Untitled-13Штрафы пералічваюцца
ў даход дзяржавы

Кантроль за транспартам на дарогах асабліва ўзмацняецца ў летні перыяд, калі пад уздзеяннем гарачыні вібрыруецца асфальтавае пакрыццё. Як расказаў начальнік КП-ПВГК “Федзькавічы” Васіль Галюнчык, за мінулы месяц паводле кантрольных мерапрыемстваў федзькавіцкімі спецыялістамі сумесна з аддзелам вагагабарытнага кантролю ў Брэсцкай вобласці праведзена 770 раптоўных тэматычных аператыўных праверак. 255 кіроўцаў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Яны заплацілі штрафных санкцый больш як 433 мільёны рублёў. Пад час кантрольных мерапрыемстваў быў выяўлены 71 выпадак руху цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў з парушэннем дзеючага заканадаўства. З уладальнікаў іх спагнана ў даход дзяржавы больш як 276 мільёнаў рублёў за ўрон, нанесены дарогам агульнага карыстання, а самі кіроўцы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Штабная трэніроўка

Як паведаміў у рэдакцыю начальнік групы тэрытарыяльнай абароны Жабінкаўскага раённага ваеннага камісарыята капітан Яўген Бінецкі, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны на 2015 год у маі пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Ф.Ф.Каланчука праводзілася сумесная штабная трэніроўка. У ёй удзельнічалі службовыя асобы райвыканкама, РВК, РАУС, РАНС, якія ўваходзяць у склад савета абароны і аператыўнай групы Жабінкаўскага раёна тэрытарыяльнай абароны. Былі адпрацаваны пытанні кіравання сіламі тэрытарыяльнай абароны ў ходзе стабілізацыі абстаноўкі ў раёне. Мэты мерапрыемства дасягнуты.

Купацца на Візжары можна

У адным з папярэдніх нумароў “Сельскай праўды” паведамлялася аб спыненні дзейнасці пляжа на возеры Візжар да атрымання станоўчых проб вады па мікрабіялагічных паказчыках.
Праведзена чарговае даследаванне яе з возера. “Вынікі паказалі, — сказала галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Надзея Шосцік, — адпаведнасць яе гігіенічным патрабаванням. Мною паводле атрыманых дадзеных выдадзены дазвол на ўзнаўленне дзейнасці пляжа на Візжары”.

І адпачынак, і спорт

Прафсаюзны камітэт Жабінкаўскай дыстанцыі пуці клапоціцца аб тым, каб працаўнікі не толькі працавалі, але і цікава праводзілі свой вольны час. Напрыклад, нядаўна была арганізавана экскурсія ў Мінск. 96 пуцевікоў і члены іх сямей пабывалі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, адпачылі ў аквапарку “Лябяжы”.
У адзін з чэрвеньскіх выхадных чыгуначнікі правялі турнір па міні-футболе ў спартыўнай зале ФАУ “Бадзёрасць”. Змагаліся за званне лепшай 8 каманд. У выніку напружанай барацьбы прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — ва ўчастка дэфектаскапіі, другое — у 4-га ўчастка (Кобрын), трэцяе — у ўчастка №2 (Жабінка). Падчас гульні вызначыліся лепшыя: нападаючы Мікалай Алешка і варатар Андрэй Кулік. Усе пераможцы атрымалі дыпломы і падарункі, а астатнія ўдзельнікі — суцяшальныя прызы.
Зборная каманда з лепшых гульцоў будзе адстойваць гонар Жабінкаўскай дыстанцыі пуці ў ліпені ў турніры, які будзе праводзіць Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі.

У эстафеце — трэція

Каманда трэцяй гарадской школы, пераможца раённай ваенна-патрыятычнай гульні “Арляня-2015”, прадстаўляла Жабінкаўшчыну на аналагічным абласным узроўні. Спаборніцтвы, у якіх на працягу двух дзён змагаліся за званне лепшага 16 каманд, праходзілі на базе 38 асобай мабільнай брыгады і на брэсцкім палігоне.
Юнакі і дзяўчаты паказвалі свае ўменні ў зладжанай маршыроўцы, спявалі, разбіралі і збіралі зброю, стралялі з пнеўматычнай вінтоўкі, удзельнічалі ў ваенна-спартыўнай эстафеце. Прадстаўнікі нашага раёна годна выступілі ў апошняй і занялі трэцяе каманднае месца, а па зборцы аўтамата сталі шостымі ў вобласці.

Сустрэча ў бібліятэцы

У цукровазаводскай бібліятэцы адбылася сустрэча ўдзельнікаў клуба праваслаўя “Вера і жыццё” з клірыкам Андрэем Петрусевічам. Чытачы за кубачкам чаю паглядзелі фільм аб жыцці і дзейнасці Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсея Русі Кірыла “Праўда выбару. Жыццё ў служэнні”. Дарэчы, ён збіраецца на берасцейскую зямлю з візітам, які адбудзецца 20-21 чэрвеня. Потым святар Андрэй адказаў на хвалюючыя пытанні і падарыў бібліятэцы ікону Спасіцеля і некалькі кніг на праваслаўную тэматыку.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top