Амаль стагоддзе таму

Амаль стагоддзе таму

IMG_2679

Аднаўляючы па крупінках паў-забытыя старонкі нашай гісторыі, заўсёды выклікае шкадаванне думка пра тое, як мала захавалася здымкаў старой Жабінкі. Таму кожны з іх мае вялікую каштоўнасць, дазваляючы паказаць, якім было жыццё, скажам, гадоў сто таму.

У зборах Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея адшукалася фотакартка, зробленая ўлетку 1915 года невядомым фатографам на станцыі Жабінка. Пра тое сведчыць надпіс, пакінуты на здымку: “№386. Бежанцы. Раздача гарачай ежы. Ст.Жабінка. 8.VIII. 1915”.
Летась ва ўсім свеце адзначаліся сотыя ўгодкі пачатку Першай сусветнай вайны — вялікага ваеннага канфлікту, што кардынальна памяняў міждзяржаўныя адносіны не толькі на еўрапейскім кантыненце, але й ва ўсім свеце. Дастаткова сказаць, што ахвярамі гэтай бойні стала каля 20 мільёнаў чалавек, абрушыліся і ў нябыт сышлі вялізныя імперыі: Расійская, Германская, Аўстра-Венгерская, Турэцкая. На іх абломках пакрысе нараджаліся новыя дзяржавы і дзяржаўныя ўтварэнні, у тым ліку і сённяшняя Беларусь.
Расійская імперыя, у складзе якой былі тады нашы землі, уступіла ў вайну. З самага пачатку, 1 жніўня 1914 года, многія беларусы былі прызваныя ў царскае войска і змагаліся на палях той вайны. Аднак непасрэдна ліхалецце “зазірнула пад стрэхі хат” нашых продкаў толькі праз год, у жніўні 1915-га.
Пра гэта сведчыць і стары фотаздымак. Адной з прыкмет набліжэння ліхалецця сталі шматлікія бежанцы, якія пакідалі абжытыя мясціны і рухаліся “ва ўнутраныя губерні Расіі і на Украіну”. Менавіта гэты момант зафіксаваны на фотакартцы: салдаты раздаюць ежу шматлікім бежанцам і раненым, якія знаходзіліся на станцыі ў чаканні, калі можна будзе рухацца далей.
У гэты дзень 8(22) жніўня 1915 года кайзераўскія войскі перайшлі ў наступленне, адбываліся баі за Брэст-Літоўск, выйшла распараджэнне расійскага ваеннага камандавання. Яно патрабавала нішчыць усё на шляху немцаў і аўстрыйцаў. У выніку быў моцна зруйнаваны горад над Бугам, многія навакольныя вёскі, у тым ліку і на Жабінкаўшчыне, былі разрабаваныя і спаленыя ўшчэнт. Больш за мільён насельнікаў Беларусі ператварыліся ў жабракоў-бежанцаў. Многія з іх памерлі ад эпідэмій, непасрэдных ваенных дзеянняў, не вярнуліся дамоў пасля вайны. З таго часу, як сведчыў адзін з сучаснікаў, Карэлія і Сібір “загаварылі па-беларуску”. І сёння, праз сто гадоў, можна пачуць нашу мову з вуснаў нашчадкаў былых бежанцаў, якія знайшлі паратунак “за Уральскім хрыбтом”.
На здымку: раздача гарачай ежы бежанцам на станцыі Жабінка, жнівень 1915 года.

 

Popularity: 1%

1 Comment Posted

  1. Летом 1915 г. и мой прадед Мицкевич Григорий Иванович с семьей (женой,матерью и четырьмя малолетними детьми покинул д.Соколово Жабинковского района).

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*