Из истории комсомола Беларуси

Из истории комсомола Беларуси

ЛКСМБ. У кожнай з гэтых літар закладзены глыбокі сэнс, за кожнай з іх — гісторыя арганізацыі, жыццё і лёсы многіх пакаленняў маладых людзей. Гісторыя Жабінкаўскай камсамольскай арганізацыі непарыўна звязана з гісторыяй беларускага камсамола.
24 верасня 1920 года адбыўся 1 з’езд камсамола Беларусі, які не толькі аб’яднаў усе моладзевыя арганізацыі БССР, але і вылучыў важнейшыя задачы для ўдзелу юнакоў і дзяўчат ва ўзнаўленні разбуранай грамадзянскай вайной гаспадаркі, ліквідацыяй непісьменнасці.
Іншыя задачы вырашалі падпольныя ячэйкі (арганізацыі) камсамола Заходняй Беларусі, якая ў той час знаходзілася ў складзе Польшчы. У Агародніках працаваў адзін з чатырох падрайкамаў ЛКСМЗБ. Камсамольцы пад кіраўніцтвам А.Дзмітрука, В.Чыжэвіча, П.Адамчука, С.Падлеўскага распаўсюджвалі палітычную літаратуру, арганізоўвалі сабатажы, дэманстрацыі моладзі супраць крывавай палітыкі польскіх уладаў. У Ракітніцы, Сцяброве, Шчэгліках былі арганізаваны атрады піянераў, у якія ўваходзіла моладзь ад 10 да 17 гадоў.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР стала пачаткам новага этапу развіцця моладзевага руху.
Вайна, якую вогненным смерчам кінула на нашу краіну 22 чэрвеня 1941 года фашысцкая Германія, стала суровым выпрабаваннем духоўных сіл моладзі і камсамола. Літаральна з першых дзён акупацыі жабінкаўцы адчулі “новы парадак”, які ўстанавілі гітлераўцы. Ужо на другі дзень вайны ў Старасельскім лесе быў арганізаваны першы партызанскі атрад, куды ўвайшлі не толькі байцы-чырвонаармейцы, а і былыя члены КПЗБ, камсамольцы, савецкія работнікі. Да стварэння райкама камсамола арганізацыяй антыфашысцкай работы займаўся член Брэсцкага падпольнага абкама камсамола т.Леваценка. 1 верасня 1943 года сакратаром Жабінкаўскага падпольнага райкама камсамола, які базіраўся ў атрадзе М.Чарнака, стаў Віталь Зубцоў.
У гады вайны ў Жабінкаўскім раёне дзейнічала каля 28 камсамольскіх і моладзевых антыфашысцкіх арганізацый. Лепшымі падпольшчыкамі, кіраўнікамі-арганізатарамі былі Андрэй Рамановіч, Іван Фалько, Мікалай Галаш, Дзмітрый Свінка, Мікалай Паўлючук, Мікалай Мацвяюк.
Пасля вайны народу трэба было не толькі ў кароткія тэрміны ўзнавіць гаспадарку, а і значна пераўзысці даваенны ўзровень вытворчасці. Разам з усімі ў ажыццяўленні гэтых планаў актыўна ўдзельнічаў і камсамол. Маладыя жабінкаўцы дапамагалі ўзводзіць Мінскі аўтамабільны і трактарны заводы, Крычаўскі цэментны, Смалявіцкую ГЭС. У 1954 годзе добраахвотнікі з усёй Беларусі накіраваліся на асваенне цалінных земляў Сібіры і Казахстана. 8 жніўня 1963 года быў здадзены ў эксплуатацыю Жабінкаўскі цукровы завод. Узводзіла яго ў асноўным моладзь, якая і склала большасць спецыялістаў-прафесіяналаў цукровай вытворчасці.
У пачатку 60-х гадоў у сельскай гаспадарцы асабліва вострым было пытанне аб кадрах. З ліку камсамольскіх актывістаў на працу ў калгасы былі накіраваны дзесяткі чалавек. Раслі атрады сельскіх механізатараў. Не малая заслуга ў гэтым кіраўнікоў раённай камсамольскай арганізацыі А.М.Сіроцкага, М.М.Чэба, А.І.Храмцова. Шырокае распаўсюджванне сярод моладзі атрымаў пачын “Пяцігодцы — майстэрства і пошук маладых”, конкурсы на званне лепшага маладога рабочага ў розных прафесіях.
Асаблівае месца ў дзейнасці камсамола займалі пытанні героіка-патрыятычнага і інтэрнацыянальнага выхавання. Пачалася актыўная праца ў арганізацыі і стварэнні музеяў Славы, на новую прыступку была пастаўлена пошукавая работа, шэфства над помнікамі і магіламі загінулых. Многа патрыятычных ініцыятыў было народжана і падхоплена раённай камсамольскай арганізацыяй 70-х гадоў: ваенна-патрыятычныя аб’яднанні “Пошук”, клубы, экспедыцыі, пасты №1 ля помніка загінулым воінам, ваенізаваныя гульні “Зарніца” і “Арляня”. Камсамол даў “пуцёўку ў жыццё” многім кіруючым работнікам, якія цяпер займаюць адказныя пасады. Ёсць сярод іх і дырэктары, і намеснікі дырэктараў школ, супрацоўнікі апарата райвыканкама і аблвыканкама, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў.
Для многіх камсамол стаў сэнсам жыцця і лёсам. З імем гэтага грамадскага руху непарыўна звязаны такія паняцці, як натхненне, энтузіязм, запал і маладосць. Усё гэта характарызуе і нашых ветэранаў, якіх заўсёды вызначалі арганізаванасць, адказнасць, уменне працаваць з людзьмі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top