“Жывіце, людзі, доўгі век!”

“Жывіце, людзі, доўгі век!”

IMG_9410

Для чалавека патрэбны падказкі, як рухацца па жыццёвым шляху. Для Генадзя Мікалаевіча Бондара такіх арыенціраў было некалькі.
— Відаць, у маім выпадку інакш і быць не магло, — разважае малады ўрач. — Ёсць на Брэстчыне вельмі запаветнае месца: ля вёскі Пажэжын Маларыцкага раёна, дзе прайшлі мае маленства і юнацтва, раскінуў сваю карону Цар-дуб — даўні сімвал шматвекавой сілы. Некалі (калі верыць легендам) людзі жылі сотні гадоў, як магутныя дрэвы. Пра Цар-дуб кажуць у народзе: прыносіць ён здароўе кожнаму, хто дакранецца, а яшчэ надзяляе жаданнем іншым дапамагаць…
Улетку 2007 года перад выпускніком Пажэжынскай адзінаццацігодкі стаяў выбар: медыцына або педагогіка. Абодва накірункі — надзвычай гуманныя, патрэбныя людзям, таму былі вельмі прыцягальнымі для юнака.
На канчатковае рашэнне паўплывалі родныя, іх жыццёвыя прыклады і ўстаноўкі. Найперш, бацька Мікалай Паўлавіч, які на працягу амаль двух дзясяткаў гадоў адпрацаваў ветэрынарным урачом (сёння ён працягвае службу на дзяржаўнай мяжы ў якасці ветэрынарнага інспектара), ды маці, што ў свой час была санітаркай у чыгуначнай бальніцы. Разам бацькі прывілі любоў і павагу да “людзей у белых халатах”. Акрамя таго выхадцам з Пажэжына быў выдатны ўрач, загадчык кафедры ўралогіі Беларускай дзяржаўнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Вячаслаў Іванавіч Вашчула. Ягонае імя, гучнае ў медыцыне, заўсёды было на слыху ў роднай вёсцы.
А канчатковы выбар дапамог зрабіць родны брат Павел. Ён вучыўся ўжо на другім курсе Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта. Калі вяртаўся дамоў на пабыўку, ахвотна дзяліўся з Генадзем сваім захапленнем і навыкамі, атрыманымі ў вышэйшай навучальнай установе, распавядаў, што бачыць сябе выключна хірургам — прадстаўніком адной з найбольш складаных і паважаных спецыяльнасцяў. (Дарэчы, так атрымалася, што малодшы пайшоў крокамі старэйшага — абодва браты сталі хірургамі і цяпер працуюць у суседніх раёнах: Павел у Маларыце, а Генадзь у Жабінцы).
Генадзь Мікалаевіч з цеплынёй згадвае часы вучобы. Так, хоць былі яны няпростымі, ды напаўняліся прыемнымі штодзённымі знаёмствамі з азамі будучай прафесіі. Гэтыя веды неслі цудоўныя выкладчыкі. Непасрэдна запомніліся лекцыі колішняга рэктара ўніверсітэта, загадчыка кафедры шпітальнай хірургіі і сапраўды выдатнага чалавека Міхаіла Рыгоравіча Сачака. І ў свае дзевяноста гадоў легендарны доктар, заслужаны ўрач Беларусі, працягваў весці сваіх студэнтаў у загадкавы свет медыцынскай прафесіі.
— Рабіў гэта сапраўды віртуозна, — успамінае Генадзь Мікалаевіч. — Вучоны з багатым жыццёвым і практычным вопытам не стамляўся даводзіць нам, што ўсялякая медыцынская галіна адказная, вымагае шмат сіл, ведаў і нават ахвярнасці. Мо найбольш падкупалі ягоныя дабрыня, чуласць да хірургічных пацыентаў. Гэта і схіліла мяне ў рэшце рэшт стаць хірургам.
Пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы Генадзя Бондара чакала інтэрнатура ў Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. Дасюль ён удзячны калектыву берасцейскіх урачоў за тое, што пад кіраўніцтвам Аляксандра Канстанцінавіча Бардухаева дапамог маладому калегу замацаваць веды, атрыманыя ў студэнцкай аўдыторыі, сапраўднай практыкай, узбагаціў вопытам і ўсяліў упэўненасць у сваіх сілах.
1 жніўня 2014 года Генадзь Мікалаевіч паводле размеркавання ўладкаваўся на працу ў Жабінкаўскую раённую бальніцу, дзе штодня прымяняе і ўдасканальвае набытыя веды. Адразу пачаў працаваць хірургам, а з верасня таго самага года і ўролагам. Дзеля гэтага закончыў спецыяльныя курсы ў акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Пра сваю працу гаворыць разважліва:
— Нагрузка вялікая — штодня не менш за семдзясят чалавек прыходзяць на прыём са сваімі праблемамі, і кожны чакае ўвагі да сябе. Радуюся, калі здольны суняць чужы боль, калі магу аказаць пацыентам патрэбную дапамогу. Здароўя ўсім, жывіце, людзі, як моцныя дрэвы, доўгі век!
Маладога спецыяліста надзвычай цешыць, што старэйшыя і таму больш вопытныя медыкі прынялі яго з разуменнем і павагай. Асаблівая падзяка — галоўнаму ўрачу Анатолю Іванавіча Лаўрукевічу і яго намесніку ў медыцынскай часці Ганне Ігнацьеўне Бурак за іх клопат, за тое, што амаль па-бацькоўску аднесліся да маладога ўрача, паклапаціліся пра ўладкаванне, стварэнне неабходных умоў для працы і жыцця.
— Напярэдадні прафе-сійнага свята — Дня медыцынскіх работнікаў, — дадае Генадзь Мікалаевіч, — вельмі хачу выказаць словы падзякі калегам Аляксандру Васільевічу Дарагакупцу, Аляксандру Мікалаевічу Людыне, Галіне Мікалаеўне Лузько за дапамогу і падказкі, патрэбныя кожнаму, хто толькі пачынае свой сур’ёзны шлях у медыцыну. Увогуле ўсім “людзям у белых халатах” — здароўя моцнага, каб маглі падтрымліваць яго ў іншых. Бо толькі медыкі насамрэч ведаюць, як лёгка здароўе згубіць, але складана адшукаць і вярнуць!
Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top