Untitled-13Амерыканцы паспрабуюць жабінкаўскі цукар

Як паведаміў рэдакцыі галоўны інжынер ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Васіль Мікалаевіч Бабрук, сёлета прадпрыемства перапрацавала 44 тысячы тон цукру-сырцу і атрымала крыху больш за 43 тысячы тон белага цукру. У асноўным салодкая прадукцыя завода прадаецца ў Расійскую Федэрацыю, Украіну, Казахстан, Кыргызстан. У ліпені пачнецца продаж жабінкаўскага цукру ў ЗША.

З надзеяй на здаровую будучыню

Дзвюх дзяўчынак з Жабінкі — Соф’ю Карабан і Настассю Сарока аб’яднала бяда — анкалогія. Кожны дзень яны змагаюцца са страшнай хваробай. Ім так неабходна падтрымка. У мінулую суботу ў ГДК адбылася дабрачынная акцыя ў дапамозе збору сродкаў на лячэнне дзяўчынкам. На сцэне і ў фае разгарнулася канцэртна-забаўляльная праграма з удзелам “Вясёлкавага мікса” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, “Каруначкаў”, ансамбляў “Белая Русь” і “Флэш”, кавер-групы “БаянДай”, салістаў Вікторыі Санюк, Аляксандры Мартынчук, Вікторыі Міцковіч, Данііла Казлова, Соф’і Саўчук і інш.
Працавала выстава-кірмаш вырабаў ручной работы; былі арганізаваны салодкі майстар-клас; у фотазоне свае паслугі прапаноўваў прафесійны фатограф. Самыя маленькія гледачы забаўляліся з аніматарамі і клоўнамі, упрыгожвалі тварыкі аквагрымам. Дуэт Алены і Мікалая Плашчанскіх з Кобрына паказаў чароўны нумар з выдуваннем гіганцкіх мыльных бурбалак. Маладых людзей зацікавіла выстава-продаж ад вясельнага салона “Papilio”.
Але самае галоўнае — скрынкі для збору грошай на лячэнне хворых дзяўчынак папаўняліся — было сабрана звыш 33 мільёнаў рублёў. Жабінкаўцы падарылі свята сабе і надзею Соф’і і Насці на здаровую будучыню.

Тавар арыштаваны

Сёлета ў чэрвені падатковай інспекцыяй Жабінкаўскага раёна пад час аператыўнай праверкі гандлёвага павільёна “Жаночая вопратка”, што належыць індывідуальнаму прадпрымальніку С., выяўлена парушэнне заканадаўства: адсутнічалі дакументы, якія пацвярджаюць паступленне тавараў да месца іх рэалізацыі, а таксама захоўваліся і рэалізоўваліся некаторыя з іх без кантрольных знакаў, што падлягаюць іх маркіроўцы, тым больш у адпаведнасці з заканадаўствам такая маркіроўка з’яўляецца абавязковай.
“У выніку дадзеных парушэнняў, — як сказала Людміла Грузіна, намеснік начальніка — начальнік аддзела інспекцыі МПЗ у Жабінкаўскім раёне, — арыштавана таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў без пацвярджальных дакументаў на 27 мільёнаў рублёў, а таксама 30 пар абутку. Матэрыялы праверкі накіраваны ў эканамічны суд Брэсцкай вобласці для прыняцця рашэння. Акрамя таго, пад час кантрольнай закупкі індывідуальным прадпрымальнікам С. прыняты грашовыя сродкі 800 тысяч рублёў за рэалізаваныя жаночыя басаножкі без выкарыстання суміруючага апарата.” За гэтае парушэнне прадпрымальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці — штрафу ў 1,8 млн. руб.

Тэхнічныя сродкі рэабілітацыі для інвалідаў

У раёне праводзіцца мэтанакіраваная работа ў аказанні сацыяльнай дапамогі і падтрымкі фізічна аслабленых людзей, а таксама стварэнне безбар’ернага асяроддзя для іх жыццядзейнасці. Асабліва ўвага надаецца забеспячэнню інвалідаў тэхнічнымі сродкамі сацыяльнай рэабілітацыі. Выдадзена іх звыш 80 за перыяд дзейнасці спецыяльнай Дзяржаўнай праграмы, прынятай на 2011-2015 гады. Найбольш — інвалідных калясак, а таксама крэслы і трохколавыя веласіпеды  для дзяцей з ДЦП, гадзіннікі з сінтэзатарам мовы, хадункі і інш. Элементамі безбар’ернага асяроддзя абсталяваны шэраг аб’ектаў аховы здароўя, адукацыі, культуры, гандлю, адміністрацыйныя будынкі.

Лавіся, рыбка

У мінулыя выхадныя некаторым работнікам ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” было не да сну. На возеры Гута Пружанскага раёна ладзіліся спаборніцтвы па спартыўнай рыбнай лоўлі, дарэчы, упершыню ўключаныя ў праграму ўнутрызаводскай спартакіяды. Было 6 каманд па 2 чалавекі кожная. Лавілі з берага паводле жэрабю на вуду, спінінг і фідэр з 6 да 10 гадзін раніцы.
Першае месца заняла каманда Д.М.Волка і А.А.Крупко. Іх улоў — 71 рыбіна агульнай вагой 6040 грамаў. А.А.Расохін і С.В.Нагар выцягнулі з возера 73 рыбіны агульнай вагой 5580 грамаў. Трэцяе месца ў каманды В.М.Якубука і А.М.Зайца. Іх улоў — 53 штукі вагой 2710 грамаў.
У асабістым заліку першае месца ў А.А.Расохіна (4,4 кг), другое — А.А.Крупко (4,3 кг), а трэцяе — Д.М.Волк (1,7 кг). Самая вялікая рыбіна трапіла на кручок С.С.Кінева — лінь заважыў 380 грамаў. Дарэчы, удзельнікам спаборніцтваў лавіліся платва, чырвонапёрка, ліні і акуні. Рыбакі засталіся задаволеныя ўловам, юшка была смачная.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top