Продкі толькі зямлю аралі?

Продкі толькі зямлю аралі?

IMG_3013

 

 

Сваёй даўніной славяцца Арэпічы. Нядаўна праз іх праехаў берасцеец Андрэй Грыбаў, які напісаў у рэдакцыю: “Калі падарожнічаеш, не часта сустрэнеш такія прыгожыя месцы, як тут. Сяло Арэпічы хаваецца ў зеляніне. Вакол хат не толькі пладовыя дрэвы, але і беластволыя бярозы, меданосныя ліпы, трапяткія асіны, вечназялёныя сосны…” Падарожніка цікавіла і гісторыя гэтага цудоўнага паселішча. Думаецца, ведаць свае вытокі будзе цікава і іншым жабінкаўцам, не толькі мясцовым жыхарам.
Вёска Арэпічы налічвае ўжо амаль паўтысячную гісторыю. Яна распачалася з ХVI стагоддзя. Канечне, існавалі Арэпічы і раней, аднак толькі ў нядзельны святочны дзень 25 красавіка 1509 года з-за дымкі вякоў праявіліся раптам на старажытным пергаменце літары, што апавясцілі пра існаванне на нашай зямлі гэтага паселішча. Кароль Польскі і вялікі князь Літоўскі, Рускі, Прускі, Жамойцкі Жыгімонт І, празваны Старым, паведамляў у сваёй грамаце: “Біў нам чалом дзяк наш Касцюшка Фёдаравіч і прасіў у сяльцы, якое ляжыць у Камянецкім павеце, людзей путных… А да таго прасіў у нас раллі і лясы, і дубраў тых, якія некалі адсудзіў людзям нашым камянецкім ў Арэпічах… намеснік наш берасцейскі пан Станіслаў Осцікавіч ад Тышковай Каранёўскай і ад дзяцей яе…”.
Названы ў дакуменце Касцюшка Фёдаравіч, гаспадар Камянца і Белавежскай пушчы, заснаваў славуты род Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Ад яго вёў сваё паходжанне нацыянальны герой Польшчы, Беларусі і Злучаных Штатаў Амерыкі генерал Тадэвуш Касцюшка, нараджэнец Берасцейшчыны. А пані Каранёўская жыла па суседстве і ўладарыла ў тыя часы над Крыўлянскім замкам — мацнейшай сярэднявечай крэпасцю ў краі. Кароль Жыгімонт гэтым сваім лістом вырашыў застарэлую спрэчку, распачатую некалі берасцейскім намеснікам Осцікавічам, на карысць арэпічан. Пра тое і сведчыла грамата.
Наступнае ХVII стагоддзе ўвайшло ў нашу гісторыю як час бясконцай смуты, доўгіх войнаў, празваных “Патопам”. І гэты “патоп” адрозніваўся ад біблейскага тым, што залівала зямлю не марская вада, а чалавечая кроў. Тады ў Беларусі войны загубілі больш за палову жыхароў, а на поўначы краіны страты даходзілі да 75%.
Пагэтаму так шмат кладаў з тае пары хавае нашая зямля: перад тым, як выправіцца ў вой-ска, шляхціцы нярэдка давяралі ёй свае багацці. Аднак часта дамоў ужо не вярталіся, і сляды сховішчаў губляліся на доўгія гады, часам на стагоддзі. Толькі ў 1959 годзе адшукалі ў Арэпічах старыя грошы, што хаваліся ў зямлі каля трохсот гадоў таму. Былі тут 211 сярэбраных манет: паўгрошаў і грошаў Вялікага Княства Літоўскага, ортаў Рэчы Паспалітай, драйпёлькераў Прускага Брандэнбурга і Шведскай Прыбалтыкі.
У першай чвэрці ХVIII стагоддзя арэпіцкія сяляне сабраліся на сход, каб вырашыць важнае пытанне — узвесці ў сваім сяле царкву. Свята-Пакроўскі храм, у будаўніцтве якога прымалі ўдзел мясцовыя майстры, хутка ўзняўся ў цэнтры тагачаснай вёскі і апавясціў галасамі сваіх званоў пра нараджэнне новага прыхода. Ён быў вялікі — звыш трох тысяч душ.
На працягу XIX стагоддзя Арэпічы заставаліся адным з найбольшых населеных пунктаў у межах сучаснай Жабінкаўшчыны. У часы прыгону сяло ўвайшло ў склад суседняга маёнтка Антанін, падоранага з царскай ласкі расійскаму памешчыку Іванову. Аднак хутка гэтыя надзелы ад нядбалага ўласніка перайшлі да старажытнага роду Ляшчынскіх (з гэтай сям’і, прынамсі, некалі паходзілі кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў І і ягоная дачка, што стала каралевай Францыі).
Словам, рушылі праз стагоддзі арэпіцкія жыхары сваёй дарогай, падзяляючы лёс усёй нашай зямлі, яе беды ды радасці. У цэнтры вёскі у напамін — помнік 17 землякам, што змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай і загінулі ў час ліхалецця. Скульптуры салдата і жанчыны, што праводзіць яго на вайну, пліта з прозвішчамі і навакольная тэрыторыя былі адноўлены і добраўпарадкаваны летась.
З часам гэтыя мясціны мяняюцца, але людзі, што вызначаліся працай, захоўваюць непаўторны каларыт кутка, які здавён прыцягваў падарожнікаў з блізкіх і далёкіх краёў. Відаць, нездарма тутэйшыя вераць: назва іх вёскі з’явілася ад таго, што прашчуры спакон веку аралі гэтую зямлю, расцілі і пяклі хлеб, смачны і ў будні, і ў святы. Таму і спляліся быццам у адным імені словы “араць” і “пячы”, утварыўшы Арэпічы…
На здымку: помнік у цэнтры в.Арэпічы памяці воінаў-землякоў, што загінулі
пад час Вялікай Айчыннай вайны.
Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*