Святое слова “Свабода”

Святое слова “Свабода”

IMG_7008

На гербе Беларусі — абрысы краіны. Гэтым стваральнікі сучаснага геральдычнага сімвала дзяржавы прагнулі давесці простую, але надзвычай важную думку: напрыканцы ХХ стагоддзя Беларусь абвясціла на ўвесь цывілізаваны свет пра сваю Незалежнасць, склалася канчаткова ў сваіх непарушных межах і будзе надалей развівацца, не ствараючы ніякіх праблем краінам-суседкам.
Аднак дзеля святога слова “Свабода” беларусам давялося прайсці няпросты гістарычны шлях. Ад першых дзяржаўных утварэнняў у Полацку і Тураве да Вялікага Княства Літоўскага, ад Рэчы Паспалітай да Рэспублікі Беларусь.
Кожны гэты крок быў узбагачальным. Аднак шлях выдаўся няпростым, быў абпалены шматлікімі войнамі, што прыносілі моцныя разбурэнні і ахвяры. (Толькі за апошняе паўтысячагоддзе гісторыкі налічылі амаль тры сотні ліхалеццяў, якія маланкава пракаціліся па нашых абшарах).
Пра тое сведчаць яскравыя лічбы стратаў, што мелі беларусы на працягу доўгіх часоў. На падставе архіўных крыніц падлічана: у войнах ХVII стагоддзя загінула палова жыхароў гэтых земляў; наступны век зноў нанёс непамерныя страты, калі быў знішчаны кожны чацвёрты тубылец; у ХІХ стагоддзі мы не далічыліся кожнага трэцяга; у ХХ-ым — дзве сусветныя вайны прынеслі Беларусі такія ж ахвяры…
У гэтых бясконцых ліхалеццях пакрысе загартоўваўся народ, стваралася беларуская нацыя. Адной з галоўных яе прыкмет была прага да ўласнай дзяржаўнасці. Дарога да стварэння “свайго дома — Беларусі” пралягала праз Незалежнасць.
У кожнага пакалення было сваё змаганне за волю. Усялякі куток Беларусі меў свой унёсак у агульную скарбонку барацьбы за вольнае жыццё і самастойнае развіццё. Жабінкаўшчына не стала ў гэтым выключэннем.
Менавіта на нашай зямлі ўзгадаваўся талент знакамітага барацьбіта “за волю нашу і вашу” генерала Тадэвуша Касцюшкі. Тут, у сваім Сяхновіцкім маёнтку, амаль 200 гадоў таму ён упершыню зрабіў вольнымі сваіх сялян і пісаў лісты з прапановамі даць свабоду ўсім. Як лічаць даследчыкі, Жабінкаўшчына шчыльна звязана з лёсам аднаго з кіраўнікоў паўстання 1863-1864 гадоў Рамуальда Траўгута, тут бываў і славуты Кастусь Каліноўскі. Абодва яны загінулі ў змаганні, як і тысячы іншых, хто прагнуў свабоды свайму народу. Часам, гартаючы архіўныя дакументы, не адразу разумееш, чаму гэтак жорстка працавалі ваенна-палявыя суды, вынішчаючы восенню 1864-га дух крамолы. Хоць адказ, відаць, просты: запалоханы народ мае пакорлівае сэрца, абыякавае да незалежнасці…
Аднак пачалося ХХ стагоддзе, у якім “пан сахі і касы”, як вобразна назваў беларуса Янка Купала, зноў расправіў плечы. Рашучыя крокі, каб усталяваць незалежнасць Беларусі, паўтараліся зноў і зноў у 1917, 1918, 1919, 1920 гадах…
Пакрысе пачынала складвацца тэрыторыя сучаснай краіны. На жаль, найчасцей гэта рабілася без ведама і згоды саміх беларусаў. Спачатку, як пісаў з горыччу народны паэт, “далі шэсць паветаў — дзякуй і за гэта”. Затым, у 20-ыя гады мінулага стагоддзя, склаліся ўсходнія вобласці, нарэшце, восень 1939-га прынесла доўгачаканае аб’яднанне ўсіх земляў, дзе кампактна пражывалі беларусы. Канчаткова сённяшнія межы аформіліся пасля Вялікай Айчыннай вайны. Яе значэнне для лёсу нашага народа нельга пераацаніць. Сярод мільёнаў загінулых — і тыя тысячы жабінкаўцаў, што склалі свае галовы на франтах, у падполлі і партызанскіх атрадах, сталі ахвярамі жорсткіх карнікаў у Жабінцы, Сцяброве, Хадасах, Жыціні, Пятровічах, Драмлёве…
Таму ў памяць пра іх штогод 3 ліпеня ў адной даце аб’ядноўваюцца адразу тры святочныя падзеі: Дзень Незалежнасці, вызваленне краіны ад фашысцкіх захопнікаў і Дзень Рэспублікі. Яны адзначаюцца як галоўныя падзеі краіны, якая стараецца ісці сваім шляхам.
Так, не існуе сярод народаў ніводнага, хто хоча жыць пад прымусам. Няма свабоднай дзяржавы, якая б не заплаціла крывёю за права звацца вольнай. І ўсялякая нацыя, што атрымала як найвялікшую каштоўнасць сваю Свабоду, святкуе шыкоўна, голасна на ўвесь белы свет сваю Незалежнасць.
Гэты дзень — галоўны доказ, што нацыя склалася канчаткова і каштоўным узорам ўплецена сярод іншых народаў і нацый у вянок непаўторнага свету.
Анатоль РОСТАЎ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top