУК.
На здымку: Ірына Уладзіміраўна Шэйка са сваімі ўнучкамі.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top