Няшчасных выпадкаў можна пазбегнуць

Няшчасных выпадкаў можна пазбегнуць

_DSC5953На мінулым тыдні адбыўся раённы Дзень аховы працы. На яго былі запрошаны кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый, ўстаноў і іншых суб’ектаў гаспадарання, а таксама прадстаўнікі кантралюючых органаў. Яны мелі магчымасць азнаёміцца з умовамі працы і быту ў калектывах, параўноўвалі, пераймалі вопыт.
Першы аб’ект паказу — ТАА “Альдэнса Люкс”. Дырэктар Сяргей Уладзіміравіч Кавалевіч расказаў, як “нараджаецца” мэбля, прадэманстраваў работу замежнай апаратуры. На вытворчасці, дзе так многа рухомых і рэжучых механізмаў, няхай і пад кіраўніцтвам камп’ютара, работнікам трэба быць надзвычай уважлівымі. Работа тут не з лёгкіх — шумна, пыльна. Навушнікі, акуляры, спецвопратка, магутныя пыласосы — неабходны “арсенал” для бяспечнай працы ў цэху дрэваапрацоўкі. Для курыльшчыкаў адведзена спецыяльнае месца.
Наступны аб’ект для агляду — Жабінкаўскі цэх газазабеспячэння МВУ “Брэстміжрайгаз”. Яго начальнік Яўген Мікалаевіч Кукашук прапанаваў азнаёміцца з цэхам і расказаў:
— На абслугоўванні цэха газазабеспячэння знаходзіцца 336,5 кіламетра газаправодаў, 20 ГРП, 27 ШРП. Амаль 8000 абанентаў карыстаюцца прыродным газам, звыш 3600 — звадкаваным. У нашай арганізацыі асаблівая ўвага надаецца ахове працы — бо гэта зарука здароўя рабочых і папярэджанне траўматызму і няшчасных выпадкаў. Абавязковы перадрэйсавы кантроль на алкаголь вадзіцеляў, не забываем пра інструктаж работнікаў, іх павышэнне кваліфікацыі.
Яўген Мікалаевіч прадэманстраваў створаныя ўмовы для працуючых: ёсць раздзявальні, душ, санвузел, утульныя пакоі адпачынку і прыёму ежы, своечасова работнікі забяспечваюцца спецвопраткай. У памяшканнях, дзе захоўваюцца балоны са звадкаваным газам, устаноўлены пажарныя апавяшчальнікі.
Галоўны інжынер МВУ “Брэстміжрайгаз” Ягор Яўгенавіч Ізергін паказаў спецыяльны прыбор, які дазваляе дыстанцыйна вызначаць уцечку газу, і таксама дапоўніў кіраўніка прадпрыемства пра захады, якія робяцца тут, каб работнікі вярталіся дамоў здаровыя.
У жабінкаўскім цэху газазабеспячэння МВУ “Брэстміжрайгаз” УП “Брэстаблгаз” самыя запатрабаваныя свае вырабы прадставіў швейны ўчастак Драгічынскага цэха газазабеспячэння. Многіх зацікавіў летні касцюм для газазваршчыкаў з лёгкай тканіны, якая не гарыць. Увогуле, гэты ўчастак займаецца пашывам спецвпораткі, жаночых халатаў і бялізны.
У ПУАП “Азяты” паглядзелі механічную майстэрню. Што было зроблена, каб стварыць здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, для работнікаў, якія займаюцца наладкай тэхнікі? У бытавых памяшканнях праведзены рамонт. Ёсць бытавы пакой, прыёму ежы, душ, санвузел, на тэрыторыі ўсюды чыста, тэхніка стаіць акуратна, і, як падкрэсліў галоўны дзяржаўны інжынер-інспектар па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы райсельгасхарчу У.М.Гапанюк, у ПУАП “Азяты” некалькі гадоў запар не было няшчасных выпадкаў. Інжынер у ахове працы гэтай гаспадаркі Любоў Васільеўна Назарчук адзначыла, што ў іх вядзецца абавязковы перад- і паслярэйсавы агляд работнікаў на алкаголь. Прычым, могуць прайсці не толькі вадзіцелі, але і ўсе катэгорыі працуючых. Рэгулярна праводзіцца тут таксама падрыхтоўка, навучанне і праверка ведаў работнікаў па пытаннях аховы працы.
