X Беларускі міжнародны медыяфорум

X Беларускі міжнародны медыяфорум

208338-16
X Беларускі міжнародны медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі“ праходзіў у Мінску, Мінскай і Брэсцкай абласцях 7-10 чэрвеня. У ім прымалі ўдзел больш за 400 чалавек з 20 краін. Гэта выдатныя прадстаўнікі экспертнай і медыясупольнасці, міжнародных арганізацый, дыпламатычных місій. У час форуму адбылося пленарнае пасяджэнне з правядзеннем тэматычных панэльных дыскусій, была арганізавана летняя школа журналістыкі з правядзеннем майстар-класаў вядучых замежных і беларускіх журналістаў. Беларускі міжнародны медыяфорум праводзіцца ў Беларусі штогод, пачынаючы з 2006 года. Ён паспеў стаць знакавым міжнародным праектам, які традыцыйна выступае пляцоўкай для абмену думкамі, выпрацоўкі новых ідэй, стварэння агульнай гуманітарнай прасторы СНД. Медыяфорум “Партнёрства ў імя будучыні“ падтрымліваецца Прэзідэнтам Беларусі, урадам.
Акрамя таго, 8 чэрвеня ў Мінску прайшоў савет кіраўнікоў дзяржаўных інфармацыйных агенцтваў краін СНД.
Х Беларускі медыяфорум унясе важкі ўклад ва ўмацаванне даверу паміж краінамі. Аб гэтым гаворыцца ў прывітанні, якое Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў удзельнікам форуму. Сёлетні форум праводзіцца ў год 70-годдзя Вялікай Перамогі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “Гэта наша агульная гісторыя, якую мы абавязаны ахоўваць і абараняць ад спроб перагляду і фальсіфікацыі. У той страшнай вайне мы змаглі выстаяць, таму што былі разам. І сёння таксама павінны быць адзіныя ў шчырым імкненні да міру і ўзаемаразумення. Сродкам масавай інфармацыі, усведамляючы сваю гістарычную адказнасць перад грамадствам, неабходна заняць у гэтых працэсах канструктыўную пазіцыю“, — падкрэсліў Прэзідэнт.
Медыяфорум стаў міжнароднай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў сусветнага парадку дня, ролі і значэння СМІ ў сучасным свеце. Аб гэтым заявіла міністр інфармацыі Лілія Ананіч 8 чэрвеня на X Беларускім міжнародным медыяфоруме “Партнёрства ў імя будучыні: спадчына Вялікай Перамогі“.
Лілія Ананіч звярнула ўвагу, што ў сучасных геапалітычных рэаліях Беларусь стала прызнанай міжнароднай пляцоўкай, дзе вырашаюцца лёсы свету. “І зразумела, беларуская прэса вельмі беражліва ставіцца да захавання канструктыўнага дыялогу“, — заўважыла яна.
Паводле яе слоў, праўда аб Вялікай Айчыннай вайне павінна стаць здабыткам моладзі і будучых пакаленняў. “Народы постсавецкай прасторы, як бы хтосьці ні спрабаваў гэта адмаўляць, сцэментаваны агульнай гісторыяй, у многім агульнай ментальнасцю, агульнай прасторай гуманітарных каштоўнасцей. Адна з галоўных старонак нашага агульнага мінулага — Вялікая Перамога. 70 гадоў таму менавіта Савецкі Саюз адыграў вырашальную ролю ў перамозе над фашызмам, — сказала Лілія Ананіч. — І яшчэ адзін важны аспект — у процістаянні агульнай пагрозе чалавецтву аб’ядналіся дзяржавы з рознымі ідэалогіямі і палітычнымі сістэмамі. Аб’ядналіся і разам перамаглі“. У гэтым кантэксце выключна важнай з’яўляецца задача захавання гістарычнай праўды, процістаяння спробам фальсіфікацыі гісторыі і перагляду вынікаў Вялікай Айчыннай вайны.
У Беларусі прыкладуць усе неабходныя намаганні, каб нацыянальная інфармацыйная прастора не стала арэнай інфармацыйнай вайны. Аб гэтым заявіла міністр інфармацыі Беларусі.
“Часам сродкам масавай інфармацыі падкідваюцца фактычна неіснуючыя маргінальныя праблемы, а затым на гэтай аснове нагнятаецца напружанасць у грамадстве. Пры гэтым для ініцыятараў такіх маніпуляцый няма нічога святога. Мэта гэтых спекуляцый цалкам відавочная — забіць клін паміж краінамі і народамі. І сучасная гісторыя, на жаль, дае нам шмат такіх прыкладаў, — адзначыла Лілія Ананіч. — Беларусь адмятае такую палітыку і такія імкненні. Наша інфармацыйная прастора, нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі ў абсалютнай сваёй большасці дэманструюць імкненне да ўзважанага, канструктыўнага асвятлення самых складаных праблем сучаснасці.
