Сем разоў падумай — адзін раз перайдзі

Сем разоў падумай — адзін раз перайдзі

svetofor_2

Вось і прыйшла доўгачаканая пара для дзетак — лета. Не трэба рана прачынацца, спяшацца ў школу. Процьма вольнага часу — займайся, чым жадаеш! Для дзяцей лета, вядома, самая вясёлая пара года, а для дарослых гэта пара хваляванняў і перажыванняў за малых, якія засталіся дома. Бо неслухаў і гарэз нярэдка падпільноўваюць рознага роду небяспекі, і адна з іх — дарога…

Паводзіны бацькоў на дарозе павінны служыць прыкладам для дзіцяці з таго самага моманту, калі яно толькі пачынае хадзіць. Хіба можа малое вырасці дысцыплінаваным пешаходам, калі мама ці тата самі перабягаюць на чырвоны сігнал святлафора?! Таму станьце для свайго дзіцяці годным прыкладам, бо аўтарытэт бацькоў для яго непахісны. А вашы аповяды пра тое, як неабходна паводзіць сябе на дарозе, хай будуць не толькі цікавымі, але і рэгулярнымі.
Дзяржаўтаінспекцыя Брэсцкай вобласці прапануе сем важных правілаў. Засвойваць кожнае з дзіцём лепш асобна. Толькі тады яно навучыцца выконваць іх усвядомлена. Але ўлічыце: звычайна дзеці, асабліва малодшага школьнага ўзросту, не могуць правільна ацаніць хуткасць машыны, якая набліжаецца, і адлегласць да яе, таму яны павінны пераходзіць дарогу, трымаючыся за руку дарослага.
Правіла №1: “Бяспечнае месца для пераходу”. Калі паблізу няма пераходу са святлафорам, неабходна абраць месца, адкуль добра відаць дарогу ва ўсіх накірунках. Няварта выходзіць на праезджую частку паміж машынамі, якія стаяць. Важна, каб не толькі дзіця добра бачыла дарогу, але каб і вадзіцель яго бачыў.
Правіла №2: “Перад пераходам спыніся”. Некаторыя дзеці любяць вельмі хутка перабягаць дарогу. Неабходна прывучыць іх спыняцца, перш чым ступіць на праезджую частку, і ўважліва аглядаць дарогу.
Правіла №3: “Агледзься і прыслухайся”. З кожных дзесяці пацярпелых на дарозе дзяцей дзевяць своечасова не заўважылі небяспеку. Трэба навучыць іх прыслухоўвацца да шуму на дарозе і глядзець на праезджую частку не краем вока, а паварочваючы галаву направа і налева. Кіроўцы часта забываюць уключаць блізкае святло ў прыцемках ці пад час дажджу, і машына можа з’явіцца на дарозе нечакана. Але, трымаючы “слых на семярых”, можна пачуць набліжэнне аўтамабіля яшчэ да таго, як ён стане бачны.
Правіла №4: “Калі набліжаецца машына, прапусці яе”. Затым ізноў агледзься і прыслухайся, ці няма паблізу іншых аўтамабіляў. Небяспека чакае таго пешахода, які вырашае перайсці дарогу, бачачы толькі самае блізкае да сябе аўто і не заўважаючы іншае, якое едзе за першым. Калі машына пройдзе, неабходна зноў агледзецца. У першыя секунды яна можа захіліць сабой аўтамабіль, які едзе ёй насустрач. Не заўважыўшы яго, можна патрапіць у іншую пастку.
Правіла №5: “Не выходзь на праезджую частку, пакуль не пераканаешся, што ў цябе дастаткова часу для пераходу”. Толькі пераканаўшыся ў поўнай адсутнасці машын, можна пераходзіць праз дарогу; перасякаць яе неабходна пад прамым вуглом. Важна, каб дзеці ішлі па праезджай частцы размераным крокам, а не перабягалі яе. Толькі ў гэтым выпадку ў іх будзе магчымасць назіраць за дарогай пад час пераходу.
Правіла №6: “Пераходзячы вуліцу, працягвай назіранне за дарогай, каб своечасова заўважыць змену стано-вішча”. А яно хутка мяняецца: машыны, якія стаялі, могуць паехаць, тыя, што ехалі прама — павярнуць; з завулка, двара ці з-за павароту могуць зусім нечакана з’явіцца іншыя аўтамабілі.
Правіла №7: “Калі пад час пераходу раптам паўстала перашкода для агляду, асцярожна вызірнуўшы з-за яе, агледзь тую частку дарогі, якую ты яшчэ не паспеў перайсці”. Пры неабходнасці трэба адступіць назад і паводзіць сябе так, каб цябе добра бачылі вадзіцелі праходзячых міма машын.
Паважаныя бацькі, памятайце, няварта клікаць бяду. Можна шматразова груба парушаць Правілы дарожнага руху, і ўсё скончыцца добра, без наступстваў. І прывыкшы да гэтага, у чарговы раз парушаючы, можна страціць сэнс усяго жыцця — сваіх дзяцей.
Андрэй МЯДЗВЕДЗЬ, начальнік АДАІ Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top