Молодость вдохновляла на труд

Молодость вдохновляла на труд

На працу натхняла маладосць
Намесніка дырэктара СШ №3 г.Жабінка Людмілу Паўлаўну Пшанай на Жабінкаўшчыне ведаюць і паважаюць. З многімі яна працавала ў Ракітніцкай адзінаццацігодцы, другой і трэцяй гарадскіх школах, райкаме камсамола. А колькіх вучняў далучыла да матэматыкі! Ёсць у біяграфіі Людмілы Паўлаўны малавядомая старонка для большасці яе калег, сяброў, вучняў… Пісалася яна ў юнацтве, у студэнцкія гады, калі Людміла вучылася на фізіка-матэматычным факультэце Брэсцкага педінстытута імя А.С.Пушкіна.
Сёння, напярэдадні 90-годдзя з дня нараджэння камсамола Беларусі, Людміла Паўлаўна Пшанай пагадзілася ўспомніць пра рамантыку тых дзён, удзел яе ў студэнцкіх будаўнічых атрадах.
Сяброўства з камсамолам, добрыя справы, энтузіязм яе ў моладзевым руху пачаліся яшчэ ў 1977 годзе, калі вучаніцу Азяцкай сярэдняй школы абралі сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі. Прадоўжылася актыўная дзейнасць і ў студэнцтве: сябра бюро фізіка-матэматычнага факультэта, сакратар пярвічкі курса, сябра камітэта камсамола інстытута, дзе мела грамадскае даручэнне — камандзір штаба працоўных спраў. А, як вядома, большасць іх адбывалася летам пад час работы студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Чатыры гады запар Людміла Пшанай працавала ў будатрадзе: была і камандзірам, і камісарам.
— Датэрмінова здадзены экзамены за першы курс, атрад “Купалінка” едзе працаваць у Малдавію, — расказвала Л.П.Пшанай. — Я ў ролі камісара. Зацвердзіў абкам камсамола неахвотна: маўляў, толькі 17 гадоў, а ў падпарадкаванні пяць дзесяткаў студэнтаў. Асцярожнасць была беспадстаўная, усе юнакі і дзяўчаты паважалі і камандзіра (ім была на два гады старэйшая за мяне сённяшні настаўнік матэматыкі першай гарадской школы Галіна Пятроўна Якубук), і камісара, руплівасць, энтузіязм, захопленасць панавалі на працягу ўсяго працоўнага семестра.
Чым займаліся студэнты? З факультэта за новымі ўражаннямі, рамантыкай, падзарабіць грошай адпраўлялася ў той час атрадаў шэсць. Двойчы, расказвала педагог, яна ўдзельнічала ў зборы садавіны, агародніны на малдаўскіх палях: памідоры, арбузы, дыні, грушы нарыхтоўвалі студэнты з Брэстчыны. Людміле, напрыклад, прапаноўвалі заставацца памочнікам брыгадзіра. Відаць, падабаліся яе арганізатарскія здольнасці. Працоўны семестр тут доўжыўся недзе да 7 верасня. Быў у студэнтаў і вольны ад працы час, але насычаны карыснымі і цікавымі справамі. Найперш творча працавалі агітбрыгада, створаны лагер “Спадарожнік”… Ад’язджаючы на працу, студэнты складалі план выхаваўчай працы, зацвярджалі яго ў камітэце камсамола інстытута. Кожнае масавае мерапрыемства з гэтага плана рыхтавалася сур’ёзна, з энтузіязмам, таму цудоўна ўспрымалася самімі студэнтамі і мясцовымі жыхарамі.
— Вярталіся дадому ўзмужнелыя, з цікавымі ўражаннямі, новымі адрасамі ў запісных кніжках, задаволеныя, — гаварыла Людміла Паўлаўна.
Добра памятае яна кожны працоўны семестр. На старэйшых курсах разам з іншымі студэнтамі працавала на будоўлі. І было гэта на Пружаншчыне ў саўгасе “Ліноўскі”. Камандзір атрада “Архімеды” Людміла Пшанай цяпер здзіўляецца як гэта ўдавалася ім умела класці кладку, узводзіць дах, слаць шыфер, пракладваць асфальт. А будавалі яны тут ферму. Не адмаўляліся дапамагчы і на зернетаку ў час жніва. За якасцю будаўнічых работ “архімедаўцаў” сачыў прараб. Відавочна, што ў мясцовым саўгасе былі задаволеныя працай студэнтаў. Таму пацвярджэнне ўзнагароджанне Ганаровай граматай Пружанскага райкама камсамола камандзіра будатрада Л.П.Пшанай. Крыху пазней, калі ўжо ў студэнцкіх аўдыторыях ішлі заняткі, кіраўніцтва саўгаса “Ліноўскі” запрасіла яе ў турыстычную паездку ва Уладзімір-Суздаль. І дзяўчына, вядома, была ўдзячная: значыць добра папрацавалі летам.
Дарэчы, у Людмілы Паўлаўны Пшанай ёсць і іншыя ўзнагароды за энтузіязм, руплівую працу ў будатрадах: Ганаровыя граматы Брэсцкіх абкама і гаркама камсамола, ЦК ЛКСМБ і ВЛКСМ. А яшчэ яна была ўзнагароджана турыстычнай пуцёўкай на Кубу, вядома ж паехала. Успомніла, што ў падарожжы ўдзельнічаў яшчэ адзін актыўны будатрадавец з Жабінкаўшчыны Міхаіл Гатоўчыц.
— Што нас клікала да ўдзелу ў працоўных летніх буднях? — разважае Людміла Паўлаўна. — Маладосць, няўрымслівасць, жаданне ўбачыць свет, прайсці новымі, нязведаннымі сцяжынамі, рамантычнасць і ўзнёсласць нашых душаў. Хацелася яшчэ мець уласна заробленыя грошы і паказаць, што не толькі вучоба, але й самая цяжкая фізічная праца падуладныя моладзі.
Л.КОСЦІНА.
На здымку: актыўная ўдзельніца камсамольскіх будаўнічых атрадаў Людміла Паўлаўна Пшанай.
Фота С.Кіслай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top