Кожны дзень радасны

Кожны дзень радасны

_DSC3519 _DSC3704 _DSC3566

Пачалося звонкае цёплае лета, калі ўсе імкнуцца ўмацаваць здароўе, пагрэцца, пакупацца, падыхаць свежым паветрам. Гэта таксама час развіцця творчага патэнцыялу, адкрыццяў і прыгод, цікавых і забаўных гульняў, знаёмства і пазнання новых людзей.
Асаблівы клопат дарослыя праяў-ляюць пра сваіх дзетак. Адны стараюцца выехаць з імі на мора, іншыя адправіць да бабулі ў вёску, накіраваць малых у летні аздараўленчы лагер ці ў загарадны. Мамам і татам паклапаціцца пра карысны летні адпачынак іх дзяцей дапамагаюць педагогі школ раёна. “На базе ўстаноў адукацыі Жабінкаўшчыны сёлета на канікулах будзе працаваць 10 летнікаў з дзённым знаходжаннем для 505 хлопчыкаў і дзяўчынак і 12 — з кругласутачным для 290 школьнікаў, — сказала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Уладзіміраўна Тарасевіч. — У іх ліку чатыры профільныя, пяць палатачных з кругласутачным знаходжаннем, тры ла-геры працы і адпачынку. Дарэчы, апошнія пачнуць працаваць у другой палове чэрвеня на базе першай, другой і Ленінскай адзінаццацігодак. Тыя, хто тут будзе адпачываць яшчэ й зоймуцца працоўнай дзейнасцю, за што атрымаюць пэўны заробак. Грошы на яе арганізацыю выдаткавала ўпраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва райвыканкама звыш 34 мільёнаў 336 тысяч рублёў. Каб закончыць пра справы працоўныя ў летніках, дадам, што будуць дзейнічаць яшчэ тры вытворчыя брыгады ў названых вышэй школах, фінансаванне якіх ажыццяўляецца з раённага бюджэту”.
Як расказала Іна Уладзіміраўна Тарасевіч, праца ў дзённых летніках будзе арганізавана ў дзве змены, кожная з якіх доўжыцца 18 дзён, а з кругласутачным знаходжаннем — 10 дзён, з 1 чэрвеня па 31 жніўня ў школах працуюць спартыўныя пляцоўкі, на кожны дзень ёсць адказныя педагогі, якія ў любы час дадуць вам спартыўны інвентар для заняткаў фізкультурай і спортам. Можна зрабіць выснову, што педагогі школ раёна робяць усё, каб адпачынак дзяцей быў ім у радасць і праходзіў з карысцю, пазнаваўча.
Аздараўленчая кампанія ў раёне набірае тэмпы. З 1 чэрвеня летнікі ў навучальных установах адчынілі дзверы перад сваімі юнымі наведвальнікамі. Як адпа-чываюць яны, дзе ўжо пабывалі, з якімі гасцямі сустракаліся, ці ёсць у іх магчымасць бавіць час на свежым паветры? Адказы мы атрымалі, калі зазірнулі ў некаторыя аздараўленчыя лагеры.
Сёлета, як і ў папярэднія гады, у раён-ным цэнтры творчасці дзяцей і моладзі працуе летнік “Калейдаскоп”, пад дахам якога адпачываюць і ўзбагачаюцца цікавай інфармацыяй хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце 6-11 гадоў, займаюцца яны культурна-забаўляльнай дзейнасцю. Адкрыццё змены адбылося ўрачыста і ўзнёсла. Два атрады, у якіх незвычайныя назвы “Кока-кола” і “Мум-бэндс” займаюцца тут карыснымі справамі, а дапамагаюць ім акрамя выхавальнікаў Н.Уласюк, Н.Сцепанюк, Т.Журомскай і В.Міцковіч і кіраўнікі гурткоў “Папяровая пластыка” В.Кіслая, “Саломка” Т.Казлова, “Выяўленчага мастацтва” І.Рудкоўская і “Вясёлыя рытмы” С.Рай. Творчасцю, выдумкай, незабыўнасцю напоўнены кожны пражыты ў лагеры дзень.
