Як сёння накосім, так заўтра надоім

Як сёння накосім, так заўтра надоім

_DSC4416
Ледзь развіднее, як Віктар Васільевіч Дадычанка, начальнік аддзялення №2 участка “Якаўчыцы” ААТ “Жабінкаўскі” ўжо на нагах. Спяшаецца да службовай “Нівы” і цэлы дзень курсіруе па палях, кантралюе якасць нарыхтоўкі кармоў. Дадому вяртаецца, калі добра сцямнее.
— Што сёння накосім, тое заўтра надоім, — гаворыць В.В.Дадычанка.
Не без гонару Віктар Васільевіч вязе карэспандэнта на адно з палёў ля вёскі Якаўчыцы, каб зрабіць фотаздымак з рупліўцамі.
— Андрэй Пятровіч Лісоўскі, працуе на “Ягуары” не першы год, старанны і акуратны ў рабоце, ашчадна адносіцца да любой тэхнікі, — характарызуе работнікаў начальнік аддзялення. — На адвозцы зялёнай масы заняты Мікалай Іванавіч Кучма, таксама з кагорты працавітых. Малайцы хлопцы, сваю справу ведаюць і выконваюць на “выдатна”.
Спынены на некалькі хвілін — дзеля фотаздымка — “зялёны канвеер” зноў загудзеў. “Ягуар” прадоўжыў падбіраць скошаную ў роўненькія валкі траву, а здробненая маса хутка запаўняла кузаў аўтамабіля. Пакуль стаіць добрае надвор’е, марудзіць нельга.
— Сёлета ў нашым аддзяленні касавіца наладжана лепш, чым летась, — працягвае В.В.Дадычанка. — На адвозцы зялёнай масы задзейнічана 6 адзінак тэхнікі, ёсць касілка КПР-9 і граблі. Апошнія чатыры дні былі не дажджлівыя, таму першую сянажную траншэю каля комплекса “Якаўчыцы” заклалі без праблем усяго за два дні.
Трамбуе масу Руслан Лу-кашык на энерганасычаным трактары, разраўноўвае Міхаіл Дзмітрыевіч Місюра на “Амкадоры”. У начную змену на “Джон Дзіры” трамбуе Рыгор Дзмітрыевіч Фісючэнка. Цяпер пачалі закладваць другую траншэю. За якасцю нарыхтоўкі сочыць зааветэрынарная і агранамічная службы нашай гаспадаркі. У іх распараджэнні прыборы-вільгацемеры. Аднак і без гэтых прыстасаванняў ведаю, што прывяленая маса дастаўляецца на трамбоўку вільготнасцю 50-55%. Сухое надвор’е гэтаму спрыяе.
Калі “закрыем” другую сянажную траншэю ля комплекса “Якаўчыцы”, пачнем закладку масы ля фермы “Панцюхі”. Там якраз дабудуюцца новыя траншэі, умяшчальнасцю да 3000 тон кожная. Запланаваныя 10 тысяч тон зялёнай масы нарыхтуем без праблем. Дарэчы, з мінулага года засталося звыш 2000 тон сіласу і 300 тон сенажу.
Дзякуючы клопатам агранамічнай службы, у ААТ “Жабінкаўскі” ўжо некалькі год нарыхтоўваюць кармы з трывалым запасам, ды яшчэ пераходзячы фонд застаецца. Каб мець дастаткова траў, сёлета, напрыклад, толькі ў аддзяленні №2 “Якаўчыцы” закупілі насення траў і падсеялі 250 гектараў, а таксама залужылі 180 гектараў пад сенакосы. Унеслі калійныя ўгнаенні, крыху, праўда, менш — азотных.
— Травастой быў бы гусцейшы, каб ночы былі цяплейшыя, — лічыць начальнік аддзялення. — Некалькі гарачых чэрвеньскіх дзянькоў дадалі ім росту. Цяпер назапашваем да 120 цэнтнераў зялёнай масы з гектара.
Частка яе ідзе на кармленне статка. Два гурты выпасаюцца ля Якаўчыц. У гэтыя дні рагулі пасуцца на сакавітых цімафееўцы і каюшыне і ад кожнай надойваецца 18,5 літра малака. На зіму пажыўны корм рагулям рыхтуецца таксама ў рулонах, як іх жартоўна называюць “пяльмені”. У рацыёне цялятак абавязкова павінна прысутнічаць сена. Яго накасілі і высушылі ўжо 152 тоны. Запланавана нарыхтаваць яшчэ 50 тон, улічваючы рэшткі з мінулага года.
— Надвор’е, спадзяюся, нам яшчэ паспрыяе, — кажа В.В.Дадычанка. — Абы толькі тэхніка не псавалася, бо “хворае” месца ў “Ягуары” — нажы, якія хутка зношваюцца і патрабуюць своечасовай замены. Самае галоўнае — убраць травы ў аптымальнай фазе, з максімальна высокім утрыманнем у іх пратэіну, іншых харчовых рэчываў і самым высокім выхадам сухіх. Кармы трэба не толькі вырасціць, але і нарыхтаваць і правільна захаваць.
Святлана БЯЛЯК.

На здымку: задаволеныя “зялёнкай” А.П.Лісоўскі, М.І.Кучма, В.В.Дадычанка.

Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top