“Зорачкам“ — гарэць мацней!

“Зорачкам“ — гарэць мацней!

IMG_4282 IMG_4310 IMG_4318 IMG_4331

Напрыканцы навучальнага года ў зале Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната сабралася каля сотні таленавітых “зорачак“ — разумнікаў і разумніц, спартсменаў і танцораў, спевакоў і мастакоў. Тут праходзіла цырымонія ўганаравання таленавітых дзяцей “Сузор’е Жабінкаўшчыны-2015“.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кандыдат псіхалагічных навук Кацярына Мікалаеўна Сіда, адкрываючы мерапрыемства, адзначыла:
— Мы сабраліся на “Сузор’і Жабінкаўшчыны“, каб уганараваць таленавітых дзяцей і выказаць падзяку за іх перамогі на розных алімпіядах, конкурсах, турнірах, спартыўных спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Гэтае ўрачыстае свята ў нас праводзіцца з 2008 года і стала традыцыйным. За гэты час навучэнцы Жабінкаўшчыны 12 разоў станавіліся стыпендыятамі фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адоранай і таленавітай моладзі. Асаблівасць сёлетняга мерапрыемства ў тым, што на яго запрошаны вучні, пачынаючы з 5 класа (дагэтуль у ім прымалі ўдзел навучэнцы 8-11-ых). Спадзяемся, што пяцікласнікі, шасцікласнікі і сямікласнікі загарацца яшчэ большым жаданнем удзельнічаць у алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах, таму што ззяць у таленавітым сузор’і раёна прыемна і ганарова.
Вядучыя цырымоніі ўганаравання Ірына Уладзіміраўна і Сяргей Міхайлавіч Макарукі запрасілі на сцэну “зорак Алімпа“ — тых, хто ў 2014-2015 навучальным годзе прынёс славу і пашану раёну на абласным узроўні: вучаніцу 11 класа СШ №1 Марыю Панасюк, якая заняла 2 месца на абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры; дзевяцікласніцу той жа школы Ганну Капусціну, якая заняла 3 месца на алімпіядзе па біялогіі; вучня 9 класа Іллю Анішчука (3 месца па матэматыцы); адзінаццацікласніка ліцэя Паўла Пахомскага (3 месца па грамадазнаўстве); ліцэістку-дзесяцікласніцу Алену Баброву — пераможцу абласной завочнай алімпіяды па журналістыцы; вучаніц 9 класа СШ №1 Юлію Новік, адзначаную граматай упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама па абслуговай працы, і Крыўлянскай СШ Кацярыну Карпук, адзначаную пахвальным водгукам у абласной алімпіядзе па здаровым ладзе жыцця.
Сакрэтамі свайго поспеху падзялілася з іншымі “зорачкамі“ выпускніца першай гарадской школы Марыя Панасюк — трохразовы прызёр абласных этапаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Яна расказала, што падрыхтоўка да алімпіяды — цяжкая праца, але прыносіць свае вынікі ў выглядзе ўзнагарод. А яшчэ — гэта і падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання, і новыя веды, і новыя знаёмствы. Марыя нагадала, што атрыманне дыплома на рэспубліканскім узроўні азначае аўтаматычнае залічэнне 100 балаў па прадмеце алімпіяды. Выпускніца выказала падзяку сваёй настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ніне Пятроўне Зінчук, а таксама ўсяму педагагічнаму калектыву першай гарадской адзінаццацігодкі.
Ад імя настаўнікаў, якія падрыхтавалі прызёраў абласных алімпіяд, слова ўзяла настаўніца матэматыкі СШ №2 Наталля Паўлаўна Кот. Яна павіншавала школьнікаў з заслужанымі перамогамі, пажадала ім далейшых поспехаў. “Кожны дзень — гэта крок да новых дасягненняў, — сказала Наталля Паўлаўна. — Мы вас вучылі мэты дасягаць, цікавае ствараць, перамагаць. Ганарымся вамі, таму што “настаўніцкае шчасце складаецца з вашых вучнёўскіх перамог“.
Дарэчы, пад час мерапрыемства ў адрас педагогаў прагучала шмат цёплых, удзячных слоў. Менавіта яны заўважылі і развілі ў дзяцей пэўныя здольнасці і таленты, хвалююцца за сваіх вучняў. Іх падтрымка для дзяцей вельмі важная, як і падтрымка бацькоў.
Шчырыя словы ад імя ўсіх мамаў і татаў сказала Наталля Мікалаеўна Ясінская. Яна назвала прысутных у зале дзяцей зорным класам і дадала, што настаўнікам, безумоўна, прыемна працаваць са здольнымі, таленавітымі вучнямі.
Потым на сцэну ўзнімаліся прызёры абласных і раённых навукова-практычных канферэнцый, навучэнцы, якія дабіліся поспехаў у раённых алімпіядах па вучэбных прадметах.
У намінацыі “Натхнёныя творчасцю“ былі названы каля 20 навучэнцаў Жабінкаўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Яны — актыўныя ўдзельнікі многіх конкурсаў і ў 2014-2015 навучальным годзе заваявалі 20 дыпломаў розных ступеняў.
Ушаноўваліся пераможцы і прызёры акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся“ — прадстаўнікі новай намінацыі “Зоркі конкурсаў“: Міхаіл Лук’янчык, Варвара Папковіч, Уладзіслаў Мікіцюк, Марына Кушнір і Настасся Новік.
Хвіліну славы і салодкія падарункі атрымалі і ліцэісты Вольга Грэтчанка і Максім Місіюк, якія сёлета ў лютым прымалі ўдзел у першым туры І Міжнароднай інтэрнэт-алімпіяды па матэматыцы сярод навучэнцаў 9-11 класаў агульнаадукацыйных устаноў Брэсцкай вобласці і Падляскага ваяводства і паводле яе вынікаў атрымалі сертыфікаты пераможцаў.
Не забыліся арганізатары мерапрыемства і пра “зорак“ спорту, якія наведваюць спартыўныя секцыі НСУ “СДЮШАР Жабінкаўскага раёна“. На сцэне плыўчыха Юлія Актысюк, баксёры Сяргей Дзятлаў і Уладзіслаў Радчык, “каманды“ лепшых валейбалістаў і лёгкаатлетаў.
Ну і, безумоўна, свята было б няпоўным без музычнага суправаджэння. Яркія песенныя нумары падарылі прысутным Аляксандра Мартынчук, Юлія Кічкайла, ансамблі “Ваабразілія“ і “Лайт“, вучаніцы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Вераніка Анташок і Сафія Марцішка. “Запаліў“ залу сваім выступленнем педагог дадатковай адукацыі школы-інтэрната Эдуард Пішчык.
Хочацца верыць, што “зоркі“ і “зорачкі“ Жабінкаўшчыны з кожнай новай перамогай будуць узмацняць сваю яркасць і гарэць мацней.
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
На здымках: К.М.Сіда жадае далейшых поспехаў; спявае вучаніца 5 класа школы-інтэрната Сафія Марцішка; удзельніцы ансамбля “Ваабразілія“.
Фота аўтара.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top