Мы зробім усё для таго, каб інфармацыйная прастора Беларусі не стала арэнай інфармацыйнай вайны“.
“Новыя медыя, інтэрнэт, сацыяльныя сеткі даюць неабмежаваныя магчымасці хутка распаўсюджваць вялізныя аб’ёмы інфармацыі, атрымліваць актуальныя і своечасовыя каментарыі. Разам з тым, медыйную рэакцыю ў першую чаргу атрымлівае негатыў, які пачынае прэваліраваць у грамадскай свядомасці. Таму сёння вельмі важна ствараць і развіваць экспертныя медыйныя пляцоўкі, творчыя інфармацыйныя праекты, генерыруючыя інфармацыйныя патокі канструктыўнага характару“, — адзначыла яна.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі ў час выступлення на пленарным пасяджэнні Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму заявіў: “Структура сучаснага інфармацыйнага поля за апошняе дзесяцігоддзе істотна змянілася. Гэту тэндэнцыю мы бачым у тым ліку і на працягу апошняга года. Радыё і друкаваныя сродкі масавай інфармацыі прыкметна, а тэлебачанне ў пэўнай ступені ўступілі сваё месца сетцы інтэрнэт“. Паводле яго слоў, гэта тэндэнцыя адлюстроўваецца ў даследаваннях, якія право-дзяцца як на тэрыторыі Беларусі, так і іншых краін — удзельніц медыяфоруму.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прывёў паказальныя лічбы: калі ў 2005 годзе палітычную інфармацыю з інтэрнэту атрымлівалі 2,7 % жыхароў Беларусі, то ў 2015-м — 45,3 %. Па паведамленнях эканамічнай тэматыкі, атрыманай з інтэрнэту, паказчыкі аналагічныя: 2,8 % ў 2005 годзе супраць 44,1 працэнта ў 2015-м. Паводле слоў Ігара Бузоўскага, Беларусь не з’яўляецца выключэннем, па забяспечанасці насельніцтва камп’ютарнай тэхнікай краіна абганяе многія еўрапейскія дзяржавы.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама адзначыў, што ўзровень даверу беларускіх грамадзян да айчынных сродкаў масавай інфармацыі ўзрастае.
“У новых умовах традыцыйным СМІ трэба праяўляць больш творчай ініцыятывы ў стварэнні арыгінальных інфармацыйных ніш. Калі інтэрнэт мае пэўную перавагу ў аператыўнасці прадастаўлення інфармацыі, то ўвага традыцыйных друкаваных і электронных СМІ павінна быць звернута на аналітычнасць падыходаў, што выступаюць альтэрнатывай пасылам, якія дае інтэрнэт-прастора“, — адзначыў Ігар Бузоўскі.
Паводле яго слоў, такія паняцці, як кліпавасць мыслення, выбарачнасць і павярхоўнасць інфармацыі, цяпер ахопліваюць вялікую колькасць насельніцтва. “Прыняць правільнае рашэнне — не проста атрымаць інфармацыю, а накіраваць стратэгічна мысленне насельніцтва нашых краін — гэта задача больш складаная і адказная. Таму меркаванне, што змяншаецца роля друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, радыё і тэлебачання, лічу недарэчным“, — сказаў ён.
“Для дасягнення поспеху рэдакцыям сродкаў масавай інфармацыі неабходна звярнуць увагу на такі значны аспект дзейнасці, як зверка гадзіннікаў з сацыялагічнымі службамі. Многія, упэўнены, задумваюцца, якім чынам аналізаваць сваю работу, выходзіць на ўзровень больш якаснай апрацоўкі, падрыхтоўкі менеджменту сваёй дзейнасці. Сацыялогія становіцца практычнай плоскасцю, у тым ліку для сродкаў масавай інфармацыі“, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі ў час выступлення на пленарным пасяджэнні Х Беларускага міжнароднага медыяфоруму.
Паводле яго слоў, паняцце сацыялогіі становіцца штодзённым напрамкам дзейнасці для дасведчанага і перспектыўнага работніка, кіраўніка сродку масавай інфармацыі.