Далей удзельнікі раённага дня аховы працы пераехалі ў санаторый “Надзея” ПРУП “Брэстабл-газ”. Дырэктар яго Іван Анатольевіч Крывецкі правёў экскурсію па тэрыторыі, расказаў пра здраўніцу. Тут можна падлячыцца пры захворваннях апорна-рухальнага апарата і органаў дыхання. Настаяцель маленькага храма ў гонар іконы Божай Маці ўручыў гасцям іконы князя Уладзіміра і падкрэсліў, што гэта адзіны сярод звыш сотні санаторыяў з дзеючым храмам на ягонай тэрыторыі. “Тут людзі лечацца цялесна і духоўна”, — падкрэсліў ён.
Гасцей пазнаёмілі з матэрыяльна-тэхнічнай базай санаторыя. На першым паверсе лячэбнага корпуса разме-шчаны водалячэбніца, падводныя душ-масаж, касметалагічныя аб-гортванні, праводзіцца гала-тэрапія (для лячэння органаў дыхання). На другім паверсе знаходзяцца фізкабінеты, сауны. Усяго ў “Надзеі” аказваецца 23 медпаслугі. Дарэчы, у санаторыі маюцца 2-, 3-ох месныя нумары і катэгорыі “Люкс”. Нерэалізаваная мара — пачатае, але незавершанае будаўніцтва басейна.
Нашай увазе прадаставілі адноўлены цэх харчблоку і абсталяваны кабінет аховы працы. Інжынер па ахове працы санаторыя Уладзімір Іванавіч Горбач расказаў, як наладжана падрыхтоўка, навучанне і праверка ведаў спецыялістаў па гэтых пытаннях, прадэманстраваў асабістыя карткі па ахове працы.
Тэарэтычная частка Дня аховы працы прадоўжылася ў актавай зале райвыканкама. Выступілі намеснік старшыні райвыканкама А.П.Грыгарчук, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела надзвычайных сітуацый А.А.Бутрым, урач-гігіеніст ДУ “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” А.У.Гардзейчык.
Да ўсяго сказанага далучыўся таксама галоўны дзяржаўны інспектар Брэсцкага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы А.І.Жмінько. Ён далажыў, якая сітуацыя склалася ў цэлым па вобласці і ў раёне. Алег Ігаравіч, у прыватнасці, адзначыў:
— Ахова працы — важнейшая сацыяльна-эканамічная праблема, што патрабуе да сябе пастаяннай увагі органаў улады, наймальнікаў і саміх работнікаў. У вобласці дасягнута зніжэнне выпадкаў траўматызму. Так, у 2014 годзе іх зарэгістравана 327, у 2013 — 348. Летась на рабочых месцах загінулі 22 чалавекі, у 2013 — 23. Асноўныя прычыны траўматызму — парушэнне пацярпелымі працоўнай дысцыпліны, інструкцый па ахове працы, эксплуатацыя няспраўных прылад. На Жабінкаўшчыне летась адбылося 7 няшчасных выпадкаў на вытворчасці, з іх 1 — са смяротным зыходам (ПГУП “СідаТранс”), 2 — з цяжкім зыходам (СВК “Арэпічы” і ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”). Сёлета зарэгістраваны 1 няшчасны выпадак з цяжкім зыходам (ТАА “Бугтэкстыль”).
На думку выступоўцы, іх можна было б пазбегнуць, каб работнікі не лічылі ганебным зрабіць заўвагу адзін аднаму, не ігнаравалі правілы бяспечных паводзін. А работніку “пад мухай” наогул не месца на вытворчасці.
Алег Ігаравіч таксама адзначыў найбольш распаўсюджаныя парушэнні аховы працы, якія прывялі да траўматызму: работнікі не ў поўным аб’ёме забяспечваліся сродкамі індывідуальнай аховы, на аўтамабілях не было аптэчак і вогнетушыцеляў. А такія, здавалася б, дробязі могуць пазбавіць не толькі здароўя, але і жыцця.
Падвёў вынікі сустрэчы старшыня райвыканкама Ф.Ф.Каланчук.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: удзельнікі раённага Дня аховы працы ў Жабінкаўскім цэху газазабеспячэння МВУ “Брэстміжрайгаз”.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top