Тры пляцоўкі для моладзі

Тры пляцоўкі для моладзі

IMG_9719 IMG_9724 _DSC6121

У апошнюю чэрвеньскую суботу юнакі і дзяўчаты Жабінкаўшчыны святкавалі Дзень моладзі. Для іх арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі нямала сюрпрызаў, якія можна было адшукаць на трох пляцоўках “Моладзь спартыўная”, “Моладзь здаровая”, “Моладзь адораная”, прыемна адпачыць і знайсці занятак і відовішча для душы.
Святкаванне Дня моладзі пачалося з адкрыцця пляцоўкі “Моладзь спартыўная”. На гарадской плошчы жадаючыя мелі магчымасць паказаць свае ўменні спрытна круціць абаранку аўтамабіля пад пільным наглядам інструктараў ДТСААФ. Крыху далей, у цені дрэў ля Дома культуры, юнакі ліха выконвалі практыкаванні па фігурным ваджэнні матацыкла. Тыя кіроўцы, якія паказалі найлепшы вынік, атрымалі каштоўныя падарункі ад ДТСААФ.
Пакуль на плошчы напружана раўлі маторы “жалезных коней”, на стадыёне разгарнуліся нежартоўныя футбольныя баталіі. Пад дружныя выгукі балельшчыкаў, каманды цукровага завода і аграгарадка Ленінскі “Бісіклета Жабінкаўшчыны” стараліся закінуць футбольны мяч у вароты праціўніка. Цукравары з лікам 3:2 выйгралі гэты матч і атрымалі запаветны кубак пераможцы.
У гарадскім парку аматары шашак і шахмат засяроджана пралічвалі хады над дошкамі “ў клетачку”. На дзіва, прыхільнікаў гэтай інтэлектуальнай гульні аказалася нямала.
Пляцоўка “Моладзь здаровая” прапанавала адпачываючым акцыю “Здаровая нацыя — гэта мы!”, флэшмоб “Стоп, спайс!” і гульнёвыя праграмы “Выбіраем здароўе”. А пажарная каманда МНС ля гарадскога возера арганізавала асвяжальны душ з сотні фантанчыкаў. Самыя юныя (і, бадай, самыя смелыя) жабінкаўцы з вясёлым смехам з задавальненнем скакалі пад струмені вады з пажарнай машыны. Мокрым з галавы да ног дзецям супрацоўнікі МНС таксама дазвалялі кіраваць рукавом.
Пасля гэтага ўсіх паклікала пляцоўка “Моладзь адораная”. Музыку і чароўныя напевы дарылі моладзі як ужо вядомыя калектывы і салісты горада, так і госці. Напрыклад, шквал апла-дысментаў “атрымаў” калектыў з Бярозы, які танцаваў брэйк-данс.
Далей на сцэну амфі-тэатра пад дружныя апла-дысменты падымаліся ўдзельнікі раённага конкурсу на званне “Малады чалавек года”. Заснавальнікамі і спонсарамі яго выступілі Жабінкаўскі райвыканкам, раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, райкамы прафсаюза работнікаў АПК, а таксама адукацыі і навукі. Намеснік старшыні райвыканкама А.С.Ануфрыюк павіншавала і ўзнага-родзіла ўдзельнікаў ды-пломамі і каштоўнымі падарункамі.
Вызначыліся пераможцы ў чатырох намінацыях: у галіне сацыяльнай сферы — Аляксандр Чарнушыч, эканомікі, будаўніцтва, гандлю і прадпрымальніцтва — Андрэй Северанюк; сельскай гаспадаркі — Сяргей Кірылюк, “ Малады чалавек — адкрыццё года ” ў галіне культуры, адукацыі і спорту — Сяргей Дзятлаў. Яны атрымалі статуэткі пераможцаў дыпломы і прызы.
Хіп-хоп вечарынку ад творчага аб’яднання “SoundStreet” прадоўжыла кавер-група “БаянДай”. Адпачываючыя наслухаліся песень і пусціліся ў скокі пад іскрыстыя рытмы групы “Аляксандр-парк” і ды-джэя “EmilINice” пад час святочнай дыскатэкі, якая доўжылася да гадзіны ночы.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: у час святкавання Дня моладзі.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top