Удзельнікі форуму выказалі ўдзячнасць Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі, Міністэрству інфармацыі, Пастаяннаму камітэту Саюзнай дзяржавы, Выканаўчаму камітэту СНД, Міждзяржаўнаму фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД за прадастаўленую магчымасць абмеркавання актуальных пытанняў сусветнага парадку дня на медыяфоруме ў Мінску.
“На мой погляд, было б правільным узмацніць адказнасць папулярных блогераў за распаўсюджаную імі ў сетцы інфармацыю. Калі блогер мае шырокую аўдыторыю падпісчыкаў, то ён павінен атрымаць ліцэнзію і несці поўную адказнасць за свае словы. Лічу, што ў гэтым годзе такая мера будзе прынята ў Казахстане“, — сказаў Даўрэн Дыяраў. Ён таксама адзначыў, што сучасныя СМІ павінны больш дэталёва правяраць інфармацыю, якую яны даносяць да свайго чытача.
“Беларусь заўсёды шукае канструктыў, а не спрабуе пасварыцца. Дапамога ва ўрэгуляванні крызісу ва Украіне дала магчымаць Мінску стаць брокерам мірнага працэсу ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне. Лічу, што абсалютна ўсе жыхары гэтай тэрыторыі, асабліва грамадзяне Украіны, зацікаўлены ў міры, таму што з гэтага пачынаецца ўсё астатняе. Вайна знішчае сэнс, эканоміку, жыццё“, — сказаў палітолаг Кірыл Коктыш.
На думку палітолага, пашырэнне мірнага працэсу можа стаць своеасаблівай “спецыялізацыяй“ Беларусі, якую падтрымала б не толькі Усходняя Еўропа, але і астатні свет.
“Вельмі прыемна, што Беларусь выступае такой вялікай медыяпляцоўкай, якая прыцягвае не толькі палітыкаў, але таксама журналістаў, экспертаў. Беларусь — гэта яшчэ і вялікая міратворчая пляцоўка ў цэнтры Еўропы. Дзякуй вам вялікі за гэта.
Не дай бог, каб нашы дзеці і ўнукі апынуліся ў той сітуацыі, у якой апынуліся нашы дзяды ў гады Другой сусветнай вайны“, — сказаў эстонскі журналіст Алег Бяседзін.
“Беларусь захавала памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Мы пабывалі на “Лініі Сталіна“ пад Мінскам. Мне было вельмі прыемна ўбачыць, з якой любоўю ў Беларусі захаваны ваенныя аб’екты, як патрыятычна настроена моладзь, наколькі яны шануюць і помняць подзвігі сваіх дзядоў“, — дадаў ён.
У гэтым годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка стаў ключавой фігурай еўрапейскай палітыкі. Такое меркаванне выказаў міжнародны аглядальнік Леанід Млечын (Расія), які ўдзельнічаў у X Беларускім міжнародным медыяфоруме.
Лілія Ананіч, падводзячы вынікі прызналася, што ёй спадабалася ідэя аднаго з удзельнікаў мерапрыемства. Сутнасць яе ў тым, што сэнс беларусаў — шукаць ва ўсім канструктыўныя рашэнні і не спрабаваць пасварыцца. “Менавіта такая палітыка нашага Прэзідэнта дае магчымасць нам на працягу гэтых дзесяці гадоў шукаць канструктыў на беларускай медыяпляцоўцы. Мы разумеем, што не маглі абмінуць вострыя тэмы інфармацыйнай прасторы, таму што яны выліліся не толькі на экраны тэлевізараў, у медыя- і блогаасяроддзе, яны краваточаць у жыцці“, — сказала міністр.
Кіраўнік ведамства таксама адзначыла, што на медыяфоруме заўсёды ёсць месца для прадаўжэння стасункаў. Так, паводле слоў Ліліі Ананіч, па выніках цяперашніх дыскусій плануецца выдаць падагульняючую брашуру — адлюстраванне ў ёй знойдуць самыя актуальныя тэмы, якія ўзнімаліся ўдзельнікамі медыяфоруму з розных краін на працягу дзясятка гадоў.
Яшчэ адна ініцыятыва Міністэрства інфармацыі Беларусі — арганізаваць інтэрнэт-пляцоўку, назва якой будзе пераклікацца з назвай медыяфоруму (“Партнёрства ў імя будучыні“). На ёй змогуць выказваць сваё меркаванне ўсе зацікаўленыя прафесіяналы — эксперты, палітолагі, журналісты. “Але адкрытая размова павінна несці ў сабе галоўнае — канструктыў, пазітыў, жаданне знаходзіць шляхі вырашэння самых складаных праблем“, — заўважыла Лілія Ананіч.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top