У госці да дзетак з карыснай інфармацыяй (як пазбегнуць укусаў кляшчоў, як не трапіць пад увагу махляроў, злодзеяў, як паводзіць сябе ў экстрымальнай сітуацыі) прыходзілі ўрач-эпідэміёлаг райЦГЭ І.Байцун, спецыяліст прапаганды і ўаемадзеяння з грамадскасцю рай-аддзела надзвычайных сітуацый Л.Філіманюк і старшы інспектар адміністрацыйнай практыкі АДАІ РАУС У.Сарока.
У дзень нараджэння класіка рускай літаратуры Аляксандра Пушкіна хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі дзіцячую бібліятэку, дзе сталі ўдзельнікамі казачнага мерапрыемства і віктарыны. Пачутае і ўбачанае яны перанясуць на паперу на занятках у гуртку “Выяўленчага мастацтва”.
Знаёмства з народнай творчасцю прадоўжаць дзеці “Калейдаскопа” на турыстычнай сядзібе Шадрыных у Залуззі.
“Запланавана многа цікавых экскурсій, — паведала дырэктар аздараўленчага лагера Алена Скрыпка. — Гэта знаёмства з гадаванцамі Пятровіцкага лясніцтва, экспанатамі музея, які месціцца на тэрыторыі ПМК-19, паход на станцыю абезжалезвання, паездка на адну з пагранічных застаў Брэста. Тут дзяцей чакаюць цікавыя расказы пра дзейнасць аб’ектаў, сустрэчы з цікавымі людзьмі.
Адразу ў двух летніках пачалося азда-раўленне школьнікаў у трэцяй гарадской адзінаццацігодцы. Адзін з іх “Сонейка”, дзе бавяць летнія канікулы 85 чалавек, з дзённым знаходжаннем. Тут, акрамя адпачынку, аматары англійскай мовы аб’ядналіся ў лінгвістычны атрад і паглыбляюць свае веды. Заняткі вядзе педагог Вольга Леанідаўна Дзенісюк.
Кожны дзень жыцця ў летніку не абыходзіцца без прагулак на свежым паветры, гульняў, спартыўных спаборніцтваў, цікавых паездак. “Нашы выхаванцы пабывалі на экскурсіі ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ў Сяхновічах, у Жабінкаўскім аддзяленні Дэпартамента аховы, — расказала дырэктар лагера Таццяна Кунц. — Неўзабаве ў Пятровіцкае лясніцтва адправімся з дзеткамі, у Залуззеўскі Дом народнай творчасці.
Штогод у кругласутачным летніку “Непаседы”, які працуе паводле фізкультурна-аздараўленчага профілю, адпачываюць Дзяніс Мендзяльчук, Кірыл Кірыльчук, Марына Андрайчук і Аліна Котыш. Гэта і ёсць самая большая адзнака рабоце тых, хто тут працуе на карысць здароўя. Юныя спартсмены ўдзельнічаюць у выхаваўчым праекце “Мультландыя”. Акрамя выхавальнікаў плённа спартыўнай работай займаецца настаўнік Георгій Паўлавіч Шкурат, які паведаміў, што наперадзе выхаванцаў чакаюць малыя алімпійскія гульні, спаборніцтвы ў плаванні, наведванне аквапарка ў Кобрыне.
Запланавалі “Непаседы” і іншыя цікавыя мерапрыемствы, якія ўзбагацяць інтэлектуальны патэнцыял хлопчыкаў і дзяўчынак.
ПАЧАТАК летняга аздараўлення для многіх жабінкаўскіх дзяцей, бацькі якіх ці нехта адзін, працуюць у школах раёна і з’яўляюцца сябрамі прафсаюзнай арганізацыі, пачаўся з Малечскай санаторнай школы-інтэрната, якая знаходзіцца ў Бярозаўскім раёне. Дарэчы, упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і абкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі ўжо не першы год практыкуюць такое аздараўленне. Яно будзе доўжыцца 18 дзён, адпачываюць там 46 жабінкаўцаў. Хто пажадаў, усе атрымалі пуцёўкі. Дзеці сваім мамам дасылаюць эсэмэскі і тэлефануюць, дзе паведамляюць пра цікавае правядзенне канікулаў.
А мне застаецца толькі пажадаць хлопчыкам і дзяўчынкам, хто адпачывае ў летніках, быць здаровымі, дужымі, набрацца сіл, падрасці за лета, каб радасна сустрэць новы навучальны год.
Людміла КОСЦІНА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top