“Чароўная планета” сабрала сяброў

“Чароўная планета” сабрала сяброў

_DSC0280 _DSC0599 _DSC0723 _DSC0815

Напярэдадні канікулаў педагогі і выхаванцы Жабінкаўскай школы мастацтваў разам з аматарамі музыкі і спеваў адправіліся ў падарожжа на “Чароўную планету”. У глядзельнай зале ГДК на справаздачным канцэрце пад такою назваю амаль не было вольных крэслаў. Гэта радавала: значыць, не дарма дзеці рыхтаваліся, разам з настаўнікамі развучвалі новыя кампазіцыі, песні і танцы.
На сцэне перад гледачамі звыш гадзіны хораша, з іскрынкамі ў вачах, выступалі юныя артысты. У іх руках стройна і зладжана гучалі цымбалы (ансамбль дзяўчынак выконваў кампазіцыі “Малпачка і акуляры”, “Полька-хлапушка”). Музыкі на народных інструментах (узорны аркестр пад кіраўніцтвам Наталлі Грэцкай) сыгралі “Пінгвінаў” і “Бітлз”. Акардыяністы (выхаванцы Лідзіі Санюк) віртуозна агучылі “Музычную мазаіку” і “Пад небам Парыжа”.
Вельмі спадабаліся гледачам гарэзлівыя танцавальныя нумары “Вясёлыя гусі”, “Барбарыкі”, “Матрошкі”, “Жоўтыя боты” (харэограф — Алена Калюшык).
У школе мастацтваў вучыцца нямала спевакоў. Звонкія галасы салістаў Аляксандры Скарыны, Надзеі Чэчалевай, песенных ансамбля і групы, хору пад кіраўніцтвам Тамары Будзюк, Аляксандры Белай і Галіны Таргонскай неаднойчы гучалі на раённай сцэне. І ў гэты дзень юныя вакалісты даставілі слухачам нямала прыемных хвілін. Чыталі вершы на ваенную тэму Каця Максімчук і Дзіма Кіслы.
У справаздачным канцэрце выступалі не толькі вучні школы мастацтваў, але і іх настаўнікі. Пад гукі аркестра, пад кіраўніцтвам Святланы Зотавай, усе “перанесліся” ў краіну, дзе заўжды свеціць сонейка, хораша і прывольна. А Міхаіл Юдзіцкі і Сяргей Носаў віртуозна сыгралі на трубе і балалайцы “Гумарэску”.
…Музычнае падарожжа на “Чароўнай планеце” завяршылася пад дружныя апладысменты гледачоў.
Святлана БЯЛЯК.
На здымках: спявае Надзея Чэчалева; вучаніцы трэцяга класа харэаграфічнага аддзялення танцуюць “Жоўтыя боты”; выхаванцы Алены Калюшык выконваюць “Матрошкі”;
іграе Мікалай Сідорка.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top