У гавані Курловічаў спакой і хараство

У гавані Курловічаў спакой і хараство

Сямігадовая Дзіяна круціць педалі новенькага веласіпеда, за ёй спяшаецца на роліках малодшы брат Дзяніс, а найменшая Аксаначка пад пільным наглядам мамы Алы штурхае паперадзе сябе лялечную калясачку. На маё пытанне, куды так спяшаецца сямейства Курловічаў, малыя дружна адказваюць:  “Ідзем тату з завода сустракаць! ”Семьякурлович
Хутка на тратуары паказваецца і тата Вадзім. Малыя радасна падбягаюць, моцныя рукі падхопліваюць усіх па чарзе, кожны, уключаючы маму, атрымлівае буську. Ва ўсіх добры настрой. Цяпер можна вяртацца ва ўтульную кватэру, павячэраць, абмеркаваць падзеі дня.
Неўзабаве спаўняецца 14 гадоў, як Ала і Вадзім пазнаёміліся. Яны не раз са смехам узгадвалі, як яна, дзевяцікласніца, прымала нясмелыя кампліменты ўжо выпускніка школы, а потым рыхтавалася да спатканняў. Сяброўства доўжылася шэсць гадоў. За гэты час Вадзім паспеў вывучыцца на слесара, папрацаваць у прыватнай фірме кансультантам, а яна — атрымаць прафесію прадаўца і ўладкавацца памочнікам выхавальніка ў яслі-сад №4 г.Жабінка.
— Усё, хопіць чужых дзяцей выхоўваць, трэба ўжо сваіх гадаваць! — аднойчы рашуча заявіў Вадзім і павёў каханую ў загс.
Пасля вяселля праз год нара-дзілася Дзіяна. Гаспадар сям’і перайшоў працаваць на ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”. Кемліваму і працавітаму хлопцу прапанавалі вывучыцца на газарэзчыка (гэтая спецыяльнасць была ў той момант больш аплачваемай). Ён пагадзіўся і ні хвіліны потым не пашкадаваў аб сваім выбары.
Прайшло зусім мала часу, як Вадзім і Ала Курловічы атрымалі ключы ад кааператыўнай двухпакаёвай кватэры. Да гэтай радаснай навіны дадалася яшчэ адна — у сям’і чакалася папаўненне. Пакуль мама знаходзілася ў радзільным доме, Вадзім з маленькай Дзіянкай закончыў рамонт у кухні, паклеіў шпалеры ў пакоях, уставіў міжпакаёвыя дзверы, сабраў мэблю. Для Алы, якая прыехала ў новую кватэру ўжо з Дзяніскам, гэта было найкаштоўнейшым падарункам ад каханага.
Неўзабаве ў сям’і Курловічаў падала нясмелае “агу” Аксаначка. Старэйшыя брацік і сястрычка (дарэчы, розніца паміж дзецьмі дакладна два з паловай гады) вельмі цёпла сустрэлі новага “кватаранца”, дапамагалі маме, як маглі: неслі маленькай цацкі і памперсы, забаўлялі, люлялі. І цяпер, калі малыя ўтраіх гуляюць у двары, гушкаюцца на арэлях, корпаюцца ў пясочніцы, ніхто з іншых дзяцей не можа пакрыўдзіць двухгадовую Аксаначку. Дзяніс, нібы каршук, налятае на крыўдзіцеля. Такому дзіцячаму адзінству ў сям’і можна толькі пазайздросціць.
— У нашых малых розныя характары, — расказвае мама. — Дачка Дзіяна выдатна закончыла першы клас. Яна ў нас чалавек творчы: з задавальненнем танцуе ў школьным гурце “Барбарыкі” (пад кіраўніцтвам Вольгі Цупа), малюе, лепіць з пластыліну, любіць катацца на веласіпедзе, просіць запісаць яе ў музычную школу, каб навучыцца граць на гітары. Акрамя таго, першая памочніца на кухні. Дзяніс, як хлопчык, часта праяўляе напорыстасць, упарты ў дасягненні мэты. З цацак у свае чатыры з паловай гады перавагу аддае робатам і канструктару. Нядаўна “асвоіў” ролікавыя канькі. Аксаначка з дзяцей самая цікаўная і, бывае, нашкодзіць — павыкідвае вопратку з шафы, рассыпле макароны, прыцісне ката Кветачку ў кутку. Як і сястрычка, любіць танцаваць.
У сям’і, дзе растуць трое дзетак, маме заўжды трэба быць напагатове: прытуліць, калі малое плача, папярэдзіць аб небяспецы, пашкадаваць, пачытаць кніжку і проста іх моцна-моцна любіць… А яшчэ — быць самой каханай, адчуваць пяшчоту і цеплыню чалавека, якога кахаеш.
Многае залежыць ад жанчыны, захавальніцы сямейнага агменю: з засмажанай курачкай з салацікам на вячэру можна ад мужчыны дабіцца значна больш, чым сваркай, лічыць Ала. Ну, а калі “пілаваць” другую палавінку праз любую дробязь — які муж гэта вытрымае? Сям’я — гэта любоў і пяшчота, давяральныя адносіны. Рэўнасці тут не месца.
…Курловічы, як маладая шматдзетная сям’я, афармляюць дакументы на адкрыццё льготнага крэдыту — непадалёку ад возера Візжар яны збіраюцца будаваць дом. Дом, у якім паселяцца радасць і каханне.
На здымку: Ала і Вадзім Курловічы з дзецьмі Дзянісам, Дзіянай
і Аксаначкай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top