Untitled-13

Клубніцы паспелі

Фермерская гаспадарка “Улас” — адзіная ў раёне, у якой вырошчваюцца клубніцы. Нягледзячы на засушлівы чэрвень, ураджай гэтых чырвонабокіх ягад сёлета парадаваў: сабрана ўжо звыш 5200 кілаграмаў (летась — 4360 кілаграмаў).
Штодня на поле ля в.Рачкі прыязджаюць да двух дзясяткаў людзей, якія жадаюць падзарабіць грошай на зборы ягад. Самыя спрытныя ягадніцы за працоўны дзень набіраюць звыш 100 кілаграмаў таварных трускавак. Сярод такіх, напрыклад, Таццяна Макарэвіч, Людміла Заяц, Надзея Дзербіц. Калі не ленавацца, за тыдзень можна зарабіць каля мільёна рублёў. Чым не падспор’е да стыпендыі ці пенсіі?
Праз дзень-другі ў фермерскай гаспадарцы “Улас” пачнецца падбор чорнай парэчкі. А там паспеюць маліна, чорнаплодная рабіна, буякі. Усяго пад гэтыя культуры ў гаспадарцы адведзена 150 гектараў.

“Пунсовыя ветразі”
ўздымалі крылы

З 8 па 25 чэрвеня на базе Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната ладзіўся абласны аздараўленчы лагер для дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў. Летнік, які атрымаў назву “Пунсовыя ветразі”, прыняў 61 выхаванца. Ён адчыніў свае дзверы не толькі для навучэнцаў з Жабінкі, але і для маленькіх гасцей з Кобрынскай дзіцячай вёскі, Дывінскага і Быціньскага дзіцячых дамоў, Бучамлянскай дапаможнай школы-інтэрната. Дырэктарам лагера была Т.А.Таўрэль, у якасці выхавальнікаў задзейнічаны педагогі Жабінкаўскай школы-інтэрната. Пад час адпачынку выхаванцы пабывалі на многіх экскурсіях (у тым ліку ў Брэсцкую крэпасць-герой, музей чыгуначнага транспарту, страусіную ферму, дом народнай творчасці ў в.Залуззе, музей А.Суворава ў Кобрыне). Дзеці пабывалі на відовішчы ў Брэсцкім лялечным тэатры, кіналекторыях у кінатэатры “Юбілейны”, паўдзельнічалі ў шматлікіх спартыўных, забаўляльных і пазнавальных мерапрыемствах, правялі з карысцю для здароўя першы месяц канікул.

І адпачынак, і аздараўленне

Як паведаміла ў рэдакцыю галоўны спецыяліст прадстаўніцтва “Брэсцкае абласное ўпраўленне рэспубліканскага цэнтра аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння” ў Жабінкаўскім раёне Алеся Мікалаеўна Рэбякеўша, за першае паўгоддзе сёлета палепшылі здароўе ў санаторыях адно дзіця-інвалід, 23 пенсіянеры (у тым ліку адзін удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, 12 інвалідаў ІІ групы і адзін — І-ай). Паводле сацыяльнага страхавання былі выдзелены 19 дарослых пуцёвак, 50 — дзіцячых, 14 — для маці з дзецьмі.
Дарослае насельніцтва Жабінкаўшчыны мела магчымасць адпачыць у санаторыях “Пралеска”, “Алеся”, “Нарачанскі бераг”, “Парэчча”, “Журавушка”, “Надзея”, “Іслач”, “Нёман” і інш. Дзеці адпачывалі і лячыліся ў здраўніцах “Баравічок”, “Багатыр”, “Налібоцкая пушча”, “Случ”, “Беларусь” (г.Друскінінкай, Літва), а таксама ў салігорскай рэспубліканскай бальніцы “Спелеалячэнне”.

Турзлёт сабраў цукравараў

Цікава і запамінальна адзначылі Дзень моладзі цукравары. На працягу двух дзён прадстаўнікі ўсіх чатырох “салодкіх” прадпрыемстваў рэспублікі (Жабінкі, Скідзеля, Гарадзеі, Слуцка) з’ехаліся ў лясны масіў ля в.Залуззе на турыстычны злёт. Пад дэвізам “У адзінстве — наша сіла” калегі мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца, прайсці няпросты шлях спаборніцтваў. Дырэктар ПУП “Свае рашэнні” Дзмітрый Міхайлавіч Трафіменка з камандай падрыхтаваў арыгінальныя спаборніцтвы (напрыклад, “Абарона Бернеса”, “Бочка Дыягена”, “Кракадзіл”, “Гіганцкія лыжы”, “Пераправа”, “Камічны футбол” і інш.). У іх трэба было праявіць не толькі спартыўныя ўменні, але і калектыўнае мысленне, знаходлівасць, пачуццё гумару, манеўровасць у няпростых абставінах. Склалася ўсё — надвор’е, святочны настрой, спартыўны запал, жаданне радавацца жыццю і пазлы з выявай эмблемы турзлёту, якія прадстаўнікі каманд збіралі на этапах.
Удзельнікаў турзлёту чакала выступленне мастацкай самадзейнасці клуба ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” і многае іншае.
На ўрачыстай цырымоніі закрыцця ў адным шэрагу стаялі не канкурэнты, а добрыя сябры, якім было што абмеркаваць, чым падзяліцца і над чым пасмяяцца. На памяць аб турзлёце ўдзельнікам былі ўручаны каштоўныя падарункі.

“Рэксік” у Пярмі сябе паказаў

Для братоў нашых меншых ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” выпускае шэраг кармоў: “Рэкс”, “Рэкс-міні”, “Рэкс +”, “Рэксік”, “Only”, “Пэтбум”. Гэтая прадукцыя вядомая сабакаводам многіх гарадоў нашай краіны. Цяпер яна знайшла прыхільнікаў і ў далёкай Пярмі. Вядучы ветэрынарны ўрач пры аддзеле маркетынгу завода Віктар Іванавіч Алексяюк пабываў там на міжнароднай выставе сабак, якая сабрала звыш 1000 удзельнікаў. Гаспадары іх высока ацанілі жабінкаўскія кармы, якія цяпер будуць пастаўляцца і ў Перм.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top